Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча рыхтуецца адзначыць 85-годдзе

Аркестр тваёй краiны

Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча, адзін з найстарэйшых музычных калектываў, рыхтуецца адзначыць 85-годдзе. Адлік сваёй гісторыі ён вядзе з 1930-га, ад часу стварэння Дзяржаўнага ансамбля беларускіх народных інструментаў, канцэртмайстрам і салістам якога стаў Іосіф Жыновіч — будучы народны артыст СССР, першы беларускі цымбаліст-прафесіянал, дырыжор, кампазітар, педагог. Гэта пад яго кіраўніцтвам аркестр, які вырас з ансамбля аматараў, закладзе падмурак развіцця прафесійнага выканальніцтва на народных музычных інструментах і на ўвесь свет праславіць інструментальны голас нашай краіны — цымбалы.


Аб днях мінулых і цяперашніх — наша гутарка з сённяшнім мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам калектыву народным артыстам Беларусі Міхаілам КазІнцом.

— Як святкаваць будзеце, Міхаіл Антонавіч?

— Да 16 снежня рыхтуем святочную канцэртную праграму з назвай  «Аркестр тваёй краіны». Вырашылі паказаць лепшае, што створана за апошнія 5 гадоў. Перш за ўсё ў тых накірунках, за якія аркестр ніколі раней не браўся. Я маю на ўвазе ўрыўкі з чатырох нашых праектаў — рок-араторыі Ігара Лучанка і Уладзіміра Мулявіна «Гусляр» і рок-оперы Уладзіміра Мулявіна «Песня пра долю» паводле паэм Янкі Купалы, а таксама выдатных твораў Ларысы Сімаковіч — мюзікла-прытчы «Апокрыф» паводле Максіма Багдановіча і оперы «Люцыян Таполя» па паэме Максіма Танка. Выканаем і прэм`ерную музычную кампазіцыю, напісаную ў гонар сёлетняга 250-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага. 

Рыхтуемся, хвалюемся. За-     прасілі на юбілейны канцэрт усіх, хто раней працаваў у калектыве, а гэта некалькі пакаленняў артыстаў. Каб яны быццам вярнуліся ў сваю маладосць, у часы, калі праехалі з аркестрам увесь Савецкі Саюз: ад Мурманска да Тбілісі, ад Кушкі да Магадана. Прыгадваеш гэта і ганарышся, якія прасторы пакарала музыка нашага аркестра.

— Яна і гучала ў тыя часы адусюль, а не так, як зараз, толькі на канцэртах са сцэны філармоніі...

— Сапраўды, і па тэлебачанні, і па радыё амаль кожны тыдзень, а то і часцей гучаў аркестр Жыновіча. Гэта было нармальна і нікога не здзіўляла. Акрамя таго, усе новыя праграмы, якія ставіліся, запісваліся і пасля трансліраваліся. Сёння іншымі сталі прыярытэты, другія адносіны да гэтага. Але я лічу, што дзяржаўная палітыка павінна ўсё ж дбаць пра сваё, роднае. Хор імя Цітовіча, капэла імя Шырмы, аркестр імя Жыновіча — гэта выдатнейшыя здабыткі нашай нацыянальнай культуры. Гэтая музыка павінна шырока гучаць, каб быць лю-    дзям блізкай, знаёмай, каб не пыталіся, хто гэта. А каб ведалі і ганарыліся. Мы нездарма пішам пра сябе на кожнай сваёй афішы: «Аркестр тваёй краіны». Бо такога калектыву больш няма нідзе ў свеце. Толькі тут.

— Аснова нашага народнага аркестра — цымбалы. Менавіта Іосіф Жыновіч вывеў гэты музычны інструмент з вясковага побыту на канцэртную сцэну, стварыў выканальніцкую школу ігры на ім. Гавораць, сам іграў непаўторна.

— Тое, што цымбаліст адмысловы, было зразумела адразу, мяркуючы хаця б па тым, што ў 1922 годзе яго, 15-гадовага юнака-самавучку, адразу прынялі ў трупу БДТ-1, будучага Купалаўскага тэатра, дзе ён пачынаў музыкантам аркестра. А што да выканальніцкага майстэрства, то гучанне цымбалаў у Жыновіча сапраўды было асаблівым, быццам калакольны звон. Нават сённяшнія нашы вядомыя цымбалісты прызнаюць: паўтарыць не ўдаецца.


— Заслуга Жыновіча і ў тым, што разам з паплечнікамі ў 1930-х ён значна ўдасканаліў цымбалы. 

— Яны зрабілі вялікую рэканструкцыю. Просты аўтэнтычны інструмент набыў дыяпазон, які дазваляў выконваць на ім скрыпічны, фартэпіянны рэпертуар. Сёння, лічу, інструмент таксама патрабуе карэннага перагляду. Варта было б стварыць лабараторыю па вывучэнні акустычных магчымасцей цымбалаў, змене канструкцыі, пашырэнні дыяпазону, бо зараз выканальніцкі ўзровень перавышае ўжо магчымасці інструмента. 

— У аркестры вы працуеце больш за 40 гадоў, пачыналі яшчэ студэнтам 4-га курса кансерваторыі. Запрасіў сам Іосіф Жыновіч.

— Тут варта ўдакладніць, што тады студэнтам 4-га курса я быў ужо ў другі раз, бо кансерваторыю заканчваў двойчы: спачатку аддзяленне народных інструментаў, пасля — оперна-сімфанічнага дырыжыравання. Дарэчы, калі ў 1966-м пасля першага заканчэння прыйшоў у аркестр, то падырыжыраваў толькі тры дні і зразумеў, што трэба многа яшчэ вучыцца, таму і паступіў зноў на пяць гадоў у кансерваторыю. Пасля было ўжо і запрашэнне. А наогул маё знаёмства з Жыновічам пачалося яшчэ раней. У яго аркестры я, баяніст па спецыяльнасці, вывучаў студэнтам асаблівасці цымбалаў, была ў кансерваторыі такая завядзёнка. Хаця цымбалы, як і гармонік, — інструменты, родныя мне з дзяцінства. Недзе гадоў з дзевяці ўжо на вясковых вяселлях іграў. Выдатны ансамбль быў на траіх: мой гармонік, цымбалы і бубен.

— Ваша на працягу жыцця любоў да народнай музыкі адтуль?

— Безумоўна. З маёй маленькай радзімы — з вёскі Цынцавічы на Вілейшчыне. Дзед Янук іграў на скрыпцы. Мама выдатна спявала. У вясковым жыцці майго дзяцінства народная песня прысутнічала заўсёды: у будні і ў святы, у час працы і застолля. З той пары яна са мной назаўсёды. 

— Чула, што ў наступным годзе аркестр збіраецца на гастролі...   

— Гастролі ў ранейшым сэнсе — такой раскошы сёння няма. Але невялікі выезд плануем. Ён звязаны са святкаваннем 75-годдзя Уладзіміра Мулявіна. Са спецыяльнай праграмай з яго твораў збіраемся пабываць у Магілёве, Вілейцы, Гродне і Беластоку. Дарэчы, Мулявін яшчэ ў пачатку сваёй творчасці быў звязаны з аркестрам. У 1970-х у Маскве, Кіеве, іншых гарадах праводзілі  сумесныя канцэрты. Іосіф Жыновіч тады ўжо заўважыў у маладым Мулявіне таленавітага музыканта і свайго аднадумца, адданага народнай песні. 

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter