Национальный академический концертный оркестр в 19-й раз проводит музыкальный праздник в Заславле

Аркестр, ваш выезд!

У Год малой радзімы Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга адкрывае новы цыкл свайго маштабнага праекта «Гістарычныя канцэрты ў старажытных цэнтрах Беларусі». 

Міхаіл Фінберг.

Сёння свята музыкі пройдзе ў Заслаўі. Старажытны горад прымае яго ўжо ў 19-ы раз. У праграме — класіка і джаз: два канцэрты беларускай камернай акадэмічнай музыкі ў выкананні творчых калектываў аркестра, выступленне біг-бэнда, а таксама адкрыццё мастацкай выставы і конкурс юных выканаўцаў на струнных смычковых інструментах сярод навучэнцаў музычных школ Мінскай вобласці. 

Маэстра Фінберг даўно і цвёрда ўпэўнены: так званыя малыя гарады, пасёлкі, аграгарадкі і вёскі патрабуюць пастаяннага падсілкоўвання менавіта высокапрафесійным мастацтвам. І ў гэтым кірунку творчы калектыў, які ён узначальвае, плённа працуе ўжо больш за 20 гадоў.

Невыпадкова за аркестрам замацавалася слава арганізатара «несталічнага» фестывальнага руху. У Мінску яго не застанеш, ён заўсёды ў дарозе, калясіць па ўсёй краіне. Міхаіл Фінберг знаходзіць у гэтым свой плюс: аркестр ведаюць нават у самых аддаленых яе месцах, чакаюць і сочаць за яго творчасцю.

Пачыналася ўсё яшчэ ў 1995 годзе з фестывалю беларускай камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Дарэчы, сёлета ён пройдзе там ужо ў 24-ы раз. А з таго часу эстафету падхапілі Заслаўе, Мір, Мсціслаў, Тураў, Чачэрск, Пінск, Іванава... Да сённяшняга дня ў 15 гарадах краіны аркестрам штогод ладзяцца культурна-асветніцкія музычныя імпрэзы.

Дзякуючы гэтаму руху ўжо вырасла пакаленне шчырых прыхільнікаў нацыянальнай музыкі, намаганнямі аркестра вернуты з забыцця цэлы шэраг малавядомых і зусім невядомых твораў, а таксама імёнаў іх стваральнікаў, якія нарадзіліся, жылі, працавалі на нашай зямлі: Міхал Клеафас Агінскі, Напалеон Орда, Станіслаў Манюшка, Восіп Казлоўскі, Ян Голанд, Мацей Радзівіл, Ян і Мечыслаў Карловічы. Прычым гаворка не толькі пра кампазітараў XVII—XIX стагоддзяў, але і пра нашых сучаснікаў — Мікалая Чуркіна, Льва Абеліёвіча, Мікалая Аладава, Анатоля Багатырова, чые творы, на жаль, сёння рэдка пачуеш са сцэны. 

Музыкантаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра сёння чакаюць у Заслаўі.

Музыкантамі аркестра створана цэлая анталогія беларускай паэзіі ў песні, дзе сабраны творы больш чым 40 кампазітараў на вершы 60 паэтаў — сучасных і класічных, ад Адама Міцкевіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча да Уладзіміра Караткевіча, Адама Русака, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Карызны. Гэта сапраўдная прафесійная паэзія і музыка, заўсёды падкрэслівае Міхаіл Фінберг, і гэта справядліва.

На сённяшні дзень аркестрам праведзена па краіне 527 музычных свят. Але справа нават не ў колькасці, гаворыць маэстра:

— Усё гэта зусім няпроста рыхтаваць. Над кожнай праграмай мы працуем з вялікай адказнасцю на працягу года, а не тое што прыехалі, нешта сыгралі і назад. Гэта прафесійнае выкананне высокай якасці, толькі з жывым гукам і ніколі — пад фанаграму. У нашым калектыве — 338 чалавек, гэта многа, і гэта сур’ёзны калектыў, дзе працуюць шмат лаўрэатаў конкурсаў. 

Будні ў аркестра насычаныя. Нядаўна вярнуліся з Калінкавіч. Там, на малой радзіме дзеда Яўгена Еўтушэнкі, прадстаўлялі новую праграму, прысвечаную творчасці знакамітага паэта. Дарэчы, па ініцыятыве Міхаіла Фінберга, падтрыманай абласной уладай, у горадзе з’явіцца вуліца імя Яўгена Еўтушэнкі. 

Канцэрт музыкі Ігара Лучанка павязуць на радзіму кампазітара ў Мар’іну Горку. А праграму больш чым з 30 песень на вершы Уладзіміра Караткевіча выконвалі ў яго роднай Оршы.

Асаблівая ўвага маэстра да Нацыянальнага фестывалю беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне. Сёлета аркестр прэзентуе там вялікую прэм’ерную праграму «Песні вайны», прысвечаную 75-й гадавіне вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На старце і падрыхтоўка да «Славянскага базару ў Віцебску». Праз тыдзень у Мінск паступяць песні, напісаныя для міжнароднага конкурсу, у аркестры да іх трэба будзе зрабіць аранжыроўкі, традыцыйна менавіта яго музыканты на фестывалі суправаджаюць выступленні канкурсантаў з розных краін. Яшчэ адзін адказны выхад калектыву на сцэну віцебскага Летняга амфітэатра адбудзецца ў канцэрце Тамары Грердцытэлі.

А заўтра славуты аркестр чакаюць з выступленнямі ў Мазыры. Сюды яго мастацкі кіраўнік, ураджэнец гэтых мясцін, заўсёды прыязджае з асаблівым хваляваннем і абавязкова штогод вязе новую канцэртную праграму для землякоў.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter