Сёння ў Полацку адкрываецца XXI Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафii»

Арган и пернік

Урачыстае адкрыццё XXI Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі “Званы Сафii” адбудзецца сёння ў полацкім Сафійскім саборы. Сёлета ў ім удзельнічаюць прадстаўнікі шасці краін — Расіі, Польшчы, Літвы, Германіі, Японіі і Беларусі.


Квіткі разыходзяцца вельмі хутка, паведаміла загадчыца канцэртнага аддзела Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора Алена Мартынава:

— “Званы Сафii” — падзея не толькі для палачан. Фестывальныя канцэрты наведваюць і шматлікія турысты. Дарэчы, у гэтым годзе мы пачалі інтэрнэт-продаж квіткоў, так што многія месцы выкупленыя загадзя, у тым ліку аматарамі арганнай музыкі з Мінска і Расіі. Прыязджаюць цэлымі групамі, нярэдка спецыяльна, каб паслухаць музыку.

Полацкі краязнаўчы музей-запаведнік падрыхтаваў сюрпрыз — выпусціў да “Званоў Сафii” арыгінальны пернік, які паўтарае афішу фестывалю. А яна радуе імёнамі — як новымі, так і добра знаёмымі.


Хірако Іноўэ. Фота Уладзіміра Шлапака
— Упершыню да нас прыедзе арганістка з Японіі Хірако Іноўэ, — інтрыгуе Алена Мартынава. — Вядома, пра наш арган яна шмат чула. У якасці бонуса мы папрасілі яе выканаць творы японскіх кампазітараў. Таксама на фестываль пасля шматгадовага перапынку вярнуліся нашы старыя сябры. Напрыклад, арганістка Даля Ятаўтайтэ прыязджала да нас у апошні раз каля 15 гадоў таму, а музычную капэлу “Санорус”, якая выступіць у канцэрце-адкрыцці, мы прымалі на фестывалі пяць гадоў таму, яшчэ пры жыцці заснавальніка гэтага калектыву Аляксандра Шута.

Галоўны дырыжор “Саноруса” Аляксандр Хумала перад канцэртам хвалюецца:

— Полацк — Мека для музыкантаў. Ёсць толькі два саборы з такой унікальнай акустыкай — полацкі і смаленскі. Многія вядомыя калектывы спецыяльна прыязджалі ў Полацк запісваць свае дыскі. Я Сафійскі сабор памятаю з дзяцінства, выступаў у ім у складзе хору хлопчыкаў і асобна як спявак, а вось з калектывам і як дырыжор прыехаў упершыню. Для мяне гэта вялікая падзея — трапяткая і хвалюючая, тым больш што “Званы Сафii” — адзін з самых яркіх нашых фестываляў класічнай музыкі. Асабліва прыемна, што нас сюды запрасілі ў наш 25-ты юбілейны сезон.

Музычнае меню ў дзень адкрыцця — пальчыкі абліжаш: у першай частцы слухачам прапануюць спевы а капэла, прычым нароўні з шэдэўрамі заходнееўрапейскай музыкі — творы сучасных беларускіх кампазітараў Вячаслава Кузняцова, Вольгі Падгайскай, Кірыла Насаева.

— У другой частцы канцэрта прагучыць меса Lux Aeterna — твор амерыканскага кампазітара Морцена Лаўрыдсена, які атрымаў за яго ў 1999 годзе прэмію “Грэмі”, — паведаміў Аляксандр Хумала. — Калі я прапанаваў яго арганізатарам фестывалю, гэтая ідэя ім вельмі спадабалася. Мы замовілі спецыяльную версію для аргана, якая ўжо існуе. Гэта вельмі прыгожая, маляўнічая, касмічнага настрою рэч.

Фестываль “Званы Сафii” працягнецца да 27 лістапада. Так што ёсць яшчэ амаль цэлы месяц, каб даехаць да Полацка. Наперадзе канцэрты нямецкага арганіста Маціяса Якаба, паляка Гедыміна Грубы. У Полацку выступіць і Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі. Цікавую арыгінальную праграму падрыхтавалі флейтыст Яўген Віданаў і ідэйная натхняльніца фестывалю, вядомая беларуская арганістка Ксенія Пагарэлая.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter