Праздник для учеников, родителей и учителей: в школах страны звучат последние звонки

Апошняя старонка дзённiка

Дзявяты клас у гэтым годзе заканчваюць 85,6 тыс. маладых людзей, адзінаццаты — 55,4 тыс. чалавек. Непадробная радасць, часам — слёзы з-за развітання з роднай школай і грандыёзныя планы на будучыню: учора мінскія выпускнікі не хавалі эмоцый. Сёння апошні званок празвініць у іншых рэгіёнах краіны: ён адзін з самых важных момантаў у жыцці дзясяткаў тысяч юнакоў і дзяўчат. «Р» пабывала на адной з урачыстых лінеек.

Гімназія, акрамя ведаў, падарыла адданых сяброў.

Учора апошні званок прагу­чаў больш чым для 26 тыс. на­вучэн­цаў 9-х і 11-х класаў ста­ліч­ных устаноў адукацыі. У Мінгарвыканкаме ўдакладнілі: «На ўзроўні базавай школы завершаць навучанне больш чым 15 тыс. выпускнікоў, на ўзроўні сярэдняй школы — 9 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак». Усім ім трэба рухацца наперад, пакараць новыя гарызонты. Пра што мараць сучасныя юнакі і дзяўчаты, мы даведаліся ў гімназіі № 43 Мінска.

Выпускнікі ў беласнежных кашулях, шчаслівыя. Яны ўдзячныя сваім настаўнікам за працу. Дораць кветкі і робяць здымкі на памяць.

— Хачу сказаць вялікі дзякуй педагогам за тое, што прадаставілі магчымасць праявіць сябе. Яны далі нам выдатныя веды, якія, канечне, неабходна будзе памнажаць і прымяняць у будучай прафесіі, — выпускнік Яўген Юшкевіч у прадчуванні дарослага жыцця.


Вальс — традыцыйны танец школьнікаў, якія развітваюцца з дзяцінствам.

Пад акорды песні «Школа-школа, я сумую, як мы хутка пасталелі» не хавае слёз адзінаццацікласніца Дар’я Рагалевіч. Дзяўчына за­пэў­нівае, што гэты дзень ёй запом­ніцца назаўсёды:

— У гімназію я прыйшла ў 5-м класе. З першага дня адчула неверагодную падтрымку настаўнікаў. Яны дапамагалі не толькі ў вучобе. Можна сказаць, сталі для нас другімі бацькамі. Давалі каштоўныя парады, спрыялі вырашэнню праблем. Добра падрыхтавалі нас да дарослага жыцця — цяпер не страшна пераступаць школьны парог! Праўда, трохі сумна…

Дар’я Рагалевіч хоча стаць прафесіяналам у галіне юрыс­прудэнцыі, а вось выпускніца Паліна Капуста яшчэ дакладна не вызначылася з будучай прафесіяй. Але добра ведае: будзе дапамагаць людзям. У дзяўчыны ўсё атрымаецца, бо ўжо ў такім юным узросце яна дасягнула значных вынікаў. Партрэт адзінаццацікласніцы красуецца на дошцы гонару Фрунзенскага раёна Мінска, на выпускным вечары ёй уручаць залаты медаль:

— Гімназія мне многае дала. Акрамя ведаў, падарыла адданых сяброў. Мы марым пра адно і тое ж: атрымаць вышэйшую адукацыю, стварыць сям’ю, рэалізаваць свой патэнцыял і дамагчыся поспеху ў жыцці. І дакладна ведаем, што падчас гэтага шляху не страцім адно аднаго.

Учора апошні званок прагучаў больш чым для 26 тыс. навучэнцаў 9-х і 11-х класаў мінскіх устаноў адукацыі.

Падтрымліваць сяброўства абяцае і Лізавета Кузьміцкая. Выпускніца дзеліцца: аднакласнікі сталі роднымі людзьмі, яны як члены сям’і. Абяцаюць не губляць сувязі:

— Мы ўсе паступаем у розныя ВНУ, але пасля вучобы будзем трымацца ра­зам. Па-ранейшаму падтрымліваць адно аднаго і ва ўсім дапамагаць. Дружба моцная, не зламаецца.

На апошні званок сабраліся не толькі настаўнікі, выпускнікі і іх бацькі. У гімназію прыйшлі і тыя, хто скончыў яе год ці два таму. Адзін з іх — Аляксей Афанасьеў. Хлопец прызнаецца, што прыходзіць у госці 2—3 разы на месяц:

— Вітаюся з былымі настаўні­камі, размаўляем. А яшчэ дапамагаем цяперашнім школьнікам у вучобе. Рыхтуем іх да экзаменаў і алімпіяд. 

Гучыць музыка, барабанны дробат: урачысты момант настаў! Зараз выпускнікі пачуюць свой апошні званок. Усе яны ў чаканні, ім хочацца назаўсёды запомніць гэтую школьную лінейку. Бацькі і блізкія таксама прыкметна хвалююцца: ім трэба згадзіцца з думкай, што дзеці выраслі.

— Дзень радасці і смутку. Сёння вы развітваецеся з дзяцінствам, — кажа вядучы мерапрыемства. — Вы прачыталі шмат кніг, вывучылі сотні формул і правілаў, спісалі тысячы сшыткаў. Самы час у дарослае жыццё!

Выпускнікі ў сваю чаргу падзя­ка­валі выкладчыкам гімназіі за справядлівыя адзнакі, дапамогу ў падрыхтоўцы да іспытаў. А таксама паабяцалі знайсці сваё прызванне і выкарыстоўваць усе веды, што атрымалі ад першакласных педагогаў.

Марыя Кавалеўская, дырэктар гімназіі № 43,
вельмі ганарыцца ўсімі выпускнікамі:

— Гэта вельмі разумныя, добрыя, выхаваныя людзі. Патрыёты свайго горада, краіны. Я і ўсе выкладчыкі са спакойнай душой адпускаем іх у дарослае жыццё. Мы ўпэўнены, што яны справяцца. Для гэтага зрабілі ўсё, што маглі. Выпускнікі мэтанакіраваныя: дакладна ведаюць, чаго хочуць. Жадаю ім шчаслівага лёсу, поспехаў і моцнага здароўя!

У другой палове дня для выпускнікоў арганізавалі канцэртныя і забаўляльныя праграмы. Многія адправіліся на экскурсіі — атрымаць асалоду ад моманту, калі ўвесь клас у поўным складзе. Але адпачываць прыйдзецца нядоўга: выпускнікоў чакаюць экзамены, якія пройдуць з 1 па 8 чэрвеня. Атэстаты ім урачыста ўручаць 8 чэрвеня.

ДАРЭЧЫ

Рэспубліканскі апошні званок пройдзе сёння ў Оршы — маладзёжнай сталіцы краіны. Свята, якое пачнецца ў 17.00, будзе маштабным: удзел у ім прымуць 1700 маладых людзей з усёй краіны. 23 лепшыя выпускнікі атрымаюць узнагароды ў такіх намінацыях, як «Інтэлект», «Талент», «Чэмпіён-2019», «Лідар-2019». Настрой юнакам і дзяўчатам падымуць папулярныя выканаўцы: Іван Вабішчэвіч, гурты Naviband, «Без Білета». Хэдлайнер — Аляксей Вараб’ёў. Будзе дыскатэка і феерверк.

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter