Почему маэстро Михаил Финберг не дирижирует в Минске?

Аркестр, ваш выезд!

Графік выступленняў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра надзвычай шчыльны. Мяркуйце самі: у мінулыя выхадныя вярнуліся з Петрыкаўскага раёна і аграгарадка Ляскавічы, а сёння музыкантаў ужо чакаюць у Залессі на Смаргоншчыне, затым — Магілёўшчына і Мсціслаў, далей — яшчэ 16 гарадоў краіны. У кароткіх прамежках між чарговымі выездамі — рэпетыцыі будучых праграм. У адзін з такіх інтэрвалаў паміж гастролямі сустрэліся з мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам калектыву народным артыстам Беларусі Міхаілам Фінбергам.
Маэстра Міхаіл ФІНБЕРГ і музыканты аркестра пад яго кіраўніцтвам вяртаюць слухачам творы беларускіх аўтараў мінулых
стагоддзяў і кампазітараў-сучаснікаў.
Фота Віталія ПІВАВАРЧЫКА


— Міхаіл Якаўлевіч, чым цікавыя для вас гэтыя паездкі, чаму прыцягваюць малыя гарады?

— Там жывуць простыя, сціплыя, добрыя людзі — выдатныя і ўдзячныя гледачы, і я туды з задавальненнем еду. Выступленні ў малых гарадах мы з аркестрам пачалі больш за 20 гадоў таму, у многіх пабывалі ўжо дзясяткі разоў. На сённяшні дзень зрабілі 527 фестываляў у гэтых маленькіх культурна-гістарычных цэнтрах краіны. А першае такое музычнае свята ладзілася ў Нясвіжы. Памятаю, хваляваўся тады моцна, ці прыйдзе там хто на канцэрт, ці збяром залу. А цяпер ужо дзеці тых першых слухачоў прыходзяць і сваіх дзяцей прыводзяць. Так што можна ўпэўнена сказаць, што мы новае пакаленне слухачоў выхавалі.

— Трэба заўважыць, маэстра, што на такіх канцэртах гучыць менавіта беларуская акадэмічная музыка, якую адраджае аркестр і вярнуць якую ў канцэртную залу —  праца карпатлівая, патрабуе шмат часу і сілы...

— Падрыхтоўка сапраўды доўгая і грунтоўная, праца велізарная. І вынікам я ганаруся: мы адзіны калектыў, які стварыў шэраг канцэртных праграм, прысвечаных творчасці выдатных музыкантаў Беларусі мінулых стагоддзяў — Манюшкі, Агінскага, Ельскага, Орды, Казлоўскага... Памятаю, калі пачыналі гэтую працу, хадзіў такі жарт: «Хто сыграе канцэрт Агінскага?» Таму што ніхто не ведаў з твораў гэтага аўтара нічога, акрамя яго знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай». А зараз мы выконваем некалькі розных праграм Міхала Клеафаса Агінскага.

Акрамя таго, мы вяртаем слухачам і творы нашых кампазітараў-сучаснікаў. Да нас музыка Мікалая Чуркіна не выконвалася ў Беларусі каля 50 гадоў, аўтарскіх канцэртаў Льва Абеліёвіча, Мікалая Аладава не было каля 30 гадоў, шмат часу не гучаў Анатоль Багатыроў... Але ж кожны з гэтых кампазітараў — асоба выдатная. Адно шкада: чамусьці да беларускай акадэмічнай музыкі ў нас не заўсёды ставяцца з належнай павагай і пашанай.

— Вось і ў Мінску выступленняў вашага аркестра з ёй практычна няма...

— На жаль, гэта так. Тут мы паказваем толькі праграмы «Шлягер на ўсе часы» і робім джазавыя фестывалі. Астатнія нашы канцэрты выязныя. У сталічныя залы не клічуць, вось і калясім па краіне. Бывае, ноччу вяртаемся з аднаго канцэрта, а раніцай ужо едзем на другі, у іншы горад. Сваёй уласнай залы наш калектыў не мае. Каб даць канцэрт у Мінску, за яе трэба заплаціць немалыя грошы, але тады выступленне атрымліваецца нерэнтабэльным. Дазволіць сабе гэта мы не можам, каб зарабляць, павінны лічыць кожны рубель, мы — дзяржаўны калектыў.

Але, ведаеце, у тым, што працуем па ўсёй краіне, ёсць свой плюс: нават у самых аддаленых яе кутках нас ведаюць, чакаюць, разумеюць нашу творчасць і сочаць за ёй. Гавару гэта з гонарам. Паверце, жыхары маленькіх гарадоў вельмі ўдзяч­ныя, а разам з тым патрабавальныя

і адукаваныя слухачы. А ўжо пра беларускую музыку яны іншы раз ведаюць больш, чым мінчане. Таму над кожнай новай праграмай працуем сур’ёзна і з вялікай адказнасцю, а не так, што прыехалі, нешта сыгралі і з’ехалі. Кожнае музычнае свята мы рыхтуем год, гэта прафесійнае выкананне высокай якасці і, зразумела, толькі з жывым гукам.
Выступленне струннага квартэта Нацыя-нальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра ў Нясвіжы. Сёлета свята беларускай
музыкі прайшло там 23-і раз.
Фота белта

— Яшчэ адзін плённы напрамак дзейнасці аркестра — беларуская эстрадная песня.

— Можна сказаць, намі створана своеасаблівая анталогія беларускай эстраднай песні. На музыку пакладзены тэксты 38 беларускіх паэтаў. Прычым гэта не адзінкавыя творы, а цыклы, паўнавартасныя канцэртныя праграмы, прысвечаныя творчасці класікаў нацыянальнай літаратуры — Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна... Гэта сапраўдныя прафесійныя паэзія і музыка, з выдатнымі мелодыямі і тэкстамі. Дарэчы, цяпер вось, нечакана і ўпершыню за доўгія гады ёю зацікавіліся на нашым тэлебачанні, нам паступіла прапанова аб супрацоўніцтве — будзем рабіць з аркестрам навагоднюю канцэртную праграму на беларускім музычным матэрыяле.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter