Дзякуючы калекцыянерам адноўлены ўнікальны помнік

Артэфакты пашыраюць прастору ўяўленняў

Дзякуючы калекцыянерам адноўлены ўнікальны помнік


У асяроддзі мінскіх збіральнікаў старых паштовак, ды і не толькі паштовак, а ўвогуле сярод мінскіх калекцыянераў добра ведаюць маскоўскага калегу — кандыдата геаграфічных навук Кірыла СОКАЛА. Ён часты госць у Беларусі, Мінску. Кірыл Геліевіч — аўтар даследаванняў, прысвечаных манументальным помнікам Расійскай імперыі, член рэдкалегіі маскоўскага часопіса “Филокартия”, супрацоўнік Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Наша размова з маскоўскім збіральнікам артэфактаў даўніны — пра яго ацэнкі апошніх падзей у беларускай калекцыйнай справе.


Калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў

— Ведаю, што вы ўважліва сочыце за падзеямі ў жыцці калекцыянераў Беларусі...


— І не толькі сачу, як усялякі раўнівы калега, але і сам па меры магчымасцяў удзельнічаю ў справах, клопатах калекцыянераў Беларусі. Вось цяпер дапамагаў арганізоўваць выставу мінчан Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Пефціева ў Маскве.

— І што гэта за праект?


— Ужо даўно сумесна працуюць Уладзімір Ліхадзедаў і Уладзімір Пефціеў. Абодва — апантаныя збіральнікі ілюстрацыйнага матэрыялу пра Беларусь, пра розныя куточкі вашай унікальнай краіны. Ведаю, што іх добрыя адносіны — гэта не што іншае, як сучасны працяг добра вядомага ў Беларусі і раней праекта “У пошуках страчанага”. І выстава ў Маскве гэтым разам была прысвечана Айчыннай вайне 1812 года.

— Падаецца, ва Уладзіміра Ліхадзедава ёсць і кніга па матэрыялах яго збору менавіта на гэтую тэму?

— У 2012 годзе мы з Уладзімірам Ліхадзедавым выпусцілі таксама сумесную кнігу — “Помнікі Айчыннай вайны 1812 года на старых паштоўках”. Гэтая работа прынесла мне вялікую асалоду. І яшчэ раз пераканала, што старая паштоўка можа служыць унікальным матэрыялам, унікальнай дакументальнай крыніцай у галіне гістарычнай геаграфіі.

Але цяпер я хацеў бы ўспомніць пра больш блізкую па часе работу Уладзіміра Ліхадзедава, якую ён рэалізаваў разам з Уладзімірам Пефціевым. Размова — пра іх сумесны альбом “Святы роўнаапостальны князь Уладзімір”, які пабачыў свет у Выдавецкім доме “Звязда”. Зразумела, гэтае выданне не адбылося б, калі б не самыя высакародныя амбіцыі абодвух калекцыянераў. Мяне здзіўляе і ўражвае маштабнасць іх памкненняў. Як у рабоце над гэтым альбомам, так і ўвогуле ва ўсіх распачынаннях.

Дзякуючы руплівасці Уладзіміра Пефціева і Уладзіміра Ліхадзедава мы маем магчымасць разглядаць ледзь не ўсе літаграфіі Фабера дзю Фора...

— Гэта ўсё ж, калі гаварыць пра тэму Айчыннай вайны 1812 года?..


— Так. Фабер дзю Фор — легендарны нямецкі мастак-баталіст. У званні лейтэнанта ён прайшоў з войскамі Напалеона ўсю рускую кампанію. У складзе корпуса маршала Нея. Замалёўваў з натуры пейзажы Расіі, салдат на прывалах, пераправы, марш войскаў, самі баі. Пазней дапрацоўваў свае накіды акварэллю. Упершыню малюнкі Фабера дзю Фора былі прадстаўлены гледачу ў 1816 годзе. А ў 1840 годзе серыя была выдадзена пад назвай “Лісты з майго партфеля, намаляваныя падчас кампаніі ў Расіі”. Розныя спецыялісты ацэньваюць ілюстрацыі Фабера дзю Фора як даволі інфарматыўную крыніцу па Айчыннай вайне 1812 года з розных пунктаў гледжання.

А яшчэ ў калекцыі Уладзіміра Пефціева — літаграфіі з карцін Верашчагіна... Так што, прадстаўляючы цяпер у Маскве гэтых апантаных беларускіх калекцыянераў, я шмат разважаў пра значнасць іх работы ў плане збірання гістарычнай памяці. У Расіі сёння шмат робіцца па аднаўленні сапраўднай гісторыі Айчыны. Самая пільная ўвага нада­дзена дзейнасці гістарычнага і геаграфічнага таварыстваў. З’явілася шмат новых перыядычных выданняў, прысвечаных выключна гісторыі. І ўсе яны імкнуцца шырока ілюстраваць свае публікацыі. І старадаўнімі літаграфіямі, дакладней іх рэпрадукцыямі, і старымі паштоўкамі. Думаю, што і ў Беларусі такі ілюстрацыйны матэрыял, які ёсць у калекцыях Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Пефціева, павінен быць запатрабаваным.

— Тут, верагодна, важны наступны момант... Паштоўка, літаграфія павінны рухаць, развіваць свя­домасць, шырыць прастору ўяўленняў, адзначу, праўдзівых уяўленняў пра розныя адрэзкі нашай гісторыі...

— А як жа інакш?! І не проста свядомасць развіваць, а яшчэ і да добрых спраў грамадства падштурхоўваць... Вось і Ліхадзедаў з Пефціевым не трымаюць сабранае ў цёмных пакоях. Для іх калекцыя — рухавік. Ведаю, што збіральнікі ініцыююць розныя практычныя справы. Уладзімір Ліхадзедаў знайшоў раней невядомы помнік Айчыннай вайне 1812 года...

Дакладней, спачатку знайшоў фатаграфію. Высветліў, што помнік гэты знаходзіўся па дарозе з Вілейкі ў Маладзечна. Помнік разбурылі. Слядоў аніякіх. Інфармацыі — нуль. Адна толькі выява. Можна толькі здагадвацца, якіх намаганняў і якіх затрат каштавала аднаўленне гэтага помніка, усталяванне яго на тым жа самым месцы або амаль на тым жа месцы, дзе ён стаяў раней, больш за пяцьдзясят гадоў таму. Сумеснымі намаганнямі Уладзімір Пефціеў і Уладзімір Ліхадзедаў прыцягнулі да справы і іншых аднадумцаў, мясцовыя ўлады. Як вынік — новы стары помнік нашым продкам, што абаранялі і Расію, і Беларусь ад напалеонаўскага нашэсця. І прысвечаны помнік усім, хто загінуў у Айчынную вайну 1812 года. Нават без акцэнта, хто на чыім баку ваяваў...

— У межах праекта “У пошуках страчанага” ўбачылі свет ужо ці не 20 філакартычных альбомаў, кніг... Ці ўсе з іх вам знаёмыя? Якую ацэнку вы дасце гэтаму напрамку ў рабоце калекцыянераў?

— Такой аўтарскай бібліятэкі няма не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. А можа быць, нават і ў свеце... Выдавецкая дзейнасць калекцыянераў уражвае. Ведаю, што магутны штуршок у падтрымцы Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава ў частцы альбомнага выкладу філакартычнага матэрыялу дала і беларуская дзяржава...

— Так, толькі ў Выдавецкім доме “Звязда” выйшла пяць з 20 альбомаў серыі “У пошуках страчанага”... А пачаткам работы па прадстаўленні старых паштовак шырокай грамадскасці стала шматгадовая работа з праектам на старонках газеты “СБ. Беларусь сегодня”. Наклад выдання зрабіў сваю справу. Пазней да публікацыі рэпрадукцый старых паштовак з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава далучыліся іншыя масмедыя...

— І што самае важнае, і кнігі, і альбомы, і газетныя, часопісныя публікацыі змяшчаюць істотны тэкставы матэрыял... З выданнямі можна ісці ў школу, у студэнцкія аўдыторыі. Паштоўка можа і павінна дапамагаць вывучаць гісторыю краіны.

— Калі гаварыць пра планы вашага супрацоўніцтва з беларускімі калекцыянерамі...

— Я не сказаў яшчэ пра адзін помнік, які адноўлены з дапамогай і на грошы беларускіх калекцыянераў... Гэта — святая справа, помнік праваслаўнаму святару Фёдару Юзэфовічу. Ён не пашкадаваў свайго жыцця дзеля ўсталявання справядлівасці. Тым самым і застаўся ў памяці буду­чых пакаленняў. А работай па аднаўленні помніка Уладзімір Пефціеў і Уладзімір Ліхадзедаў прадоўжылі памяць, заклалі падмурак на будучыню ў справе выхавання і асветніцтва. Спадзяюся, што паўдзельнічаю разам з маімі беларускімі калегамі ў новых выданнях, новых выставах. Ведаю, што Уладзімір Аляксеевіч плануе выдаць кнігу пра манументы, помнікі, якія месціліся на тэрыторыі Беларусі да 1941 года, да Вялікай Айчыннай вайны. Буду рады, калі маё супрацоўніцтва прынясе ў гэтай справе карысць.

Кірыл Ладуцька

Фота: Віталій Гіль і БелТА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter