Тэлебачанне па-ранейшаму па сваёй папулярнасці пераўзыходзіць іншыя СМІ

Асаблівасці інфармацыйнай прасторы

Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, зусім не інтэрнэт з’яўляецца самай папулярнай крыніцай атрымання інфармацыі


Міністр інфармацыі Лілія Ананіч на сустрэчы з журналістамі

Паводле дадзеных Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, тэлебачанне па-ранейшаму па сваёй папулярнасці пераўзыходзіць іншыя СМІ. Яму аддаюць перавагу больш за шэсцьдзясят працэнтаў жыхароў краіны. Паказальны і той факт, што ўзровень даверу да беларускіх каналаў значна вышэйшы, чым да расійскіх або іншых замежных. Але гэта не падстава спачываць на лаўрах. У гэтай сферы таксама ёсць да чаго імкнуцца.

— Новыя тэхналагічныя магчымасці дыктуюць і новыя падыходы ў развіцці тэлевяшчання, — лічыць Міністр інфармацыі Лілія Ананіч. — Па сутнасці, тэлебачанне — гэта ўжо не толькі тэлеэкран, гэта і кабель, і спадарожнік, і мабільныя платформы, і JPTV, і яшчэ добры дзясятак найноўшых тэрмінаў. Таму ў стратэгіі развіцця нацыянальнага тэлевяшчання на перыяд да 2020 года галоўным прыярытэтам павінна стаць тэхналагічная трансфармацыя.

Сур’ёзныя змены павінны адбыцца і ў рабоце друкаваных СМІ. Яны перш за ўсё павінны развіваць мультыме­дыйны складнік сваёй дзейнасці, распаўсюджваць кантэнт па разнастайных каналах інфармацыі, інтэгравацца з рознымі медыяплатформамі. У гэтым плане прыкладам можа служыць работа буйнейшага медыяхолдынга “СБ — Беларусь сегодня”. Ён не толькі актыўна развівае свой інтэрнэт-рэсурс, але і працуе без прыцягнення бюджэтных субсідый.

Радуе, што і большасць рэгіянальных газет ужо не лезуць у кішэню бюджэту. Па выніках года з прыбыткам спрацавалі 94 раённыя рэдакцыі. Але ў той жа час ёсць і такая тэндэнцыя: назіраецца паніжэнне тыражоў. Добрай падмогай у гэтым плане, лічаць удзельнікі выніковай калегіі Міністэрства інфармацыі, можа стаць больш шчыльнае пранікненне газетнага кантэнту ў сацсеткі, якімі цяпер асабліва актыўна карыстаецца моладзь.

Сур’ёзную заклапочанасць міністра выклікае работа паліграфічных арганізацый, якія выпускаюць кніжную прадукцыю. У параўнанні з 2014-м колькасць выпушчаных выданняў скарацілася на 11,5 працэнта, а сукупны тыраж — на 31 працэнт. Няўхільна працягваюць зніжацца і аб’ёмы аддрукаванай кніжнай прадукцыі (сукупны лістаж). Шмат у чым гэта звязана з пераарыентацыяй чытацкай аўдыторыі на новыя IT-тэхналогіі. Па гэтай прычыне ў планах на бліжэйшую будучыню аптымізацыя дзяржаўных паліграфічных магутнасцяў. Гэты крок будзе ўвязаны з мадэрнізацыяй вытворчасці, а таксама эфектыўным выкарыстаннем будынкаў і збудаванняў.

У цэлым дзейнасць Міністэрства інфармацыі намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Качанава ацаніла станоўча, адзначыўшы, што пэўныя праблемы існуюць. На яе думку, рынак СМІ ў краіне даволі шырокі для атрымання аб’ектыўнай інфармацыі.

Мінулы год Міністр інфармацыі Лілія Ананіч назвала знакавым. СМІ актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх дзяржаўных працэсах і найважнейшых мерапрыемствах. Журналісты змаглі знайсці правільны тон, паказаць дасягненні краіны за апошняе дваццацігоддзе ў поўным аб’ёме. І на бліжэйшыя пяць гадоў задача застаецца нязменнай: трэба прыкладаць намаганні для развіцця моцнай і сацыяльна арыентаванай краіны.

СМІ трэба яшчэ больш эфектыўна працаваць па галоўнай тэме — кантэнце, лічыць Лілія Ананіч. Гэта распаўсюджваецца на мультымедыйную прастору, кінапрастору, тэлебачанне.

Аляксандр Піменаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter