Апякункі паэтычных нябёсаў.

Так называецца выстава ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску, якая задумвалася як спроба музейна-літаратурнай інтэрпрэтацыі творчасці беларускіх паэтак другой паловы ХХ стагоддзя.

Так называецца выстава ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску, якая задумвалася як спроба музейна-літаратурнай інтэрпрэтацыі творчасці беларускіх паэтак другой паловы ХХ стагоддзя.

І яна стала ў вернісажны вечар сапраўдным узнёслым, ясным, трапятлівым святам: паэзіі, жыцця, натхнення... “ У паэтэс лірычнае адзенне, яно ў радках з заранак і аблог”, — напісала калісьці славутая Яўгенія Янішчыц, якую прыхільнікі яе шчымліва-лірычнага таленту даўно ўжо назвалі “ластаўкай Палесся”. І вось яна пазірае з партрэта сваімі сумнымі вачыма на ўсіх дарагіх і блізкіх, увогуле, незнаёмых людзей, — усіх, хто прыйшоў у музейную залу, якую як быццам асвятліла дзевяць заранак. Непадобных адна на адну, але такіх блізкіх у сваім харастве, у любові і светлыні.

— Гэтая выстава аб’ядноўвае яркіх, выбітных прадстаўніц беларускай літаратуры другой паловы дваццатага стагоддзя, — гаворыць дырэктар музея Лідзія Вітальеўна Макарэвіч, — Еўдакію Лось, Дануту Бічэль, Веру Вярбу, Ніну Мацяш, Таісу Бондар, Валянціну Коўтун, Раісу Баравікову, Яўгенію Янішчыц, Галіну Каржанеўскую. У сукупнасці гэтыя асобы ўтвараюць сімвалічную колькасць, роўную дзевяці — менавіта столькі музаў, апякунак мастацтваў, вядома яшчэ з антычнасці. Да іх ліку часам дадаюць першую сусветнавядомую жанчыну-пісьменніцу — Сапфо, выява якой невыпадкова прадстаўлена на выставе. У экспазіцыі таксама можна ўбачыць рэчы як з фондаў музея, так і з асабістых архіваў пісьменніц, іх сваякоў і сяброў. Большасць матэрыялаў тут выстаўлена ўпершыню.

Гучаць успаміны, згадваюцца найбольш яркія і адметныя вершы паэтак, цытуюцца радкі... І, вядома, увагу прыцягваюць экспанаты. Так, рэчы маўчаць. Але я гляджу на ўсё яшчэ бліскучы самавар, выстаўлены на стэндзе Еўдакіі Якаўлеўны Лось, і міжволі згадваю сакавіцкі вечар, напэўна, 1976 года. Быў яе дзень нараджэння, як потым аказалася, апошні пры яе зямным жыцці. А тады... Тады Жэня Янішчыц, Галя Каржанеўская, Ніна  Галіноўская і я сядзелі за сталом у кватэры Еўдакіі Якаўлеўны, на якім узвышаўся вось гэты самы самавар. Вялі размову найбольш пра паэзію і разам з тым суцяшалі як маглі гаспадыню таго гасціннага дома. Еўдакія Якаўлеўна збіралася на цяжкую аперацыю, пасля якой ужо не змагла ачуняць.

А вось і стэнд Жэні Янішчыц. Яшчэ не пажоўклыя лісткі паперы, спісаныя прыгожым Жэніным почаркам, — вершы, вершы і вершы... Помню, так часта яны ляжалі стосікам на спінцы канапы і, калі здаралася завітваць да Жэні, першае, што яна рабіла, чытала вершы — новыя, толькі што напісаныя. Тады, у другой палове дваццатага стагоддзя, чытанне вершаў было як нейкі свяшчэнны рытуал. Мы не проста жылі вершамі, мы дыхалі імі, у іх было ўсё наша жыццё, сяброўства, сустрэчы... Неяк вельмі самотна глядзяцца на стэндзе Жэніны пацеркі. Рэчы прывыкаюць да людзей, як і людзі да іх... Жэня Янішчыц трагічна пайшла з жыцця ў лістападзе 1988 года, толькі-толькі пераступіўшы парог свайго саракагоддзя. І вось зараз мне ўспамінаецца страфа з аднаго яе верша:

Хоць прашумі вясёлым ліўнем! —
Хай след падкажа каляя.
Паміж няшчасных і шчаслівых —
Якая я, якая я?

Зусім недалёка ад Жэні лагодна глядзяць з фотаздымкаў удумлівыя вочы Ніны Мацяш. Гэта яе верш пра радню па крыві і радню па духу згадваўся падчас адкрыцця выставы. Узіраюся ў фотаздымкі, гляджу на вокладкі даўно знаёмых кніжак, а ўспамінаецца пачатак сямідзясятых, калі Ніна Мацяш яшчэ не мела кватэры ў Белаазёрску, а жыла ў вёсачцы Ніўкі ў бацькоўскай хаце. Якая смачная ў яе той восенню была мочаная антонаўка, якія песні спяваліся тады! У Ніны быў вельмі мілагучны голас... Сярод экспанатаў — цікавая невялікая экспазіцыя вырабаў з пёркаў. Ніна Мацяш захаплялася гэтым пёркавым мастацтвам, калі надараліся паўзы ў творчасці. У мяне ў кватэры за шклом стаіць райская птушачка з чырвонымі крылцамі, якую я атрымала ў падарунак ад Ніны восенню 2007 года ў Бярозе падчас нашай сумеснай літаратурнай вечарыны. Хіба можна было тады ўявіць, што недзе праз год Ніна Мацяш пойдзе з жыцця... А потым, усяго праз некалькі гадоў гэтак жа раптоўна не стане і Валянціны Коўтун і ўсё, што выстаўлена на яе стэндзе, — цяпер ужо толькі музейная ўласнасць, а для наведвальнікаў гэтай музейнай залы — старонкі жыцця выдатнай беларускай паэткі...

Стэнд Дануты Бічэль... Кнігі... Дзе на тытульных старонках адразу  прыцягваюць увагу надзвычай цёплыя словы, адрасаваныя супрацоўнікам музея. Данута Янаўна, на вялікі жаль, не змагла прыехаць на адкрыццё выставы з Гродна, дзе яна жыве. І ў Веры Вярбы не знайшлося часу, штосьці пільнае затрымала, але, калі падыходзіш да яе стэнда, адразу згадваюцца яе славутыя “Ручнікі” — песня, якая ад самага пачатку неяк умомант стала народнай. Цікавыя фотаздымкі розных гадоў прынёс для гэтай выставы сын Таісы Бондар,  на  іх паэтка выглядае таямніча-новай, зусім не такой, якой прывыклі бачыць яе ў жыцці. Таіса Бондар памерла шэсць гадоў таму, і дзівішся, як хутка прабеглі, прашалясцелі гады, а здаецца, зусім нядаўна яна прыехала ў Мінск з Малдавіі, каб шукаць тут сваю сцяжыну ў літаратуру, свой адметны творчы шлях...

А вось і стэнд Галіны Каржанеўскай... І міжволі вочы шукаюць яе самую, сёння — у асабліва прыўзнятым настроі. Нам ёсць пра што ўспомніць, але, калі падыйшла да яе, загаварылі пра надзённае: у маі павінен адбыцца Злёт юных талентаў Міншчыны, які праводзіць Мінская абласная бібліятэка імя Пушкіна, і нас папрасілі разгледзець рукапісы пачаткоўцаў. Жыццё ідзе... Жыццё рухаецца, спяшаецца... Вось і мы пакідаем музейную залу, куды ўжо заўтра пачнуць прыходзіць сюды ўсё новыя і новыя наведвальнікі: настаўнікі, вучні, ды і проста аматары нашай паэзіі. І, магчыма, хтосьці з іх успомніць радкі Жэні Янішчыц:

Дзе час былы з паводкай
весялосці,
Дзе шчыры поціск вернае рукі?
Саманаіў расстайнай
маладосці
Агнём на сэрцы выпіша радкі.
І змые час дурных здзіўленняў
 пену,
І пачуццё абвугліцца датла.
... Паэзія, — яна не знае тлену,
Калі ў душы хоць прыгаршчы
 святла.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter