У сталіцы італьянскага рэгіёна Сардзінія — Кальяры — адразу ў дзвюх выставачных залах прайшлі выставы маладога мастака Юрыя Пташынскага. Але асаблівае захапленне публікі выклікалі яго пясчаныя шоу.

Архітэктар замкаў з пяску

У сталіцы італьянскага рэгіёна Сардзінія — Кальяры —  адразу ў дзвюх выставачных залах прайшлі выставы маладога  мастака Юрыя Пташынскага. Але асаблівае захапленне публікі выклікалі яго пясчаныя шоу.
У сталіцы італьянскага рэгіёна Сардзінія — Кальяры —  адразу ў дзвюх выставачных залах прайшлі выставы маладога  мастака Юрыя Пташынскага. Але асаблівае захапленне публікі выклікалі яго пясчаныя шоу. 


Набіраю нумар тэлефона Юрыя літаральна пасля нашумелых выстаў. Ён ужо вярнуўся з Італіі. Дома пераводзіць дыханне.  Дамаўляемся аб сустрэчы. Прапаноўваю з ходу: “Сустрэнемся ў школе”. Цікава, сапраўды, убачыць Пташынскага ў інтэр’еры звычайнага класа. Бо ён — звычайны настаўнік малявання. Ахвотна згаджаецца. У школьных сценах, гаворыць, яму сапраўды камфортна. Зрэшты, калі пераступаю парог гомельскай гарадской сярэдняй школы №49, губляюся. Вылічыць педагога Пташынскага ў агульных патоках старшакласнікаў аказваецца няпростай задачкай. Пакуль я спрабую адгадаць: “Ён ці не ён”, Юрый вылічае мяне сам — па масіўнай фотакамеры цераз плячо.
Размяшчаемся ў кабінеце, дзе аўтар паспяховых міжнародных выстаў вядзе гурток малявання для навучэнцаў малодшых класаў:

— Самі, мабыць, гэтак жа пачыналі?

— Так, маляванне — гэта маё з дзяцінства, — гаворыць Юрый. — Інтарэс перадаўся  ад бацькі. Ён добра малюе, хоць прысвяціў сябе тэхнічнай прафесіі. А ў мяне не атрымалася адхіліцца. Школьнікам чатыры гады займаўся ў студыі вядомага беларускага мастака Валянціна Пакаташкіна. Дзіўны чалавек, скажу я вам. Усе, хто з ім перасякаўся, не маглі застацца абыякавымі да жывапісу. Ведаеце, мне шанцуе на такіх людзей, па-добраму апантаных ідэяй, жывым інтарэсам. Калі паўстала пытанне аб прафесіі, вырашыў выбраць нешта блізкае мне па духу. Спыніўся на архітэктуры. Але да заканчэння ВНУ я добра зразумеў, што не змагу адвесці жывапісу другараднае месца ў сваім жыцці. Таму пайшоў працаваць у школу. Па-першае, займаюся сваёй справай. Па-другое, застаецца час на творчасць. 

— Але дзеці — гэта ж клапотна?

— Што вы! Дзеці — гэта выдатна! Яны — яркі напамін аб тым, што мы губляем, становячыся дарослымі. Дзеці ўмеюць шчыра радавацца простаму: снегападу, лужам, сонечным дням, кузуркам. Усё гэта для дзіцяці — падзея. А для нас — нічога асаблівага. Таму што шмат звычайных спраў, трэба ўсё і ўсюды паспець. Дзецям мітусня дарослых невядомая. Калі яны свабодна твораць, у іх такія ідэі, вобразы ўзнікаюць, што проста дух займае… 
Ён не хавае, што яшчэ знаходзіцца ў пошуку ўласнага стылю. Раптам прабівае графіка. А праз месяц цягне да палітры, хочацца фарбаў. Сілуэты яго карцін: пустыннае мора, начныя двары, незвычайныя твары… На афішы аб выставах у Кальяры, дарэчы, быў менавіта такі твар дзяўчыны ў чырвонай хустцы:

—  Нешта біяграфічнае?

—  Мая аднакласніца Кацярына Дупанава. Дарэчы, стала паспяховай мадэллю. Працавала ў еўрапейскіх агенцтвах. Цяпер жыве ў Маскве… Люблю адкрываць для сябе не толькі цікавыя твары, але і новыя месцы. Мне падабаецца назіраць  за рытмам жыцця асобна ўзятага гарадка, за людзьмі, іх звычаямі, традыцыямі…

—  Але адкуль тады цікавасць да пяску, у якога ні колеру, ні смаку, ні паху?

—  Чыстая выпадковасць. 

І Юра расказвае, што чатыры гады таму, “гнаны страсцю да адкрыццяў”, выпадкова зайшоў на сайт беларускага святочнага агенцтва, якому тэрмінова аказаўся патрэбны мастак. А Пташынскаму ў той час вельмі трэба было падзарабіць. Так што ў сваіх інтарэсах яны цалкам супалі. Праўда, від творчасці, які прапанавала агенцтва тады яшчэ студэнту архітэктурнага факультэта, быў для яго цалкам новым — пескаграфія. Юра прызнаецца:

— Мне стала цікава. Вырашыў паспрабаваць. Прайшоў курс навучання, абсталяванне прадаставіла фірма. Мае тут былі толькі рукі і фантазія. 

У Італіі Юрыю Пташынскаму дапамагалі сябры

Нягледзячы на тое, што пескаграфіяй сёння ўжо не здзівіш, Пташынскаму гэта, аднак, удаецца. Ён не лічыць, што дасягнуў у гэтай справе верхніх пунктаў. Хутчэй, знайшоў новыя магчымасці. Запэўнівае, што ў Мінску ёсць дзяўчаты-асы пескаграфіі, якія твораць цуды. Але нешта мне падказвае, што мастацкі бок гэтага напрамку забаўляльнай індустрыі па-новаму адкрывае менавіта Пташынскі.  Стол, пясок, мінімум святла. З-пад яго пальцаў з’яўляюцца рэалістычныя партрэты людзей, быццам пісаныя на палатне, закаханыя пары, якія танцуюць у святле вулічнага ліхтара, кроплі дажджу, што сцякаюць па шыбе. Тое, што адбываецца, я бачу на свае вочы, але майму разуменню гэта не паддаецца:

— Як так атрымліваецца?!

— Тут, вядома, шмат тонкасцяў. Напрыклад, вышыня, з якой ты рассыпаеш пясок на шкло стала. Струменьчык пяску. Яго вільготнасць. Літаральна адзіная недакладнасць — і ўсё імгненна бурыцца.
Юрый успамінае адно з першых сваіх выступленняў, калі пясок проста забылі прывезці. Людзі сабраліся, а матэрыялу няма.

— Я ліхаманкава кідаўся перад выступленнем, спрабуючы знайсці выхад са становішча. І раптам успомніў: паніровачныя сухары! На іх я трэніраваўся дома, і ўсё выдатна атрымлівалася. Тады яны мяне і выручылі. Але, вядома, ідэальны матэрыял для карцін — усё-такі пясок. Ім можна перадаць абсалютна ўсё. 

Уласна, гэта і адбывалася напярэдадні адкрыцця выстаў яго жывапісных работ на Сардзініі, калі пясчаныя шоу Пташынскага літаральна ашаламілі гледачоў, якія прыйшлі ў арт-галерэю і залу АСLI (Хрысціянскай асацыяцыі італьянскіх работнікаў) Кальяры. 

Юрый тлумачыць  мне, чаму менавіта Італія:

— Сімпатыя да гэтай краіны ў мяне таксама з дзяцінства. Школьнікам я ездзіў туды на аздараўленне, жыў у цудоўнай сям’і. Там з’явілася шмат сяброў, з якімі захаваў сувязі і пасля. Адзін з іх — Тарчызіа Пані. Надзвычай дзіўны чалавек. Колькі ў ім энергіі, прагі справы, імкнення да новага. А яму ж 60 гадоў. І вось аднойчы я расказаў яму, што займаюся пескаграфіяй. Ён папрасіў паказаць. Уразіўся. І прапанаваў адкрыць гэтае мастацтва для італьянцаў. Самае дзіўнае, што ў краіне, дзе моры пяску, ніхто практычна гэтым не займаецца. Так прайшла серыя маіх выступленняў і шоу ў розных гарадках Італіі. А ў хуткім часе праект падтрымала Ганаровае консульства Беларусі ў Кальяры, прапанаваўшы арганізаваць іх у сталіцы Сардзініі. Усё атрымалася як найлепш, за што я ўдзячны ўсім, хто так шчыра падтрымаў мяне. Планую яшчэ вярнуцца ў Кальяры. Вядома ж, з новай выставай і новым шоу. Але перад гэтым вельмі хачу паказаць свае работы ў родным Гомелі, дзе ў мяне пакуль была толькі адна выстава.

Мы практычна развітваемся. Юра — светлы чалавек. Ён шукае сябе ў сваёй справе, якая яму даспадобы. Але  дзялюся пытаннем услых:

—  А няма рэўнасці, што пясчаныя карціны адцясняюць жывапісныя?

—  Спачатку — гэта мяне хвалявала. А цяпер, думаю, што нічога выпадковага не бывае. Адно дапаўняе другое.  

Віялета Дралюк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter