Народная артыстка Беларусі, уладальніца «Крыштальнай Паўлінкі» Вольга Клебановіч стварае ўражанне паспяховага лідара

Артыстка, якая лечыць душы

Народная артыстка Беларусі, уладальніца «Крыштальнай Паўлінкі» Вольга Клебановіч стварае ўражанне паспяховага, мэтанакіраванага лідара. Пра вытокі ўнутранай сілы лепш, чым яна сама, не скажаш: «Я як лялька-неваляшка: чым мацней абставіны прыгінаюць мяне да зямлі, тым адчайней я падымаюся і, як барон Мюнхгаўзен, за валасы выцягваю сябе».

Вольга рана засталася без бацькі. Гадавалі яе мама і бабуля з дзядулем. Дзяцінства прайшло ў мястэчку Грэск недалёка ад Слуцка. Яна ўмее і агарод палоць, і бульбу са-джаць, і рыбу лавіць, і грыбы збіраць. Заўсёды любіла спяваць і танцаваць, удзельнічала ў школьнай самадзейнасці. У Мінск, да мамы, якая аднаўляла пасляваенны горад, пераехала вучыцца пасля сёмага класа. Марыла стаць урачом або артысткай. Стала артысткай, лечыць душы.

У Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут паступіла ў 1962 годзе на акцёрска-рэжысёрскі курс Уладзіміра Андрэевіча Маланкіна, вучылася разам з Валерыем Раеўскім, Барысам Луцэнкам. Вядомасць прыйшла да яе ў раннім юнацтве: у часопісе «Огонек» была апублікавана вялікая фатаграфія з подпісам «Мін-чанка, студэнтка Вольга Клебановіч». Для другакурсніцы гэта было як высокае званне. Пасля гэтага лісты з усёй краіны ішлі бясконцым патокам. Творчы шлях абяцаў быць пераможным. У 1966 годзе (Вольга ўжо заканчвала інстытут)  тэатральная грамадскасць пляткарыла пра тое, што яе бяруць  у Купалаўскі на ролю Паўлінкі. Але па незразумелых прычынах кіраўніцтва тэатра «забылася адправіць запыт», і маладая актрыса вымушана была пагадзіцца паехаць у Гродна. Калі разгубленая выпускніца стаяла пад лесвіцай роднага інстытута і плакала, яе ўбачыў выдатны акцёр Рускага тэатра, адзін з лепшых педагогаў, які выхаваў цэлую плеяду карыфеяў беларускага тэатра, — Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў (яго памятаюць па ролі фон Каўніца ў фільме «Гадзіннік спыніўся апоўначы»): «Калі б у мяне быў свой тэатр, я б абавязкова запрасіў цябе ў трупу, але, павер, сапраўднае мастацтва — у правінцыі».

Дзяўчына паехала ў Гродна. Год праляцеў непрыкметна. Але яшчэ на выпускных экзаменах Вольгу Клебановіч запрыкмецілі ўплывовыя акцёры Рускага тэатра Юрый Сідараў і Зоя Асмалоўская. Яны і пераканалі тагачаснага дырэктара тэатра запрасіць «маладую гераіню» ў Мінск. Тут, у першым жа спектаклі «Шчыт і меч», яе заўважыла Аляксандра Клімава і ўзяла пад сваю апеку. Сённяшняя Вольга Клебановіч, мне думаецца, пачалася з таго, што масцітая актрыса, як эстафетную палачку, перадала ёй сваю «каронную» ролю Нілы Сняжко ў спектаклі «Барабаншчыца». Тэатралы памятаюць гэты спектакль, калі першы акт іграла Клімава, а другі — Клебановіч. Абедзве актрысы сядзелі ў адной грымёрцы, дзе і цяпер размяшчаецца народная артыстка Беларусі і дзе вісіць партрэт яе настаўніцы — народнай артысткі СССР.

Па-сапраўднаму першая галоўная роля была ў спектаклі «Дур-нічка» Лопэ дэ Вега, і далей — доўгі шчаслівы акцёрскі лёс.

Вольга Міхайлаўна ніколі не ся-дзела без працы. У яе творчай скарбонцы — гераіні Астроўскага і Дастаеўскага, Чэхава і Горкага, Шылера і Брэхта, Купалы і Быкава, Адамовіча і Дударава. Яна свабодна асвойвае розныя жанры — ад лёгкай камедыі да псіхалагічнай драмы, выбіраючы ролі на пераадоленне, на разуменне новага характару. Абаяльная ў жыцці, актрыса не баіцца на сцэне быць непрыгожай і смешнай. Гратэск і самаіронія — яе ўпадабаныя фарбы. Нярэдка сыграныя ёю ролі становяцца тэатральным «хітом» сезона: падзейныя поспехі цяперашняга рэпертуару — Эсфір у аднайменным спектаклі па п’есе Л. Уліцкай і Ханума ў «Выхадках Ханумы» А. Цагарэлі. 

Характар у актрысы моцны, незалежны. Як сказала пра яе адна з вядучых і паважаных актрыс тэатра: «Вольга розная, яна як ртуць: быццам і падатлівая, але метал».

У тэатры да Вольгі Міхайлаўны цягнецца моладзь, успрымаючы яе спектаклі, яе заўвагі, размовы з ёю — як майстар-класы. Яна ўмее сябраваць. Круг сяброў і прыяцеляў у яе вельмі шырокі: архітэктары, інжынеры, урачы, акцёры. 

У сям’і — клапатлівая мама дваіх дзяцей, любячая бабуля. Яна годна і стойка пераносіла беды, якія выпадалі на яе долю.

На жаль, патэнцыял і яркую індывідуальнасць актрысы недастаткова бачаць нашы кінематаграфісты. А вось Валерый Тадароўскі заўважыў. У фільме «Палюбоўнік» у Клебановіч яркі эпізод з Алегам Янкоўскім. І ў тэлесерыяле «Адліга» рэжысёр таксама знайшоў магчымасць зняць яе. Ад «кінаняўвагі» айчынных пастаноўшчыкаў Вольга Міхайлаўна не пакутуе, а ад здымак у расійскіх тэлесерыялах не адмаўляецца: «Гэта ж любімы жанр многіх хатніх гаспадынь, значыць, прамая дарога да сэрцаў гледачоў». Вось і ў рэкламе «Бабуля Аня» пагадзілася ўдзельнічаць. Калегі жартуюць: чароўнасць актрысы значна паўплывала на грашовую выручку ад продажу мукі і пельменяў у многіх супермаркетах краіны.

Але тэатр — галоўнае для яе. Там кіруюць сумленне і талент.

Нэлі Крывашэева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter