Куды пайсці і што пабачыць у “Ноч музеяў - 2018”?

Асалода Ў цемры

«Ноч музеяў» — падзея, якая адбываецца ў многіх краінах свету з нагоды Міжнароднага дня музеяў, ён адзначаецца 18 мая. Адзін раз у год сотні «храмаў муз» расчыняюць свае дзверы для ўсіх, каму цікава ўбачыць іх багацці ў нязвыклы час сутак. Але агляд пастаянных калекцый — гэта адно, «Ноч музеяў» — яшчэ і адмысловыя тэатралізаваныя, забаўляльныя і культурныя дзеі, якія з кожным годам збіраюць усё больш прыхільнікаў. 

Не абмініце далучыцца да сёлетняй позняй прагулкі па выставачных залах. Прапануем некалькі музейных адрасоў, дзе 18 і 19 мая чакаюць наведвальнікаў-паўночнікаў.

З кожным годам акцыя «Ноч музеяў» збірае ўсё больш прыхільнікаў
Фота Віталя ГІЛЯ

Майскія метамарфозы

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны цэнтральнай падзеяй вечара 19 мая стане гульня «Метамарфозы». Яна пачнецца ў экспазіцыі ў 18.00. Рэкамендуемы ўзрост — 12+.

Удзельнікі будуць шукаць Захавальнікаў, каб даведацца пра тайну 12 метамарфоз — музейных прадметаў, гісторыя якіх звязана з пераўтварэннямі, а таксама выконваць іншыя заданні місіі на шляху да запаветнай узнагароды — прыза шукальнікаў. 

Галоўная інтрыга вечара раскрыецца ў 19.00 у зале № 8.Тут адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага музейнага прадмета. Якога? Страшэнная тайна. Яе ведае толькі дырэктар і захоўвае ў сакрэце ад усіх, нават ад супрацоўнікаў. 

Акрамя таго, у экспазіцыі і вакол музея адкрыюцца фотазона, інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы, караоке. У 20.00 гасцей запросяць пачаставацца салдацкай кашай. Завершыць святочную праграму ў 22.45 запуск паветраных шароў у начное неба каля стэлы «Мінск — горад-герой». 

Білеты: 10 рублёў — для дарослых, 8 рублёў — для студэнтаў, 5 рублёў — для школьнікаў.

Па 18 мая ўключна на ўваходны квіток можна атрымаць 50-працэнтную зніжку. Падрабязнасці — на сайце музея.

Сон на кургане з Вадзяніцамі

Ці памятаеце паэму класіка «Сон на кургане» з мноствам яе казачна-фантастычных персанажаў? 19 мая з 19.00 да 24.00 наведвальнікаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы запрашаюць стаць актыўнымі ўдзельнікамі аднайменнай містэрыі.

Толькі на адну ноч экспазіцыя ператворыцца ў чароўны лес, поўны міфічных істот і нечаканых, а таму цікавых здарэнняў, але, як высветліцца ў фінале, усё, што адбывалася, — толькі сон! Будзьце ўважлівыя: гасцей сустрэнуць Апівень, Дамавуха, Вадзяніцы, Лешакі і іншыя нячысцікі. Але сюрпрызы абяцаюць толькі прыемныя. Не абыдзецца і без падарункаў. 

З героямі беларускай міфалогіі ў віртуальнай рэальнасці пазнаёміць гульнёвая версія праекта LIPA.CLUB. Гледачы ўбачаць персанажаў, створаных па малюнках нашага знакамітага мастака Валерыя Славука. Чулі, напрыклад, пра Аржавеня, Бадзюлю, Баламуценя, Еўніка, Зазоўку? Дзе яны жылі і як адносіліся да людзей? Не? Знаёмства стане незабыўным! 

Не менш цікавай будзе і выстава з фондаў літаратурна-мемарыяльнага музея Міхаіла Булгакава. З Кіева, з дома № 13 на легендарным Андрэеўскім спуску, дзе пісьменнік жыў з 1906 па 1919 год, экспанаты да нас прывязуць упершыню і спецыяльна для музея Купалы. Гэта каля 120 арыгінальных прадметаў, звязаных з жыццём і творчасцю Булгакава: дакументы, фатаграфіі з сямейных архіваў, перапіска, кнігі — выдадзеныя і самвыд. 

Для начных наведвальнікаў прадугледжана тэматычная фотазона даўжынёй звыш 10 метраў. На «Кірмашы рамёстваў» можна будзе набыць на ўспамін сувеніры, а каля музея бясплатна паслухаць канцэртную праграму ў этнастылі. На ўсё астатняе толькі адзін раз у год, толькі на працягу адной ночы ўваходны білет каштуе толькі 1 рубель.

Шукальнікі прыгод 

У Музеі гісторыі горада М (чытай — Музеі гісторыі горада Мінска) таямніча знік каштоўны прадмет. На дапамогу запрашаюць усіх свядомых гараджан. Для таго каб выйсці на след выкрадальніка, неабходна сабраць доказы, якія ён пакінуў у сямі месцах у Верхнім горадзе: Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, Гарадской мастацкай галерэі Л.Д. Шчамялёва, арт-гасцёўні «Высокае месца», Мінскай гарадской ратушы, Археалагічным музеі, экспазіцыях «Карэтная» і «Мінская конка».

Адкуль пачынаць пошукі — кожны вырашае сам. Удзельнікам раяць узброіцца алоўкам, ручкай або пяром і падрыхтавацца да нечаканых сустрэч, містычных супадзенняў, выпадковых адкрыццяў. 

Тых, хто раскрые злачынства і знойдзе зніклы экспанат, чакае шчодрая ўзнагарода. Самыя першыя і спрытныя дэтэктывы адправяцца на рамантычнае «Спатканне на даху» ў 24.00. Узнагародай для ўладальніка другога месца стане ўнікальная магчымасць убачыць начны горад з вышыні вежы Мінскай ратушы. За трэцяе і чацвёртае месцы — сертыфікаты на бясплатныя экскурсіі па музеі. За пятае — сямейны білет на наведванне ўсіх экспазіцый музея.

Не спазняйцеся: пошукі ўнікальнага экспаната пачнуцца 19 мая ў 20.00.

Акрамя гіперквеста, гасцей чакаюць выступленні музыкантаў, выставы і наведванне пастаянных экспазіцый. Адзіны білет у сем музеяў каштуе 5 рублёў.

Гэта вам Гульні!

18 мая ў парадку выключэння штаб-кватэра Нацыянальнага алімпійскага камітэта расчыніць свае дзверы для ўсіх жадаючых. Запланавана чатыры экскурсіі працягласцю больш за гадзіну. Першая — у 19.00. Праўда, каб трапіць у Нацыянальны алімпійскі камітэт, трэба загадзя запоўніць заяўку на сайце noc.by.

Госці бясплатна наведаюць Алімпійскі музей, які фактычна з'яўляецца найбуйнейшай тэматычнай экспазіцыяй краіны. Там прадстаўлена гісторыя развіцця алімпійскага руху ў Беларусі. Асаблівае месца адведзена падрыхтоўцы краіны да II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. У акцыі прымуць удзел знакамітыя нашы спартсмены, яны раскажуць гісторыю сваіх перамог, што дазволіць яшчэ глыбей акунуцца ў атмасферу Алімпійскіх гульняў.

Цуды трынаццатай ночы

Нацыянальны гістарычны музей прымае ўдзел у міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» у трынаццаты раз, менавіта таму 19-га ў яго сценах будуць адбывацца трохі незвычайныя з'явы. Так, напрыклад, ілюстрацыі неверагоднага Сальвадора Далі да «Боскай камедыі» Дантэ Аліг'еры на вачах гледачоў чароўным чынам перанясуцца на чалавечыя целы і будуць адлюстроўваць заганы пекла і дабрачыннасці раю. За сімвалічную плату ахвотнікі змогуць купіць чароўны сон, сэнс якога раскрые дасведчаны тлумач. Наведвальнікі, якія атрымалі на выставе абутку самотны чаравічак, паспрабуюць сярод сотняў людзей адшукаць пару. 

Вітаўт і Ягайла прапануюць нам пагуляць з імі ў косці, а першабытны чалавек — расшыфраваць піктаграмы. З рук загадкавага гандляра можна будзе атрымаць «безыменную» кнігу, выканаўшы нескладанае заданне.

Кошт квіткоў — ад 9 да 17 рублёў для розных катэгорый насельніцтва.

Панадворак музея па добрай традыцыі будзе працаваць бясплатна. Гасцей чакае канцэрт з удзелам гуртоў Nite Nite Nite, Combo Colombo, Jingle Band. А таксама кірмаш падарункаў ручной работы «Гарошак-маркет», фотазоны, духмяная кава. Для аматараў сучаснага мастацтва — пункт продажу дызайнерскіх маек Уладзіміра Цэслера.

Уся справа ў колеры

Нацыянальны мастацкі музей 19 мая запрашае пранікнуць у насычанасць каляровага спектра. Як звычайна, падчас такіх мерапрыемстваў будуць задзейнічаны ўсе памяшканні музея, нават прыбудовы — усяго 14 лакацый, дзе колер прадстаўляе не толькі важныя ідэі, але і становіцца вядомым абліччам кожнай пляцоўкі. Вядома ж, усё пачынаецца з «Паглыблення ў колер», паступова наведвальнікі зведаюць розныя адценні, паўдзельнічаюць у эксперыментах. Прыемнай нечаканасцю абяцае стаць сустрэча з заслужанай артысткай Беларусі Аксанай Волкавай. Прычым як наяве, так і на мастацкім палатне, намаляваным Мікалаем Кірэевым. Наогул музыкі ў той вечар будзе шмат, прычым не толькі опернай, будзе і соўл, і электронныя гукі і г.д.

Білет для дарослых — 10 рублёў, для школьнікаў і студэнтаў — удвая танней.

Спачатку паланэз, а потым рок

Хэдлайнерам свята ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж» стане гурт J: МОРС. Яго незвычайны канцэрт пачнецца ўвечары 19 мая, але ёсць нагода прыехаць туды раніцай. «Майскія сустрэчы ў пакоях радзівілаўскага палаца» пачнуцца ў 10 гадзін. Калі яшчэ Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка, Міхаіл Казімір Радзівіл Рыбанька і Антоній Вільгельм Радзівіл, якія ў розныя часы валодалі гэтай тэрыторыяй, павядуць нас па сваіх залах і раскажуць пра таямніцы сваёй сям'і? Абяцаюць, што знатныя асобы навучаць танцаваць паланэз усіх жадаючых. І ўсё гэта ўсяго за 16 рублёў для дарослых і за 8 — для дзяцей і студэнтаў. Прыемны бонус — бясплатнае наведванне выставы «Чвэрць стагоддзя», прысвечанай юбілею музея.

Бліжэй да вечара свята выйдзе за межы замка. Перш на валах пачнецца інтэрактыўнае шоу з удзелам інструментальнай групы PALLADIUM Electric Band, але будзе і доўгачаканы J: МОРС. Уладзімір Пугач і яго каманда назвалі праграму «Натхненне — Нясвіж» і запрасілі да ўдзелу акцёра тэатра і кіно Паўла Харланчука і фатографа Аляксандра Канатопа. Сюжэт канцэрта не раскрываюць, але абяцаюць прыемны сюрпрыз і добры настрой. Кошт квітка — 20 рублёў. Дарэчы, з такой нагоды з Мінска ў Нясвіж будзе курсіраваць дадатковы аўтатранспарт.

svirko@sb.by

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter