“Артыст”, які не...

выходзіць на паклон. Пасля кожнага спектакля акцёры купаюцца ў авацыях. Ён жа не выходзіць на паклон. “НГ” вырашыла нарэшце вывесці з-за кулісаў і гэтага “артыста”. Знаёмцеся: народны мастак Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны Барыс Герлаван. Амаль паўстагоддзя ён з’яўляецца галоўным мастаком Купалаўскага тэатра, дзе аформіў ужо больш за 70 п’ес. Наогул Барыс Герлаван — аўтар сцэнаграфіі каля 100 спектакляў у Беларусі (у Мінску, Брэсце, Гомелі) і за мяжой (ва Украіне, Расіі, Польшчы, Эстоніі, Славеніі, Паўночнай Ірландыі).

Пасля кожнага спектакля акцёры купаюцца ў авацыях. Ён жа не выходзіць на паклон. “НГ” вырашыла нарэшце вывесці з-за кулісаў і гэтага “артыста”. Знаёмцеся: народны мастак Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны Барыс Герлаван. Амаль паўстагоддзя ён з’яўляецца галоўным мастаком Купалаўскага тэатра, дзе аформіў ужо больш за 70 п’ес. Наогул Барыс Герлаван — аўтар сцэнаграфіі каля 100 спектакляў у Беларусі (у Мінску, Брэсце, Гомелі) і за мяжой (ва Украіне, Расіі, Польшчы, Эстоніі, Славеніі, Паўночнай Ірландыі).

З мультыплікацыі — у тэатр

Кабінет Барыса Герлавана знаходзіцца пад самым дахам тэатра. Пэўна, для таго, каб ніхто не перашкаджаў творчасці. У дзень нашага візіту Барыс Федасеевіч быў заняты дапрацоўваннем макета спектакля “Вячэра з дурнем” (яго прэм’ера адбылася ў пачатку ліпеня). Уся мэбля на міні-сцэне была ў 25 разоў меншая за сапраўдную, таму я змагла паставіць крэсла на сваю далонь, каб лепей разгледзець яго... Нарэшце мы адарваліся ад разгляду макета да самага свежага спектакля, і мастак стаў узгадваць, як ён трапіў у тэатральны свет, бо ніхто з яго родных з гэтай прафесіяй звязаны не быў.

— Я марыў маляваць персанажаў для мультфільмаў, — пачаў распавядаць Барыс Герлаван. — Мой сябра сказаў, што ў Мінску якраз ёсць мультыплікацыйнае аддзяленне, але памыліўся. Вось мне і давялося ісці на іншае аддзяленне, выбраў станковае. Як трапіў на сцэнаграфію? Перавёўся, бо ў час вучобы я пайшоў працаваць у Тэатр юнага гледача, а ўжо потым уладкаваўся ў Купалаўскі тэатр.

— Што, на ваш погляд, складаней: рабіць сцэнаграфію спектакляў для дзяцей ці для дарослых?

— Для юных гледачоў, канешне, бо даросламу чалавеку цяжка трапіць у дзіцячы свет. трэба мець добрую фантазію, каб стварыць на сцэне казку і цікава расказаць дзецям, што такое дабро і зло.

— Прызнайцеся, а навошта вы ўзвалілі на сябе двайны груз — працу над дэкарацыямі і касцюмамі?

— Лічу, што гэта правільна: тады ствараецца цэльны вобраз спектакля. Так мне лягчэй вызначыцца, які прыём лепей выкарыстаць — зрабіць большы акцэнт на касцюмах ці толькі на дэкарацыях, або неяк аб’яднаць іх.

“Сцэнаграфію “Радавых” прыдумаў за ноч”

— Ад чаго залежыць, як будзе “апранута” сцэна таго ці іншага спектакля?

— Бывае патрэбна, каб дэкарацыі хутка трансфармаваліся. Гэты прыём дазваляе пераносіць гледачоў у розныя месцы (паказальным прыкладам з’яўляецца сцэнаграфія Барыса Герлавана да спектакля “Князь Вітаўт”, дзе 28 эпізодаў з пастаяннай зменай месца дзеяння перададзены пры дапамозе інжынерна-архітэктурных канструкцый. — Аўт.). На сцэне можа наогул не быць ніякай архітэктуры. Напрыклад, калі спектакль пра сялян, дастаткова, каб выклікаць асацыяцыю з жыццём мужыка, выкарыстаць фактуру плеценых лапцяў ці мешкавіны. Галоўнае патрабаванне да дэкарацый — з залы ўсё павінна выглядаць лёгка. Вось канструкцыі “Эрыка XIV” з-за складанага тэхнічнага механізму збіраліся некалькі дзён (падчас дзеі выкарыстоўвалася каля 25 тон вады. — Аўт.), але звонку ўсё было вельмі проста.

— Праца над якой сцэнаграфіяй заняла ў вас болей за ўсё часу?

— Цяжка сказаць. Напрыклад, для “Чорнай панны Нясвіжа” адразу знайшоўся вобраз. Аднак я доўга думаў, як паказаць сцэну кахання Барбары Радзівіл і яе любага, каб гэта было прыгожа. Зразумела, мы маглі б паставіць на сцэне ложак, але тады пачуцці панны і яе каханага пазбавіліся б пяшчоты. І раптам у мяне з’явілася ідэя: а што, калі ад позіркаў гледачоў герояў у час сцэны кахання хаваць пад вялікай белай тканінай, якая будзе лунаць над сцэнай? Атрымалася вельмі прыгожа. А быў яшчэ і такі выпадак. Макет да ваеннай пастаноўкі “Радавыя” (гэта была доўгая лесвіца, якая ішла ў глыбіню сцэны) я ўжо падрыхтаваў і раптам зразумеў: з погляду тэхнікі бяспекі патрэбна абавязкова зрабіць да лесвіцы поручні, але ў такім выпадку згубіўся б вобраз — кіламетры вайны. Таму мне давялося не спаць усю ноч і прыдумваць зусім іншае рашэнне (заднікам сцэны стаў паўразбураны гатычны касцёл, побач з якім валяліся пустыя гільзы ад снарадаў. — Аўт.). Новы макет быў зроблены за тыдзень. Запомнілася мне і работа над спектаклем “Мудрамер”, дзе патрэбна было неяк паказаць бюракратычную машыну (у чорнай прасторы на падмостках лунала мноства канцылярскіх сталоў, павернутых вуглом да залы — Аўт.). Дарэчы, за сцэнаграфію да славутых спектакляў Купалаўскага “Радавыя” і “Мудрамер” мастак атрымаў Дзяржаўныя прэміі СССР і БССР — адпаведна у 1985 годзе і 1988-м.

Навошта рабіць укарочаныя штаны?

— Барыс Федасеевіч, з рэжысёрам вы, вядома, кансультуецеся ў час працы. А ці прыслухоўваецеся да парад акцёраў?

— З рэжысёрам я заўжды гутару, каб ведаць, што ён хоча данесці сваім матэрыялам са сцэны. Наконт акцёраў скажу так: калі я адчуваю, што яны сапраўды жадаюць стварыць добры вобраз, то іду на пэўныя ўступкі. Часам іх парады бываюць вельмі карысныя, але здараецца, што нехта хоча проста іншы колер касцюма, бо гэты быццам бы не пасуе. Аднак гэта ў жыцці можна насіць усё што заўгодна, а для спектакля выбіраецца пэўная гама, бо вырашаецца канкрэтная задумка. Напрыклад, усіх персанажаў можна апрануць у адзенне аднолькавай гамы, акрамя аднаго, калі гэтага героя патрэбна вылучыць сярод астатніх. Часам даводзіцца, наадварот, прытушыць нейкі касцюм, каб персанаж не вызначаўся на агульным фоне.

— Над касцюмамі да якога спектакля вам было працаваць цікавей за ўсё?

— Да ўсіх гістарычных, пэўна. Мне падабаецца паглыбляцца ў мінулае, вывучаць эпоху: я чытаю спецыяльную літаратуру, каб ведаць, як апраналася тое ці іншае саслоўе. Часам патрэбна толькі стылізацыя гістарычных касцюмаў, каб сучасныя гледачы іх нармальна ўспрымалі. Аднак галоўнае — касцюм павінен адлюстроўваць характар героя. Напрыклад, персанаж Манаева ў камедыі “Вячэра з дурнем” апрануты ў строгі чорны касцюм, але штаны ў ім укарочаныя. Гэта зроблена спецыяльна, каб падкрэсліць трагізм вобразу. І ў жыцці ёсць такія добрыя людзі, якія не могуць нікому адмовіць, і іх пастаянна выкарыстоўваюць у карысных мэтах.

На развітанне мы пацікавіліся ў Барыса Федасеевіча, ці не крыўдна яму, што ён не выходзіць пасля спектакля на паклон, хоць уносіць у пастаноўку вялікі ўклад?

— Гэта прэрагатыва акцёраў, а я проста раблю сваю работу. Мне проста падабаецца мая прафесія — мнагапланавая, адказная, — прызнаецца мастак.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter