Аправа для жамчужыны

Першым аб тым, што Палессе трэба захоўваць і развіваць эканамічна, сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Не трэба доўга прыглядацца, каб убачыць і зразумець: палескі край — неверагодна багатая нацыянальная скарбніца. Усё тут раўнамерна і надзіва гарманічна спалучылася — і даўнейшая гісторыя  (яшчэ Герадот пісаў аб гэтых мясцінах!), і прыродная прыгажосць, і першароднасць, і  невычэрпныя недры. А калі не так даўно падлічылі турыстычныя рэсурсы краю, дык проста ўразіліся! Ці ведаеце вы, што на Прыпяцкім Палессі 259 аб’ектаў культурна-гістарычнай спадчыны, 25 заказнікаў, 24 помнікі прыроды, гарналыжны комплекс и Нацыянальны парк “Прыпяцкі”... Чаму ж тады рэгіён не можа пахваліцца сваёй паспяховасцю?

Першым аб тым, што Палессе патрэбна не толькі захоўваць як каштоўны запаведнік, але і развіваць эканамічна, сказаў Прэзідэнт Беларусі. У гэтым краі ён бывае дастаткова часта, каб мець правільны і кампетэнтны погляд на дзівосны рэгіён. Яшчэ восенню 2008 года, наведваючы Палескі дзяржуніверсітэт, Аляксандр Лукашэнка ўпершыню звярнуў увагу чыноўнікаў і навуковай эліты на праблему рацыянальнага выкарыстання прыпяцкіх пойменных зямель. Што стала адпраўным пунктам і годам нараджэння амбіцыйнай і іміджавай праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся. Потым летам 2009 года, калі Прэзідэнт здзяйсняў маштабную рабочую паездку па раёнах, ён патрабаваў сканцэнтраваць увагу мясцовых улад на эканамічным і сацыяльным развіцці Палесся. Калі ўжо так павялося, што называем гэты край нашай беларускай жамчужынай, то яна і павінна быць у добрай, прыгожай аправе, канстатаваў ён. І праз некалькі месяцаў з’явілася грунтоўная Дзяржаўная праграма развіцця Прыпяцкага рэгіёна, зацверджаная прэзідэнцкім указам у сакавіку гэтага года.

Амаль чатыры трыльёны рублёў аддасць дзяржава на ўзмацненне палескіх зямель. Але каб аправа для прыпяцкай жамчужыны не выйшла непад’ёмнай для бюджэту, тыя, хто выконвае праграму, павінны і самі знаходзіць рэсурсы. Прамысловасць і сельскую гаспадарку, напрыклад, цалкам можна падняць і сваімі сіламі. Ці турызм — яшчэ адну залатую жылу — чаму не развіваць больш энергічна? Прыйдзе час, і раскрыюць палешукі свой скрыты, глыбінны патэнцыял — пачнуць здабываць з нетраў карысныя выкапні. Ўсё гэта ў комплесе ажывіць рэгіён. Асабліва калі прыйдуць інвестыцыі. Таму для інвестараў і патрэбна сёння ствараць лепшыя ўмовы, накіроўвае мясцовыя ўлады 11-ці палескіх раёнаў наш урад. А адраджаць — гэта яшчэ і цаніць, зберагаць здабыткі народнага мастацтва, побыт і ўнікальнасць краю. Вось Першы адкрыты фестываль этнакультурных традыцый, які праводзіцца у Ляскавічах, і павінен падтрымаць дзяржаўную праграму, заінтрыгаваць патэнцыяльных інвестараў. 

Сёння на Прыпяць прыходзяць сапраўдныя перамеы. Ажыццяўляць іх патрэбна па-гаспадарску, без пралікаў. Як не раз казаў Прэзідэнт, галоўнае — гэта чалавек. І дзяржава будзе рабіць усё для таго, каб падтрымаць людзей на гэтых цудоўных землях...



На ЗДЫМКУ: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА ў час наведвання СГК “Ляскавічы” Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”.

Фота БЕЛТА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter