Цяжкiя шторы хаваюць ад цiкаўных позiркаў тое, што адбываецца на арэне. Адтуль даносiцца мужчынскi голас: «Крокам!» Тупат капытоў знiжае канцэнтрацыю. Гукавую прастору, што вызвалiлася, займае цяжкое дыханне каня. Нарэшце расхiнаю шторы. А там…

I каня на скаку спынiць
— Не падыходзьце! — мой суправаджальнiк, памочнiк галоўнага рэжысёра Павел Ермалаеў, затрымлiвае мяне жэстам. На арэне жвавы, свавольны конь. Зусiм малады. Аб нораве Задыяка чулi ўсе цыркавыя.
— З iм адзiн круг (па арэне. — Заўв. рэд.) за тры! — абмяркоўваюць памiж сабой артысты-наезнiкi.

З-за пандэмii каронавiруса апошняе прадстаўленне артысты далi 29 сакавiка. З тых часоў зала не сустракала нiводнага гледача. Таму адчуваю сябе крыху асаблiвай. Сёння мне першай выпаў гонар паглядзець вытрымкi з новай праграмы.

— Самы вiдовiшчны — хустачкi, — бярэцца за расповед аб акрабатычных элементах Юлiя. — Яго сутнасць: артыст раскiдвае чатыры хусткi па пiсце (скакавой дарожцы на манежы). Адну нагу запускае ў стрэмя i падае ўнiз, збiраючы хустачкi дагары нагамi.

Нумар з тыграмі
Новую праграму стварылi ў стылi беларускай культуры: мiфалогii, фальклору, вядомых музычных iнструментаў. Упершыню гэту iдэю правядуць праз усё прадстаўленне. Нават у нумар з тыграмi пранiкаюць традыцыi краiны. Якiм чынам — арганiзатары пакуль не раскрываюць. Пазбавiць гледача таямнiцы прадстаўлення — як расказаць канцоўку кнiгi. Дарэчы, 25 верасня артысты паказваюць гатоўнасць праграмы мастацкаму савету цырка. А гэта значыць, што да ўстаноўленага тэрмiну ўсё павiнна быць на вышэйшым узроўнi. Прэм’ера — 10 кастрычнiка. Засталося менш за месяц да таго моманту, калi холы Белдзяржцырка ажывяць шматлiкiя наведвальнiкi.

Людзi лятаюць, як птушкi
— Не, я не так прасiла вас устаць! — эмацыянальныя заўвагi балетмайстра Алены Бацян чуваць да ўваходу ў глядзельную залу. Яна ўважлiва сочыць за жэстамi кожнай танцоўшчыцы балета. Мiмаходзь паспявае накiраваць фатографа нашай рэдакцыi туды, дзе кропка здымкi будзе больш удалай.
Дзяўчаты вабна рухаюцца па арэне. У плаўных рухах знаходжу штосьцi вельмi пачуццёвае i хiтрае адначасова. У творчую гульню ўступае паветраная гiмнастка Наталія Нарышкiна. Яна робiць некалькi па разам з балетам i распачынае трукi «высокага палёту». Уздымаецца пад купал, аблытаўшыся рэквiзiтам — сеткай.

— Для мяне гэта самы складаны iнструмент, — шчыра прызнаецца гiмнастка. — З сеткай нельга спрачацца, ёй трэба скарыцца. I толькi тады падчас працы перастанеш заблытвацца, рэзаць скуру.

— Бывае, у вачах проста чытаецца: «Навошта яна туды палезла?!» А часам бачыш шчырае здзiўленне: «Ого! Хiба такое магчыма?!» Вядома, прыемна назiраць захапленне. Адразу прачынаецца другi паток натхнення i сiл.

tychko@sb.by