Уезд у Магілёў упрыгожыць трыумфальная арка

АРКІважны праект

За мінулае лета мінская шаша пры ўездзе ў Магілёў прыкметна змянілася. Адна з галоўных трас горада на два метры стала шырэй, побач з’явіліся веладарожкі і вела­стаянкі, сучасныя тратуары і прыпыначныя павільёны, лаўкі і ліхтары. Маштабная рэканструкцыя магі­стралі дала і адчувальны практычны плюс: яе прапускная здольнасць павялічылася на трэць. Аднак цэнтр разваротнага кальца па-ранейшаму схаваны за зялёным плотам. Менавіта тут знойдзе сваю «прапіску» адна з будучых славутасцей Магілёва — трыумфальная арка.


Калі зазірнуць за агароджу, адразу стане зразумела: яшчэ адзін сімвал горада ўжо набывае рэальныя абрысы. Старт знакаваму будаўніцтву быў дадзены яшчэ летам. Работы распачалі спецыялісты дарожна-будаўнічага трэста № 3 «Дарсэрвісу». Зараз эстафету прынялі іх калегі з домабудаўнічага камбіната. Кіраўнік праекта Дзяніс Кавалёў не скрывае:

— Для нас гэты аб’ект – асаблівы. Па-першае, таму, што мы можам унесці сваю лепту ў стварэнне памятнага знака роднага горада. Па-другое — ёсць шанц на справе даказаць: ДБК пад сілу не толькі будаўніцтва панэльных дамоў, а і больш складаныя тэхналогіі ма­налітнага будавання.

Кожны дзень на гэтай пляцоўцы працуе брыгада з сямі чалавек. Задзейнічана і цяжкая тэхніка. Працэс пастаянна кантралюе інжынер па ахове працы ДБК Анастасія Шастакова. Самі работы доўжацца ўвесь светлавы дзень, бо да канца года трэба паспець многае: завяршыць будаўніцтва асноўных канструкцый, паставіць калоны і зрабіць перакрыцце. А аздабляць і дэкарыраваць арку будуць ужо ў 2018-м. Галоўны інжынер упраўлення камунальнага будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкама Віталь Шумейка кажа, што хаця знешне тэхналогія будаўніцтва здаецца простай, на самай справе яна досыць працаёмкая. Дастаткова сказаць, што толькі на наземную частку канструкцыі спатрэбіцца звыш трыццаці пяці тон арматуры і больш за тысячу трыста кубічных метраў бетону.


Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў нагадаў, што ўзводзіцца арка метадам народнага будаўніцтва. На гэтыя мэты сродкі ахвяравалі і простыя гараджане, і мясцовыя прадпрыемствы. Будучая славутасць — частка новага генплана развіцця горада і падарунак да 750-годдзя Магілёва. Дарэчы, падчас юбілею абласны цэнтр прыкметна змяніў сваё аблічча, але работы па добраўпарадкаванні не прыпыняюцца і зараз. Што зразумела: горад мае багатае мінулае, у ім жыве і працуе шмат таленавітых людзей. Таму і знешне ён павінен адпавядаць патрабаванням сучаснасці і захаваць пры гэтым архітэктурныя, гістарычныя і культурныя «брыльянты». Напрыклад, адноўленая Ратуша адразу ператварылася ў архітэктурную дамінанту, якую бачна з самых розных куткоў Магілёва. Чакаецца, што трыумфальная арка пры ўездзе з боку Мінска з цягам часу таксама стане прадметам гордасці магіляўчан.


Між іншым, яна ў гора­дзе другая па ліку. Першая каменная брама была пабудавана яшчэ ў XVIII стагоддзі і лічылася часткай архітэктурнага ансамбля Саборнай плошчы. А зараз — упрыгожвае сквер імя Лазарэнкі. Гістарычныя дакументы сведчаць, што метавіта праз яе калісьці праехала расійская імператрыца Кацярына ІІ, якая спяшалася ў Магілёў на сустрэчу з аўстрыйскім імператарам Іосіфам ІІ. Пасля рэстаўрацыі арка стала мемарыяльнай: акрамя сімвалаў савецкай эпохі, тут з’явіліся таблічкі з імёнамі загінуўшых чырвонаармейцаў, якія вызвалялі горад ад фашысцкіх захопнікаў. Новая  брама абяцае быць яшчэ больш манументальнай. Яе вышыня — васямнаццаць метраў, а шырыня — дзесяць. Аўтар праекта, кіраўнік аддзела «Магілёўграмадзянпраекта» Віталь Рагаўцоў прызнаў, што працаваць над амбіцыёз­най задумкай прыйшлося ў даволі сціслыя тэрміны:

— Таму не лічыліся ні з выхад­ны­мі, ні са святамі. Пастараліся дэталёва пазнаёміцца з вопытам будаўніцтва трыумфальных арак у іншых гарадах і краінах. Скажам, у магілёўскім варыянце можна знайсці нешта падобнае з аналагічнай забудовай на плошчы Шарля дэ Голя ў Парыжы альбо на Кутузаўскім праспекце ў Маскве. Пры гэтым шмат чаго ў праект унеслі свайго.

svet.markova@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter