Арыфметыка пастаўскіх ільнаводаў

У ВІЦЕБСКАЙ вобласці, згодна з праграмай развіцця льняной галіны рэспублікі на 2013—2015 гады, прадугледжана мадэрнізацыя двух заводаў. У тым ліку Пастаўскага. Аднак тут, побач са старым, фактычна з «нуля» ўзводзіцца абсалютна новае прадпрыемства.

Адной толькі рэарганізацыяй вытворчасці ільнаводчую галіну не падняць, сцвярджаюць у ААТ «Пастаўскі льнозавод»

У ВІЦЕБСКАЙ вобласці, згодна з праграмай развіцця льняной галіны рэспублікі на 2013—2015 гады, прадугледжана мадэрнізацыя двух заводаў. У тым ліку Пастаўскага. Аднак тут, побач са старым, фактычна з «нуля» ўзводзіцца абсалютна новае прадпрыемства.

Па «ленце» – у Італію!

Перш чым расказаць, што ж сабой будзе ўяўляць новы завод, раскажам пра стары. Ён  пабудаваны  ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Нягледзячы на такі паважаны «ўзрост», і на сённяшні дзень лічыцца адным з лепшых у сваёй галіне.

Дырэктар Пётр Скурко пагадзіўся правесці для нас невялікую экскурсію. Калі ішлі па тэрыторыі, то кінуліся ў вочы запоўненыя льнотрастой многія шохі. Звычайна да гэтай пары на большасці льнозаводаў яны пусцеюць, і прадпрыемствы амаль на ўсё лета, да паступлення новай сыравіны, становяцца на рамонт.

— Мы нарыхтавалі летась 4600 тон сыравіны, — паведаў кіраўнік. — З іх 2600 тон — сваёй. Яе хопіць да восені, і спыняцца на рамонт не думаем. Трэба зарабляць грошы на будоўлю новага завода.

А ў тым, што гэта рабіць тут умеюць, давялося неўзабаве пераканацца. Акрамя галоўнай вытворчасці, выпуску льновалакна на двух паточных лініях, наладжаны падсобныя промыслы.

Спыняемся ля высачэзнага, аж пад столь агрэгата, з гарлавінкі якога няспынным ручайком бяжыць вузенькая стужка серабрыстага льновалакна.

— Чосаная лента, — тлумачыць Пётр Скурко. — Выпускаем яе з кароткага валакна, якое на камбінатах прымаюць неахвотна і амаль за бясцэнак. А чосаную ленту прадаём на экспарт у Італію і атрымліваем валюту. Толькі летась — 136 тысяч долараў.

На яшчэ адной лініі з-пад стану прэса выходзіць шырокае, тоўстае, з палец, палатно накшталт ваціну. Яно — выдатны матэрыял пры будоўлі дамоў з дрэва. Палоскі такога «ваціну» кладуць у адзін ці два слаі паміж бярвеннямі, што выдатна замяняе іншыя матэрыялы, і плюс — экалагічна чысты прадукт!

Гэта не адзіныя прыклады пераапрацоўкі на месцы кароткага валакна. З яго тут робяць вяроўку, кабалку каналізацыйную і водаправодную і іншае.

Ёсць на заводзе цэх па пашыву спецадзення: касцюмаў, куртак, халатаў. За месяц цэх выдае толькі касцюмаў для механізатараў больш 200 штук.

У чытача можа ўзнікнуць законнае пытанне: «Калі ўсё так добра, то навошта тады тая мадэрнізацыя? Навошта выкідваць на яе мільярды рублёў?»

Адказ ляжыць на паверхні. Хоць летась завод спрацаваў і прыбыткова, але прыбытак той мізэрны — усяго 50 мільёнаў рублёў. Галоўная прычына — невялікая доля выпуску доўгага валакна: каля 20-ці працэнтаў у агульным аб’ёме. А што гэта значыць, яскрава сведчаць цэны. Адна тона доўгага валакна сярэднім нумарам 12 на РУПТП «Аршанскі льнокамбінат» каштуе  9 мільёнаў 50 тысяч рублёў, а кароткага сярэднім № 4 — 5 мільёнаў 20 тысяч рублёў, або амаль у два разы танней. Розніца 4 мільёны 30 тысяч толькі на адной тоне. Калі палічыць, што завод выдае за год каля 700 тон кароткага валакна, то страты — відавочныя.

Вось чаму адзіны выхад — мадэрнізацыя, бо на абсталяванні, якое стаіць сёння на заводзе, істотна паправіць сітуацыю немагчыма. Таму і закуплена новая бельгійская лінія «Vanhauwaert» якраз для вырабу доўгага валакна. Тады выхад доўгага валакна павінен узрасці да 50 працэнтаў.

Пад новую лінію – новы завод!

Якраз на майскія святы паступіла абсталяванне новай лініі. Яго па-гаспадарску схавалі пад шохамі, бо манціраваць пакуль што няма дзе. Работнікі БУ-126 ААТ «Будаўніча-мантажны       трэст     № 16 г. Наваполацка» зрабілі толькі каркас будучага цэха. У дзень нашага наведвання прадпрыемства, а было гэта 2 мая, на будоўлі назіралася зацішша.

— Не адкрыта крэдытная лінія на гэты год на 96,4 мільярда рублёў, — патлумачыў сітуацыю дырэктар ААТ «Пастаўскі льнозавод» Пётр Скурко. — Была затрымка за экспертызай. Давялося ўдакладняць бізнес-план. Але ўсё ўжо зроблена, і думаю, пытанне вырашыцца і работы працягнем.

Акрамя галоўнага корпуса, будуць узведзены 3 шохі для захоўвання сыравіны, новая кацельня, вагавое памяшканне, лабараторыя.

Завод мадэрнізуецца на сродкі прадпрыемства. Канкрэтней, на крэдыты банка. Летась толькі на абсталяванне ўзята 28 мільярдаў рублёў. У выніку на працэнты набралася доўгу 6 мільярдаў рублёў. Працэнты гэтыя абяцана пагасіць з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, але пакуль што ніводнага рубля не паступіла.

Другое і не менш важнае пытанне — сыравіна. Новая бельгійская лінія разлічана на выпрацоўку як мінімум 10 тысяч тон ільнотрасты. Да гэтага сама болей нарыхтоўвалі 5 тысяч. А таму пашырана зона сыравіны пастаўчан з разлікам на новае прадпрыемства: 500 і 800 гектараў ільну для іх запланавана пасеяць адпаведна ў Шаркоўшчынскім і Докшыцкім раёнах, 350 — у сваім. Ну і самі завадчане давялі ўласны клін даўгунцу да 1050 гектараў.

Аднак мала яшчэ пасеяць шмат гектараў. Трэба атрымаць добры ўраджай, якасную сыравіну. А гэта не менш складаная задача, чым пабудаваць завод.

Першы экзамен у полі вытрыманы

І экзамен гэты — сяўба. Задача тым больш ускладнялася, што вясна надта запазнілася, а ў вызначаныя тэрміны хочаш не хочаш, а патрэбна было ўкласціся. Пастаўчане, да іх гонару, справіліся. Сяўба закончана на тысячагектарнай плошчы да сярэдзіны мая.

У гэтыя гарачыя для іх дні давялося пабываць на палях разам з галоўным аграномам Іванам Машлякевічам. Усюды былі заўважаны добрая арганізацыя працы і дакладная вытрымка тэхналогіі. Глеба рыхтавалася культыватарамі ў два сляды. Уносілася неабходная колькасць мінеральных угнаенняў, амафосу, калію. На заводзе ёсць свая льносемстанцыя, што дазваляе рыхтаваць уласнае насенне высокіх гатункаў. Амаль палова яго — замежных сартоў: такіх як «сюзанна», «алізэ», «дракар». З іх, як паказала практыка, лепшы выхад ільновалакна. Добра зарэкамендавалі сябе і нашы — «васілёк», «пралеска», «блакіт».

Вялі сяўбу самыя вопытныя механізатары Дзмітрый Скурацёнак і Аляксандр Шыкуць. Хлопцы разумелі, што ад іх работы ў многім залежыць лёс ураджаю. А па-другое, быў і добры матэрыяльны стымул: пасееш 30 гектараў — атрымай паўмільёна рублёў! Хлопцы засявалі да 40!

Парадавалі мясцовыя рацыяналізатары. Яны прыдумалі, як запраўляць сеялкі механізавана: насенне затарывалася ў спецыяльна пашытыя вялікія мяшкі, у кожны — да тоны. На машыне «МАЗ» Уладзімір Зарэцкі завозіў іх у поле, і потым пагрузчыкам «Амкадор» яны дастаўляліся да сеялкі. Аперацыя займала ўсяго 3 хвіліны. Пры ручной загрузцы — да паўгадзіны. Улічваючы, што загрузак было дзесьці 6, то толькі на адной сеялцы эканомілася да 3 гадзін! Вызваляліся і рабочыя, 2 чалавекі, занятыя даволі цяжкай працай. Не стаяў без справы ў перапынку паміж загрузкамі пагрузчык «Амкадор». Практыкант Гарадоцкага сельскагаспадарчага каледжа Аляксандр Пісарчык, які працаваў на ім, замяняў «лапы» машыны на коўш і ехаў збіраць камяні.

Напачатку сяўбы сур’ёзная паломка надарылася ў адным пасяўным агрэгаце ААТ «Лідаграмаш». Праўда, агрэгат быў на гарантыі, і, да гонару лідчан, яны прыехалі і замянілі няспраўную секцыю. І ўсё ж тры дні былі страчаны. Падобнае было і летась. Між тым гарантыя сёлета на дадзены агрэгат канчаецца…

У гэтым годзе льнаводы завода разлічваюць атрымаць не менш 12 цэнтнераў ільновалакна з гектара. Летась было 9. І, па ўсёй верагоднасці, свайго даб’юцца, таму што яны правялі сяўбу ў аптымальныя тэрміны, якасна, і тэхнікі дастаткова для ўборкі ўраджаю. Непакоіць іншае: ці змогуць даць высокі нумар ільнотрасты гаспадаркі таго ж Докшыцкага раёна? Шчыра кажучы, асаблівага стымулу ў іх няма: прадпрыемства да сённяшняга дня не разлічылася з імі яшчэ за мінулагоднюю прадукцыю. Вінавата 1,5 мільярда рублёў. Справа ў тым, што летась на нарыхтоўку льнопрадукцыі льнозаводы не крэдытаваліся, і здатчыкам даводзіцца чакаць, пакуль перапрацуюць іх ільнотрасту.

Дарэчы, а што будзе са старым прадпрыемствам? Яго зачыняць?

— Ні ў якім разе, — гаворыць дырэктар Пётр Скурко. — На новай лініі мы будзем вырабляць валакно з лепшай льнотрасты, ад № 1,25 да № 2,5. А на старым — з горшай, ад №1 і ніжэй. Там жа ў нас размешчаны і падсобныя промыслы. Мы плануем і надалей пашыраць больш глыбокую пераапрацоўку сыравіны. Праўда, стары завод будзе працаваць толькі ў адну змену.

Новы корпус завода з бельгійскай лініяй па выпрацоўцы доўгага валакна павінен даць прадукцыю ўжо ў верасні гэтага года з новага ўраджаю!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter