Аповесцi мiнулых гадоў

Па анімацыйных стужках нашай кінастудыі можна праводзіць урокі гісторыі, але такой зацікаўленасці з боку школ пакуль няма

Больш за дзесяць гадоў «Беларусьфільм» збіраў скарбонку «Аповесці мінулых гадоў». Так называецца анімацыйны праект, прысвечаны гербам беларускіх гарадоў. Усяго трыццаць шэсць займальных кароценькіх сюжэтаў. Днямі кінематаграфісты ўсю калекцыю перадалі ў Нацыянальную бібліятэку. Навошта?

36 гарадоў Беларусі цяпер маюць анімацыйныя стужкі пра свае гербы.

Беларускія аніматары ніколі не гналіся за рублём, іх працу нельга было назваць камерцыйнай. Яны здымалі не столькі забаўляльныя, колькі пазнавальныя мультфільмы. А часам наогул выключна гісторыка-культурныя і адукацыйныя. «Аповесць мінулых гадоў» якраз такі выпадак. Першапачатковая ідэя была зняць маленькія стужкі-гісторыі, прысвечаныя ўзнікненню гербоў шасці буйнейшых беларускіх гарадоў, дакладней абласных цэнтраў. Ігар Волчак, якому гэта і прыйшло ў галаву, сквапнічаць не стаў, наадварот, паклікаў на дапамогу калег. У выніку сярод аўтараў такія гучныя прозвішчы, як Аляксандр Ленкін, Міхаіл Тумеля, Ірына Кудзюкова, Уладзімір Пяткевіч. Калі стала зразумела, што шасцю гісторыямі праект не абмяжуецца, вырашылі даць магчымасць заявіць пра сябе і моладзі.

— Гэты праект стаў пляцоўкай, дзе старэйшае пакаленне працавала поруч з новым. Моладзь прынесла свежы погляд, настрой. У нас была адна складанасць: у некаторых населеных пунктах падобная гісторыя, таму ўзнікала шмат аднолькавых выразаў, сюжэтаў. Разам мы знаходзілі новую фарбу, якая б адрознівала адзін горад ад іншага, — расказаў Міхаіл Тумеля.

У выніку атрымалася трыццаць з лішнім зусім розных стужак. Розныя не толькі почырк, але і тэхніка. Кожны з кароценькім, але захапляльным сюжэтам. Там не проста аповед пра герб мясцовасці, але і яе гісторыя. Бабруйск, напрыклад, паказаны не як горад баброў, а мястэчка, якое праславілася сваімі майстрамі па нарыхтоўцы дроў: сасну адтуль сплаўлялі для будаўніцтва флоту на Чорным і Балтыйскім морах. А ці ведаеце, што ў назве Быхава і гербе (дзве перакрыжаваныя гарматы на чырвоным фоне) схавана яго гісторыя XVI—XVII стагоддзяў: горад меў славу непрыступнай крэпасці, маўляў, там быў «хоў» (ці хованка) ад захопнікаў. І такія цікавыя факты з «Аповесці мінулых гадоў» можна пералічваць доўга. Чым не ўрок па гісторыі Беларусі для дзяцей?

Але Ігар Волчак не згодны: анімацыя — гэта не толькі для маленькіх, даросламу там таксама ёсць над чым падумаць, пашырыць свой кругагляд. На яго думку, такое мастацтва — духоўная ежа, якая дапамагае быць чалавекам адукаваным і разумным. Дарэчы, пра духоўнасць. Асобныя фільмы цыкла маюць шмат розных узнагарод, у тым ліку замежных фестываляў. Але Аляксандр Ленкін узгадвае «Анімаёўку», дзе работу здымачнай групы ацанілі як сапраўдны скарб і падарылі злітак золата. Як яго падзяліць на ўсіх? Кінематаграфісты вырашылі зрабіць добрую справу і ахвяравалі каштоўны метал на лячэнне хворай дзяўчынкі.

Вось яны якія, нашы аніматары. Яны працуюць для людзей і на карысць краіны. Толькі ёсць адна праблема: іх творы не заўсёды даходзяць да гледача. Таму наладжванне кантактаў з Нацыянальнай бібліятэкай — бясспрэчна разумны крок. Яе дырэктар Раман Матульскі абяцае не проста схаваць «Аповесць мінулых гадоў» у архіў, а забяспечыць да яго такі ж доступ, як да літаратуры. Чаму б не праводзіць тут выязныя ўрокі па гісторыі і краіназнаўству? Вядома ж, гэта думка грэе душу Ігару Волчаку. Але мара ў яго іншая: каб фільмы пра гербы беларускіх гарадоў паказвалі на вялікіх экранах на цэнтральных плошчах і ў метро. Тады не толькі нашы суайчыннікі змогуць бліжэй пазнаёміцца са сваёй гісторыяй, але і замежнікі захопяцца ёю.

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена без письменного разрешения редакции. Цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...