Арбіта пастушка з вёскі Борхаў

У дзяцінстве ён займаўся разьбой па дрэве. Вырабіў кукіш і часта ставіў яго каля сябе, нібыта гаварыў: у дадзены момант заняты, мяне не трэба чапаць. Усе гэта ў сям’і ведалі. Тая работа стала для Макаёнка, так бы мовіць, талісманам і адказам на выклікі лёсу.

Шэсць цікавых эпізодаў з жыцця народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка.

У дзяцінстве ён займаўся разьбой па дрэве. Вырабіў кукіш і часта ставіў яго каля сябе, нібыта гаварыў: у дадзены момант заняты, мяне не трэба чапаць. Усе гэта ў сям’і ведалі. Тая работа стала для Макаёнка, так бы мовіць, талісманам і адказам на выклікі лёсу.

А лёс не заўсёды быў добры

МЕНАВІТА да Андрэя Ягоравіча. Не паступіў туды, куды хацеў, у час вайны па ім справілі памінкі, некаторыя яго творы забаранялі на гады. Але літаратар не губляў сілы духу, насуперак усім і ўсяму, паказваў “дулю” цярністаму шляху, зайздроснікам і нядобразычліўцам. Ён, хворы на ногі, напорыста крочыў да вышынь творчасці, здолеў вывесці свае творы на высокую арбіту.

У славутага беларускага драматурга Андрэя Макаёнка не толькі вядомы твор  “Лявоніха на арбіце”. Сярод зорных: “Выбачайце, калі ласка”, “Каб людзі не журыліся”, “Зацюканы апостал”, “Трыбунал”, “Таблетку пад язык” і шэраг іншых. Многія з твораў і сёння на слыху, ставяцца ў тэатрах. І што адметна: большая частка камедый і п’ес Андрэя Ягоравіча прысвечаны вясковай тэматыцы, той тэматыцы, якая і сёння актуальная: ад прыпісак, паказухі і бяздушша да бяздарных прызначэнцаў.

Ён пасвіў парсюкоў

ДЫК ЧАМУ ў знакамітага драматурга была такая прага да сялянскай тэматыкі? Вялікага сакрэту няма. Нарадзіўся ён у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. І ўсё жыццё так ці іначай быў звязаны з зямлёй, з тымі, хто шчыраваў на ёй. Ён і сам спаўна зведаў тую працу. Хлопчыку Андрэйку давялося нават стаць пастухом на тры гады. Здарылася гэта не пры цары і панах, а ў савецкі час, на зары калектывізацыі, пры жывых бацьках. Справа ў тым, што яго тата быў старшынёй калгаса. Дык вось, Ягор Макаёнак папрасіў, а дакладней, прымусіў двух сыноў пасвіць ... парсюкоў. І не таму, што ён быў бяздушным чалавекам. Такая сітуацыя склалася. 1933 год. Толькі што ўтвораная гаспадарка ніяк не магла ўзняцца на ногі. А тут яшчэ засуха, неўраджай у паўднёвых абласцях краіны. Аплата ў Борхаўскім калгасе была сімвалічнай. Калі на пасяўныя, уборачныя работы яшчэ хадзілі людзі, то на свінаферме працаваць ніхто не згаджаўся. Усе лічылі знявагай для сябе даглядаць  свіней. Давялося гэту работу выконваць сынам старшыні калгаса, з чаго так кпілі некаторыя заможныя вяскоўцы.

Даследчык жыцця і творчасці Андрэя Макаёнка член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Сцяпан Лаўшук дадае: “Яны з братам Іванам і парсюкоў пасвілі, і адначасова ў школу хадзілі. Праз дзень мяняліся “ролямі”.

Міна двойчы трапіла ў адно месца

ВАЙНА таксама “апаліла” лёс Макаёнка. Усё жыццё не забываў ён крымскі дэсант, гераічны і трагічны лёс яго ўдзельнікаў. Толькі цуд выратаваў для беларускай літаратуры драматурга Макаёнка. 12 красавіка ён, малады палітрук, падняў сваіх байцоў у чарговую атаку. І раптам амаль побач разарвалася міна. Ад яе выбуху Андрэя кінула на зямлю. Паляжаў, абмацаў сябе і зразумеў, што паранены ў нагу. Чуў ад старэйшых таварышаў: міна не трапляе два разы ў адно і тое ж месца. Вырашыў схавацца ў бліжэйшай варонцы. Ды не пашчасціла: новы разрыў міны. І цяпер асколкі ўпіліся і пасеклі другую нагу. Ледзьве дапоўз да сваіх акопаў. Пачаліся доўгія дні лячэння ў медсанбаце. Урачы, пабачыўшы яго счарнелыя ногі, спужаліся, вырашылі іх ампутаваць. Малады палітрук не пагадзіўся. З дапамогаю трафейнага парабелума, які выпадкова не вынялі з палявой сумкі, Андрэй прымусіў санітараў адмовіцца ад намеру пакласці яго на аперацыйны стол. Тая зброя дапамагла яму і ў “дыспуце” са шпітальным кіраўніцтвам. Баяўся заснуць, есці, каб не падсыпалі снатворнага, а соннага — пад нож. Невядома чым бы ўсё гэта скончылася, калі б на пазіцыю дэсанта не прызямліўся самалёт. А ў ім выпадкова аказалася адно вольнае месца. Яго вырашылі аддаць незгаворліваму палітруку. Пасля некалькіх складаных аперацый у краснадарскім шпіталі ўрачы выратавалі ногі Андрэю Макаёнку. Але пра фронт параілі забыць...

Дамоў трапіў, калі Чырвоная Армія вызваліла родныя мясціны. Маці не спадзявалася ўбачыць яго жывым. Адзін зямляк, які  таксама нейкім цудам выратаваўся пасля таго, як крымскі  дэсант быў скінуты ў мора, расказваў бацькам, што іх Андрэя на яго вачах разарвала мінай. Так што яго не чакалі, нават адпелі паніхіду са святаром.

Саламонава рашэнне рэктара

ПАСЛЯ таго як Андрэй Ягоравіч вярнуўся дамоў, ён рознага хлеба паспрабаваў. Працаваў суддзёй, у рэдакцыі газеты, потым першым сакратаром райкома камсамола.

— А калі Андрэй Ягоравіч пачаў пісаць свае творы?

— Пасля кароткатэрміновых курсаў яго выбралі сакратаром гаркама камсамола Гродна. І ён, мяркуючы, што не святыя гаршкі лепяць, узяўся і напісаў для самадзейнага тэатра п’есу “Добра, калі добра канчаецца”. Калегі параілі паслаць гэтую аднаактоўку на конкурс, толькі што аб’яўлены Упраўленнем па справах мастацтва і культуры БССР. П’еса спадабалася журы. У выніку — дыплом лаўрэата і грашовая прэмія.

Поспех — справа прыемная. Тым больш нечаканы. І ён да асноў перавярнуў жыццёвыя арыенціры маладога партыйнага работніка. З’явілася рэальная перспектыва ўсур’ёз заняцца мастацкай творчасцю, да якой неадольную цягу адчуваў з самага дзяцінства. Але калі яму прапанавалі павучыцца ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КПБ, не адмовіўся. Два гады вучыўся і два гады пісаў. Нават падчас заняткаў. Здарыўся аднойчы кур’ёзны выпадак. Андрэй Ягоравіч шчыраваў над сваім творам і знайшоў цікавы ход, які яго развесяліў, і аўтар разрагатаўся на ўсю аўдыторыю. Выкладчыцы гэта вельмі не спадабалася. Яна пайшла  да рэктара і паставіла пытанне: ці вы выганяеце Макаёнка, ці я звальняюся. Рэктар выклікаў да сябе парушальніка, пагаварыў з ім, прачытаў тое, што ён тады напісаў і знайшоў кампрамісны ход: выкладчыца пайшла на павышэнне, а Макаёнак застаўся вучыцца.

“Як бы чаго не выйшла...”

– СЦЯПАН Сцяпанавіч, Мака ёнак пісаў свае камедыі, сам смяяўся з некаторых сцэнаў, а яго смех не ўсе разумелі, я маю на ўвазе сатырычны смех.

— Яго камедыю “Выбачайце, калі ласка” большасць акцёраў тэатра імя Янкі Купалы прынялі ўсёй душой. Гэта п’еса, пра якую можна было толькі марыць. Мастацкі савет адразу прыняў яе да пастаноўкі. А чалавек, ад якога рэальна залежала тая пастаноўка, спужаўся. Маўляў, як бы чаго не выйшла! Але з новым творам Андрэй Ягоравіч пабываў на нарадзе маладых драматургаў у Рызе, яе там высока ацанілі, пра яе напісала газета “Правда”. І калі галоўны рэдактар часопіса “Тэатр”, знакаміты драматург Мікалай Пагодзін, прачытаў гэту п’есу, то адразу напісаў: “Тэрмінова ў нумар”. І яе паставілі ў звярстаны ўжо нумар часопіса.

Пасля п’есы “Выбачайце, калі ласка” ён напісаў не менш з’едлівую “Каб людзі не журыліся”. Вельмі вострая сатырычная камедыя. Калі купалаўцы захацелі паехаць з ёй у Кіеў, благаслаўлення не даў сакратар ЦК па ідэалогіі таварыш Гарбуноў, сказаў: “Вы што, адурэлі? Хочаце, каб суседзі смяяліся з нас?” І твор знялі з рэпертуару.

Нядобры лёс напаткаў і яго трагікамедыю “Пагарэльцы”. Толькі праз 13 гадоў яна прарвалася ў друк і на сцэны тэатраў. У тым творы высмеяны хібы ў дзяржаўнай кадравай палітыцы, калі на высокія кіраўніцкія пасады вылучаюцца інтэлектуальна слабыя, прафесійна бездапаможныя кандыдаты.

Затое ў 1961 годзе ён паставіў п’есу “Лявоніха на арбіце”. Гэта была адзіная п’еса, якая прайшла ў Макаёнка без бою. Тым больш што ў тым годзе Гагарын паляцеў у космас. У Маскве п’есу сустрэлі з такімі авацыямі, што яны ледзь не развалілі тэатр.

Сябраваў з вяскоўцамі

– КАЖУЦЬ, былі ў Андрэя Макаёнка творы, тэму якіх падказалі яму працаўнікі сяла?

— Былі. Напрыклад, яркая і баявая п’еса “Таблетку пад язык”. Гэты твор ён напісаў па просьбе свайго аднакурсніка, з якім вучыўся ў Рэспубліканскай партыйнай школе. Імя і прозвішча яго — Уладзімір Сцепчанка, Герой Сацыялістычнай Працы, які працаваў старшынёй калгаса “Новае Палессе” Лунінецкага раёна. Макаёнак у тыя гады абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і час ад часу дапамагаў сябру. У старшыні Уладзіміра Апанасавіча грошы вяліся, а купіць патрэбныя матэрыялы цяжка было. Вось “прабіць” гэтае пытанне і браўся народны абраннік. Ён хадзіў то да аднаго, то да другога міністра і ўрэшце паслаў Сцепчанку тэлеграму: “Сустракайце вагон з цэментам”.

Макаёнак часта наведваўся ў калгас “Новае Палессе”. Старшыня з матэрыялаў, якія дапамог набыць яму Андрэй Ягоравіч, пабудаваў цудоўны Палац культуры. У тым палацы шчыравалі нават купалаўцы са спектаклем Макаёнка і засталіся ў захапленні ад таго будынка, ад той сцэны, на якой выступалі.

Землякі памятаюць свайго вядомага літаратара — зараз у Журавічскай школе Рагачоўскага раёна ёсць музей драматурга Андрэя Макаёнка.

Яўген КАЗЮКІН, «БН»

Ад “БН”. 12 лістапада народнаму пісьменніку Беларусі Андрэю Макаёнку споўнілася б 90 гадоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?