Со дня рождения писателя Змитрока Бядули 135 лет

Асобная мерка шчасця

Неацэнны ўклад у стварэнне і развіццё сучаснай беларускай літаратуры ўнёс паэт, публіцыст і празаік Змітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіч Плаўнік). Нарадзіўся ён 23 красавіка 1886 года ў мястэчку Пасадзец (цяпер вёска Лагойскага раёна) у беднай яўрэйскай сям’і. Успамінаю камандзіроўку ў Лагойскі раён ад «Сельской газеты», у якой доўгі час працаваў. Разам з вядомым журналістам Міколам Васьковым рыхтавалі сцюдзёнай зімою чарговы выпуск летапісу адзінаццатай пяцігодкі (усяго іх выйшла 117, па колькасці раёнаў, сёння на адзін, Дрыбінскі, больш). Яшчэ ў райкаме партыі (а як жа без яго?!) прыстаўлены да нас інструктар аддзела прапаганды і агітацыі Зміцер прапанаваў: «А давайце пачнем з... музея Змітрака Бядулі». — «Што, у іх ёсць такая ўстанова?» — пераглянуліся мы здзіўлена і з ахвотай пагадзіліся.


Гэта аказаўся музей Пасадскай сярэдняй школы. Прозвішча часовага экскурсавода цяпер не прыгадаю, затое перадаю яму (дай божа жывы) праз гады палкае прывітанне і вялікую падзяку. Пачэснаму земляку тут была прысвечана асобная цікавая частка. Асаблівую ўвагу прыцягнулі арыгінал першага пасмяротнага збору твораў, выдадзенага ў 1946 годзе, і бюст, які зрабіў і сам прывёз у вёску сябра класіка, наш вядомы скульптар Заір Азгур. З часам музей Пасадскай школы перавялі ў суседні Крайск, бо квітнеючае некалі мястэчка дажывае свой век: фундамент знішчанай хаты-пяцісценкі Плаўнікаў ды шыльдачка на будынку былой школы, куды прывёз нас сцюдзёнаю зімою інструктар райкама Зміцер...

Пасля даведаўся, што экспанаты ўпрыгожыла кніга «Успаміны пра Змітрака Бядулю», якая ўбачыла свет у 1998 годзе. І я, хоць і з вялікай цяжкасцю, усё ж знайшоў яе! Там надрукаваны і ўражанні Уладзіславы Францаўны, жонкі Купалы, якая піша, што пазнаёмілася з Бядулем у 1912 годзе, яшчэ да ягонага прыезду ў Вільню. Ужо тады Змітрок вылучаўся сярод маладых пісьменнікаў як надзвычай здольны і своеасаблівы лірык у прозе, глыбокі знаўца чалавечай душы. Многія з яго апавяданняў завучваліся моладдзю на памяць і перадаваліся з вуснаў у вусны. Мова чаравала сваёй мяккасцю і сакавітасцю, была вельмі блізкай да народа, адначасова высокакультурнай.

Калі Уладзіслава Францаўна прыйшла ў Вільні ў беларускую кнігарню на вуліцы Завальная, 7, то ўбачыла «маладога вельмі сарамлівага хлопца», якога акружылі яе знаёмыя. «Ён быў апрануты ў вясковую куртачку, паверсе — палярына (кароткая накідка на плечы. — Заўв. аўт.), а на галаве — нейкі смешны капялюш. Гэта надавала яму паўвясковы, паўгарадскі выгляд». Бядуля адразу стаў неад’емнай часткай віленскага беларускага асяроддзя. З Купалам ён сустрэўся ўпершыню ў 1913-м, калі той вярнуўся з Пецярбурга.

У 1921—1926 гадах Луцэвічы жылі з Бядулем на адной кватэры. Перш — на Савецкай вуліцы, у гістарычным доміку I з’езда РСДРП, а затым — на Правіянцкай, 35 (цяпер Захарава). Перад жонкай Купалы яшчэ больш раскрылася глыбокая душа Бядулі. «Ён быў вельмі просты, чулы і мяккі (за апошняе, дарэчы, Купала яго папракаў. — Заўв. аўт.). Часта сядзеў начамі і працаваў». Калі Уладзя гаварыла, што пара спаць, адказваў: маўляў, скончыць работу, потым пойдзе...

Пры падрыхтоўцы артыкула звярнуў увагу на такі факт. Асобныя вершы, напісаныя паэтам у 1909—1910 гадах, нідзе тады так і не надрукавалі. І сёння для мяне гэта зусім незразумела. Вось услухайцеся:

Начлежнікі пяюць.

Над вогнішчам туман.

А спеў — вясёлы сум.

А галасы — рачулкі.

Плывуць адтуль з кустоў,

з асрэбраных палян

Частушкі — як званкі, частушкі — 

як бразгулкі.

Прозвішча паэта пачало з’яўляцца ў друку ўсё часцей. А праз два гады у Пецярбургу, у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца», пабачыў свет зборнік лірычных мініяцюр у прозе «Абразкі», якія мела на ўвазе Уладзіслава Францаўна. Каб вы ўявілі іх змест, прывяду радкі толькі з імпрэсіі «Нашто мне»: «Кожнае слова маё — шчыры ўспамін убогай вёскі. Кожны радок маёй песні — малюнак перажыванняў гаротнага, простага беларуса. Хата мая не пад шнур будавалася, жыта маё прадаецца без вагі і меры — дабра свайго я нікому не шкадую...»

У 2016 годзе пайшоў з жыцця наш вядомы старэйшы літаратура­знавец Уладзімір Казбярук. Ён пераклаў на рускую мову «Клад» Змітрака Бядулі і стаў аўтарам цікавай, пазнавальнай прадмовы да «Выбраных твораў» класіка. Яны выйшлі ў «Беларускім кнігазборы» ў 2006-м. Казбярук трапна зазначае, што з паэзіяй вельмі цесна пераплятаецца публіцыстыка Бядулі.

Ствараў Бядуля і цікавую, запамінальную, эмацыя­нальную прозу. Многія ведаюць такія апа­вяданні, як «Пяць лыжак заціркі», «На Каляды к сыну», «Туляга», «Малыя дрывасекі». Мне найбольш запомніліся два першыя.

Спачатку пра зацірку. Вясной, калі ўсе прыпасы ўжо скончыліся, а шчаўя яшчэ няма, у вёсцы такая галадуха, што «нечым нават муху накарміць». У хаце ж сялянкі шмат дзетак і хворы, непрацаздольны муж. Гаспадыня выенчыла ў суседа фунт мукі (а гэта каля 460 грамаў) і, на вялікую радасць сям’і, зварыла на ва­дзе зацірку. У хаце свята! Як толькі пачалі есці, завітала суседка, якую жанчына запрасіла за стол. Дзеці з мужам — па лыжцы-другой, а яна — усе, што засталіся, пяць! І ўсе былі галодныя... «Шчасце, — адзначае аўтар, — не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце».

Альбо пра сына. Старая сялянка сабрала апошнія сілы і накіравалася ў горад яго праведаць. Той за час, што не бачыліся, стаў адвакатам, начальнікам і не пажадаў сустрэцца. Загадаў падначаленым адправіць яе адкуль прыехала... Гэтулькі гадоў прайшло, а мы ўсё ніяк не можам задумацца над чалавечай існасцю...

Аповесць «Салавей» (дарэчы, сучаснікі называлі Бядулю «беларускім салаўём»), аўта­біяграфічны твор «У дрымучых лясах», фантастычная аповесць-казка «Сярэбраная табакерка», раман «Язэп Крушынскі» і іншыя творы адметна ўзбагацілі нашу літаратуру, сталі яе надзейным здабыткам. У пісьменніка было шмат цікавых задумак і памкненняў, ды жыццё абарвалася ў 54 гады.

Паводле ўспамінаў брата Мацвея Плаўніка, надрукаваных у той жа кнізе, дзе і нататкі жонкі Купалы, у чэрвені 1941 года Змітрок знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Хойніцкім раёне. Вярнуўся ў Мінск, і разам з маці яны пайшлі да Барысава, а адтуль цягніком у Піжму Горкаўскай вобласці. Самуіл уладкаваўся ў мясцовую рэдакцыю. Праз доўгі час стала вядома, што сям’я ў вёсцы Старыя Бурасы на Саратаўшчыне. Там уз’ядналіся і паехалі ў Казахстан. Далей прывяду малавядомую інфармацыю. За 12 кіламетраў ад Уральска, на станцыі Семігаловы Арол, Бядуля выйшаў з іншымі з вагона размяць косці. Нечаканы гудок — і ён пабег з хворым сэрцам да свайго месца. Паступова стаў асядаць на зямлю... Апошняе, аб чым папрасіў жонку, — даць яму папяроску. Зрабіў некалькі характэрных зацяжак і замоўк. Назаўжды...

Пахаваць ва Уральску дапамагла трупа Коласаўскага тэатра, які знаходзіўся там з гастролямі. Наколькі ведаю, раней ішла гаворка пра перапахаванне класіка айчыннай літаратуры на Радзіме. На вялікі жаль, не атрымалася. Уральцы стварылі ў сябе выдатны музей, прысвечаны Бядулю. З экспазіцыямі я знаёміўся ў музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску.

Уладзімір БАРЫСЕНКА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter