Карэспандэнт “Р” першай пабывала ў новым яхт-клубе ў Браславе

Аптымiсты на грэбенi хвалi

Першая ў Віцебскай вобласці дзіцячая парусная школа адкрываецца ў Браславе, яхты юным спартсменам падарылі палякі.

Жадаючых займацца ў паруснай школе шмат.

Заняткі тут пачнуцца ўжо праз некалькі дзён. А пакуль будучыя яхтсмены рыхтуюцца да вялікіх стартаў. Першы экзамен навабранцы вытрымалі на ўра – прынялі ўдзел у афіцыйнай прэзентацыі школы, якая была прымеркавана да міжнароднага фестывалю «Браслаўскія зарніцы». І хаця надвор’е тады цяжка было назваць спрыяльным для вандровак па Дрывятах, хлапчукі і дзяўчынкі са сваёй задачай справіліся. Іх бела-пунсовыя ветразі ўрачыста праплылі ўздоўж берага, дзе за незвычайным шэсцем назіралі шматлікія госці, і прычалілі да набярэжнай. Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка ўпэўнена, што жадаючых стаць курсантамі будзе нямала, бо прыхільнікаў прыгожага і вельмі патрэбнага для азёрнага Браслаўскага краю спорту шмат:

– Вось ужо пяць гадоў запар у нашым раёне праводзяцца спаборніцтвы «Браслаўская рэгата». Мы арганізуем іх сумесна з Беларускай федерацыяй паруснага спорту. Штогод у гонках яхтсменаў прымаюць удзел і зарубежныя каманды. Польскія спецыялісты праводзілі заняткі з нашымі аматарамі паруснага спорту, вучылі дзетак у турыстычным лагеры «Браслаўскія ветразі». Нават прывезлі неяк на апрабаванне дзве яхты. І здзіўляліся: чаму ў такім выгадным для развіцця воднага спорту кутку Беларусі няма сваёй паруснай школы? Урэшце рэшт мы заключылі дагавор аб супрацоўніцтве. Згодна з ім польскі бок прадаставіў нам грашовую дапамогу на суму 98 тысяч еўра. Былі закуплены 15 яхт класа «Аптыміст», маторны катар, пабудаваны ангар з вучэбным класам. Падтрымку нашым энтузіястам прадаставілі польскія дыпламаты. 

Пакуль мы размаўляем, да берага пад кантролем інструктара Вячаслава Кропа прышвартаваліся першыя навучэнцы школы. Пакуль іх 15 чалавек, але хутка аўдыторыя, як паабяцаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама Іван Абаровіч, будзе пашырана – плануецца набраць яшчэ адну групу маленькіх спартсменаў. Вячаслаў Кроп, які сам праходзіў прафесійную падрыхтоўку ў Польшчы, тлумачыць:

– Жадаючых шмат, але не кожны ўрэшце выбірае парусны спорт у якасці хобі. Вось гэтыя рабяты, якіх вы бачыце сёння, ужо адчулі і зразумелі, як гэта цудоўна – быць гаспадаром хвалі і ветразя. Хтосьці адсеяўся на першапачатковым этапе. А ёсць і такія курсанты, якія гатовы ездзіць на заняткі з сельскай мясцовасці, нават за дзясяткі кіламетраў. Упэўнены: з іх будзе толк.

Пакуль у гэтай школе ўсяго 15 навучэнцаў, але доўга чакаць часу, калі іх будзе больш, не прыйдзецца.

Насця Храпан – з ліку вось такіх, апантаных смагай азёрнай свабоды, людзей. Ёй усяго дванаццать год, але дзяўчынка смела ўпраўляецца з ветразем:

– Як толькі да нас у гімназію прыйшоў Вячаслаў Віктаравіч з прапановай запісацца ў парусную школу, я адразу згадзілася. І сябровак падгаварыла. Праўда, дзве з іх, пазнаёміўшыся бліжэй з яхтай, вырашылі – гэта, маўляў, не іх. А мы спадзяёмся на будучыя перамогі ў спаборніцтвах. Хаця, праўда, кіраваць яхтай вельмі няпроста. Мне пакуль з цяжкасцю даюцца павароты…

Вельмі рады адкрыццю паруснай школы і трынаццацігадовы Уладзіслаў Караткоў. Хлопец ужо мае дома спецыяльнае пасведчанне аб заканчэнні курсаў па парусным спорце. З кілем навучыўся спраўляцца яшчэ летась. Таму спадзяецца быць у новай школе выдатнікам і на тэарэтычных, і на практычных занятках. 

Цікава, што адкрыццё школы – гэта вяртанне даўніх традыцый. Старажылы сцвярджаюць, што яхценны турызм пачаў развівацца на Браслаўшчыне яшчэ ў далёкія 1930-я гады. Тады ў горадзе на беразе возера пабудавалі тры прыстані, тут было шмат лодак, паруснікаў і байдарак. Штогод ладзілі спаборніцтвы, нават у зімовы час займаліся гонкамі на буерах (лодка з мачтай, устаноўленая на спецыяльныя металічныя канькі). Але потым па розных прычынах традыцыя перапынілася. І толькі ў пачатку 2000-х цікавасць да паруснага спорту зноў абудзілася, а некалькі гадоў таму ўжо афіцыйна тут пачалі арганізоўваць гонкі на парусных суднах. Дарэчы, палякі ў бліжэйшы час збіраюцца адрадзіць на Дрывятах зімовыя спаборніцтвы на буерах. 

Вецер падымае ўгору хуткія хвалі, якія раз за разам спяшаюцца рассыпацца на мноства пырскаў. Сонца зіхаціць у пенных грабеньчыках, што бясконца адзін за адным разбіваюцца аб пясчаны бераг. Я ўжо адышла ад базы паруснай школы на добры кіламетр, і цяпер там, амаль на гарызонце на бяскрайнім возеры, бачу незабыўны па сваёй прыгажосці пейзаж – юныя яхтсмены беражліва вядуць «пад аброць» беласнежныя паруснікі ўздоўж плывучага пірса. Поспехаў вам, будучыя валадары азёрных далячынь!

a_veresk@mail.ru

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter