“Апякуйся зямлёй маёй светлай”

ЯК І ШТОГОД, у вёсцы Будслаў на Мядзельшчыне 1 і 2 ліпеня праходзіць фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай. Дата фэсту — не выпадковасць. Менавіта 2 ліпеня ў 1588 годзе будслаўскім айцам-бернардынцам явілася Панна Марыя. Праз 25 гадоў, у гэты ж дзень у 1613 годзе, касцёл атрымаў у дар абраз Багамаці, які патрапіў у Беларусь з Рыма. З гэтага часу пачаліся паломніцкія пілігрымкі да абраза.

Такую малітву ў мядзельскім Будславе ўзносяць сёння да Маці Божай Будслаўскай вернікі-каталікі, сярод якіх шмат моладзі.

ЯК І ШТОГОД, у вёсцы Будслаў на Мядзельшчыне 1 і 2 ліпеня праходзіць фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай. Дата фэсту — не выпадковасць. Менавіта 2 ліпеня ў 1588 годзе будслаўскім айцам-бернардынцам явілася Панна Марыя. Праз 25 гадоў, у гэты ж дзень у 1613 годзе, касцёл атрымаў у дар абраз Багамаці, які патрапіў у Беларусь з Рыма. З гэтага часу пачаліся паломніцкія пілігрымкі да абраза.

У сучаснай гісторыі першая пілігрымка рушыла ў Будслаў у 1992 годзе.

Сёлета, каб пакланіцца цудатворнаму абразу нябеснай апякункі Беларусі, да велічнага храма, які атрымаў назву базілікі малой, або Санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, з каталіцкіх прыходаў Беларусі, з суседніх краін прыбываюць пілігрымы. Летась фэст у Будславе наведалі каля 50 тысяч пілігрымаў, дзве з паловай тысячы пераадолелі няблізкі шлях пехатой. Сёлета чакаюць больш. Вядома, што тысячы пілігрымаў з Беларусі, Польшчы, Германіі, Украіны, Расіі, Італіі, ЗША і краін Балтыі выправіліся ў няблізкі шлях духоўнага выпрабавання. Веруючыя прыбываюць у Будслаў пехатой, на веласіпедах, матацыклах і аўтамабілях. Вячэрні цягнік таксама прывязе сюды нямала тых, хто жадае пакланіцца абразу і правесці час у шчырай малітве.

Прадстаўнікі каталіцкай абшчыны з Міёраў адправіліся ў шлях да Будслава 25 чэрвеня. У складзе пілігрымкі — моладзь і людзі старэйшага ўзросту. Не толькі каталікі, але і веруючыя іншых канфесій, бо абраз Маці Божай Будслаўскай лічаць сваім усе беларусы, а пілігрымка ўжо даўно стала не толькі духоўнай, але і краязнаўчай акцыяй. На шляху да месца паломніцтва падарожнікаў з малітвамі сустракалі ў каталіцкіх прыходах, праз якія ляжаў іх шлях. Каталікі забяспечваюць пілігрымаў і месцам для адпачынку і начлегу, і харчаваннем.

Сёлетнія ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай праходзяць пад дэвізам «Марыя — святыня Духа Святога» і сталі працягам духоўнай падрыхтоўкі да 400-годдзя прабывання абраза ў будслаўскай святыні.

Асноўныя ўрачыстасці распачнуцца ў 6 гадзін вечара святой імшой.

Роўна ў поўнач адбудзецца ўрачыстасць, якой чакаюць усе пілігрымы і дзеля якой пераадольваюць няблізкі шлях. Святую імшу і шматтысячную працэсію вакол касцёла ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У дзве гадзіны ночы ў палатачным гарадку пілігрымы з Баранавіч і Івянца арганізуюць моладзевую праграму.

Набажэнствы ў касцеле і перад абразом Маці Божай працягнуцца ўсю ноч і 2 ліпеня. Ва ўрачыстасцях прымуць удзел больш за сотню каталіцкіх святароў Беларусі.

А тым вернікам, якія не змогуць наведаць Будслаў у якасці пілігрымаў, каталіцкі партал прапануе пабываць там віртуальна. Як і год назад, сёлета арганізавана прамая інтэрнэт-трансляцыя набажэнстваў у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай. Трансляцыя будзе доўжыцца амаль суткі — з 15.00 сёння да 12.00 другога ліпеня. 

Мікалай ВАЛЫНЕЦ, “БН”

НА ЗДЫМКУ: у пешай пілігрымцы ў Будслаў — каталікі з Міёрскай парафіі.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter