Якія праблемы наспелі ў сферы турызму напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў

Арыя замежнага госця

Да другіх Еўрапейскіх гульняў засталося менш за два гады. Падрыхтоўка да iх ужо iдзе поўным ходам. Не выключэнне  i гасцiнічная сфера. З якiмi праблемамi могуць cутыкнуцца яе прадстаўнікі і госці нашай краіны, і як пазбегнуць вялiкай часткі складанасцей, даведалася карэспандэнт «Р».


Засталося менш за два гады да другіх Еўрапейскіх гульняў. Але сфера гасціннасці ўжо разважае, як больш эфектыўна выкарыстоўваць падзею для прываблівання iншаземцаў. Іх, па ацэнцы старшыні Саюза туріндустрыі Піліпа Гулага, чакаецца каля 10 тысяч чалавек. У гэтую лічбу ўваходзяць не толькі аматары спорту, але і спартсмены, іх сем'і, суддзі, афіцыйныя дэлегацыі. Прыкладна столькі ж гасцей было і ў Баку падчас першых Гульняў.

Чакаем суседзяў

Зразумела, што геаграфія прыездаў у нашым выпадку будзе выглядаць інакш.

— Калі правесці профільную работу па ўзаемадзеянні з фан-клубамі і асацыяцыямі, я б зрабіў стаўку на прыцягненне менавіта нашых суседзяў да ўдзелу. Маю на ўвазе дзве прыгранічныя прыбалтыйскія краіны — Літву, Латвію, а таксама Польшчу. Вось на гэтых краінах я б сканцэнтраваўся максімальна. У рабочых групах абмяркоўваецца прамое ўзаемадзеянне з нашым Міністэрствам замежных спраў, яны выказваюць поўную гатоўнасць. Але, акрамя гатоўнасці, пакуль незразумелы механізм. Як канкрэтна мы будзем прасоўваць, папулярызаваць Еўрагульнi, каб турыст, заўзятар змог скарыстацца прапановай і прыехаць? Гэтага механізма на сённяшні дзень яшчэ няма, — збянтэжаны праблемай Гулы.

У Саюзе туріндустрыі прапануюць стварыць свой аналаг міжнароднай сістэмы браніравання
Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

У той жа час ён не скрывае: хацелася б колькасць гасцей па факце перавысіць на 25—30% ад той, што была ў Баку.

Ёсць і яшчэ адно пытанне, якое адносіцца да Еўрапейскіх гульняў. У Саюзе турiндустрыi прапануюць паклікаць на дапамогу замежнікам не валанцёраў, а студэнтаў профільных ВНУ, каб яны напрацоўвалі вопыт. Заадно і крыху падзарабілi. Як варыянт — плаціць пагадзінна, напрыклад, памочнікам гідаў.

Працэнты пакінуць сабе
Піліп ГУЛЫ

І, мабыць, самая цікавая прапанова ад маладога саюза — стварыць да 2019 года свой аналаг Booking.com для браніравання гасцініц. Хоць бы таму, што сродкі размяшчэння павінны выплачваць міжнароднаму сэрвісу камісійнае ўзнагароджанне ў валюце. Сваю пазіцыю ў саюзе аргументуюць наступным чынам:

— Гэта фактычна замежная юрыдычная асоба, якая атрымлівае досыць высокія працэнты ад нашых аб'ектаў размяшчэння. Гэта значыць камісія, роўная 15—20%, у жывым валютным выглядзе сыходзіць у Амстэрдам, чаго, зразумела, не хацелася б. Улічваючы магчымасці нашых IT-спецыялістаў, упэўнены, што ў краіне на працягу некалькіх гадоў з'явіцца ўласная нацыянальная платформа. Будзе яна дзяржаўная або дзяржаўна-прыватная, не ведаю. Але ўпэўнены, што яна зможа акумуліраваць усе прапановы на гасцінічным рынку і эфектыўна размяркоўваць квоты месцаў. Менавіта з гэтай платформы продаж паслуг ішоў бы ў іншыя сусветныя каналы, уключаючы Booking.com і іншыя сістэмы, але ўжо з узнагародай ім не 20, а 3—5%. Гэта дапамагло б захаваць значную частку валютнай камісійнай выручкі ў краіне і пры гэтым прысутнічаць у сусветных сістэмах браніравання.

Студэнты профільных ВНУ маглі б напрацоўваць вопыт зносін з турыстамі
Фота Віталія ПІВАВАРЧЫКА

Дарэчы, у гэтай ідэі знайшліся і апаненты. Маўляў, навошта ўкладваць грошы і ствараць яшчэ адну нацыянальную сістэму браніравання, калі такая ўжо ёсць? Гаворка ідзе аб платформе браніравання турпаслуг vetliva.by, якую прэзентавалі вясной гэтага года. Так, пакуль сістэма напаўняецца, канкурэнцыю букінгу яна не ў сілах скласці. Можа, варта ўкласці сілы і сродкі ў развіццё, удасканаленне і прасоўванне гэтага варыянта? Бо на стварэнне сайта з нуля сыдзе каштоўны час. Як бы не аказалася, што чаканага эфекту да Еўрапейскіх гульняў не атрымаюць ні распрацоўшчыкі новага прадукту, ні стваральнікі ўжо наяўнага.

Фота Віталія Піваварчыка

Зніжкі — пастфактум

Закрануў Пiлiп Гулы і яшчэ адну праблему, якая б'е па рэпутацыі турсферы. Паводле яго слоў, з 50 мінскіх гасцініц толькі лічаныя паспяваюць своечасова дасылаць інфармацыю аб спыненні продажаў і паведамляць пра тое, што ў іх мяняюцца цэны.

— Фактычна туркампаніі атрымліваюць цэны, якія ледзь ніжэй за тую, што прапануецца на стойцы reception. Затым турфірмы перапрадаюць месцы ў гатэлях далей, зарабляючы на гэтым некалькі працэнтаў. Для канчатковага спажыўца цана застаецца такой, як калі б ён сам патэлефанаваў у гасцініцу. Але бывае, што падчас візіту турыста адбываецца акцыя ці зніжкі. І госць разумее, што ён пераплаціў за нумар. Гэта абуральная сітуацыя, гэта парушэнне дзелавой этыкі. І прайграе не столькі наша туркампанія, колькі яе партнёры за мяжой, куды кліенты не хочуць больш звяртацца, лічачы іх ашуканцамi. Ну а наша рэпутацыя таксама застаецца падмочанай.

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter