Апошнія з Арынчакоў

Як і на Беларусі, так і ў Польшчы вельмі востра стаіць агульнае пытанне: хто заўтра застанецца ў вёсцы?

У АЗЁРНЫМ кутку Вармінска-Мазурскага ваяводства, непадалёку ад узбярэжжа Балтыйскага мора, на дваццаці гектарах гаспадараць браты Юрась і Багдан Арынчакі, карані сялянскага роду якіх вядуць у Заходняе Прыкарпацце. Адтуль амаль сем дзесяцігоддзяў таму ў час аперацыі «Вісла» іх перасялілі на землі былой Прусіі. У пакінутым сям’ёй прускага баўэра двухпавярховым муры, дзе некалі ўладкаваліся Арынчакі, падрастае ўжо чацвёртае пакаленне.

Гаспадыня падворка Марыёла да замужжа мела прозвішча Мельнік, якое часта сустракаецца і ў нас. Яе аўдавелы свёкар Мікалай Арынчак больш за паўвека гаспадарыў на выдзеленых тут яшчэ яго бацькам землях. Вырошчваў збожжавыя і бульбу, трымаў жывёлу. Цяпер фермерства працягваюць сыны. У іх супольнай гаспадарцы невялікі гурт дойных кароў з цяляткамі і наследаваная зямля, падзеленая на луг і поле. Побач са старым прускім мурам два двухпавярховыя сучасныя будынкі, прызначаныя для турыстаў. Акрамя сельскагаспадарчай вытворчасці, яны займаюцца і агратурызмам. З Галандыі, Германіі, Францыі і з індустрыяльных польскіх рэгіёнаў едуць адпачыць у гэты ціхі куток.

Сядзіба размешчана на беразе жывапіснага возера. Ва ўтульным, акуратна прыбраным дворыку з натуральным дываном-газонам дэкаратыўныя дрэўцы і невялікі кветнік, у аддаленні стаіць печ-барбекю. Пяцігадовы Міколка пазіраў, як бацька газонакасілкай падстрыгаў траву, а дванаццацігадовая сястрычка Марта і яе сяброўка каталіся каля дома на веласіпедах. Марыёла як шчырая гаспадыня у адзін момант прынесла на столік самаробныя смалец і запраўленую таматам азёрную рыбу, шматок сала і пшанічны хлеб. Запрасіла пачаставацца сваімі прысмакамі. З царкоўнай службы вярнуўся састарэлы Арынчак. Пачалася наша размова. Перакладчык не спатрэбіўся.

– У ЧАС пасляваеннага стварэння калектыўных гаспадарак, падобных на савецкія саўгасы, нас масава перасялілі сюды, — пачаў з успамінаў васьмідзесяцігадовы Мікалай Арынчак. — Амаль сто пяцьдзесят тысяч перасяленцаў перавезлі на Мазуры. Як і ў іншых кутках Польшчы, тут побач з дзяржаўнымі гаспадаркамі захаваліся і аднаасобныя. Я працаваў у калектыўнай і меў сваю зямлю. Жылося цярпіма. Два дзесяцігоддзі таму па ўсёй Польшчы калектыўныя гаспадаркі рэфармавалі. Зямля стала прыватнай. Яе можна прадаць-купіць. Мне дасталося васемнаццаць не самых лепшых гектараў уздоўж азёрнай поймы. Глеба гліністая, вясною на некаторыя ўчасткі не дабрацца. Там мы вырошчваем травы, а на больш высокіх мясцінах сеем жыта, ячмень, авёс, саджаем бульбу. Тут гаспадарылі мае бацькі, амаль паўвека я аддаў гэтай справе і перадаў фермерства сынам. Сам атрымліваю ад дзяржавы пенсію ў 350 долараў. Калі-нікалі дапамагаю дзецям. Вось зараз час нарыхтоўкі сена, і кожны спрыяльны дзень мы ўсе на лузе. Механізаванай касілкай сыны косяць, а мы з нявесткамі і ўнукамі варочаем скошаную траву, сушым і прасуем у цюкі.

— А як у вас з турыстамі ў гэтыя летнія дні? — звяртаюся да маладой гаспадыні.

— Масавы заезд пачнецца перад Купаллем, якое мы адзначаем 25 чэрвеня, — гаворыць Марыёла. — Яшчэ зімою па Інтэрнэту жадаючыя забраніравалі месцы. Да позняй восені будзем прымаць адпачываючых. І на Каляды ў нас усе месцы загадзя браніруюцца.

— Колькі чалавек адначасова вы размяшчаеце?

— Мы можам прыняць адначасова больш за дваццаць чалавек. Для кожнага двухпакаёвы нумар з ваннай і душам, агульная кухня. Кошт пражывання для аднаго чалавека складае 13 долараў за суткі з аднаразовым харчаваннем.

— А хто гатуе?

— Гэта мой клопат. Забяспечваю ўсіх адпачываючых «шведскім сталом», на якім звычайна малочныя, мясныя прадукты, рыба з нашага возера, свая садавіна і гародніна. Дапамагае мне дачушка Марта. Яна закончыла пяць класаў і на канікулах мае такую магчымасць. Спасцігае вопыт, які ёй у жыцці не будзе лішнім. Хаця яна марыць стаць спявачкай. У яе вельмі прыемны голас. А вось маленькі наш Міколка ў свае пяць гадоў заяўляе, што будзе на трактары працаваць. За бацькам хвосцікам увязваецца. Раненька прачнецца і бягом да трактароў.

— А колькі трактароў маеце? — звяртаюся да фермера Юрася Арынчака.

— Для нашай гаспадаркі хапае двух. Яны польскай вытворчасці, — распавядае гаспадар. — У нашых суседзяў добра працуюць «МТЗ». У іх зямлі звыш 60 гектараў. Беларускія машыны надзейныя і вельмі практычныя. Асабліва карыстаюцца попытам малагабарытныя мадэлі беларускіх трактароў. На іх спрытна апрацоўваць нашы невялікія лапікі палёў. І рамантаваць беларускія трактары лягчэй. Штогод у Беларусі праводзіцца     выстава    «Бел-

агра», куды многія мае сябры-фермеры імкнуцца патрапіць. Там ёсць на што паглядзець і што набыць. Планую ў будучым годзе таксама там пабываць.

— Дзяржава дапамагае вам у набыцці тэхнікі?

— У банку можам браць пазыку пад невялікі працэнт. Але мы імкнемся абыходзіцца сваімі сродкамі. У часы калектыўных гаспадарак была сістэма станцый тэхабслугоўвання. Зараз я сам свае машыны і агрэгаты рамантую. Яшчэ ў школе атрымаў прафесію трактарыста-машыніста і добра ведаю тэхніку. Калі здараецца больш складаная сітуацыя, то няспраўную машыну забірае эвакуатар і дастаўляе ў майстэрню, дзе яе рамантуюць спецыялісты. За гэта плацім грошы.

— Ці дорага?

— А што для селяніна танна? Летась у час сяўбы на трактары сапсавалася помпа, што падае паліва ў рухавік. Звярнуліся на станцыю. Нам яе аператыўна даставілі, усталявалі, і з сяўбой мы справіліся. Але грошы немалыя заплацілі.

— А бывала, што не было чым сеяць?

— І неаднойчы. Выручалі суседзі-фермеры. Пазычалі насенне, тэхнікай дапамагалі і разам убіралі ўраджай. Большасць вырашчанага выкарыстоўваем на фураж і сабе на харчаванне.

— Чым вам больш выгадна займацца — земляробствам ці  жывёлагадоўляй?

— Трымаць кароў выгадней. У нас вельмі цяжкія халодныя землі, мясцовасць перакацістая з нізінамі. Мой сусед мае 60 гектараў зямлі і займаецца вырошчваннем збожжа. А ў мяне мала ворыва. Калі мы ўвайшлі ў Еўрапейскі саюз, то на кожны гектар штогод сталі выдаваць субсідыі.

За дзесяць гадоў у Еўрасаюзе ўсе нашы дарогі абуладжаны за кошт сродкаў з Бруселя. Пабудавалі стадыён. Маем штогадовыя даплаты каля 300 долараў на кожны гектар. За гэтыя грошы я купіў трактар. Але Еўрасаюз патрабуе дакументальную справаздачу.

— Ці можаце вы іх выкарыстаць на сваю вучобу?

— Дазваляецца іх траціць на любыя рэчы, што тычацца развіцця гаспадаркі. Калі па якіх прычынах не паспеў падрыхтаваць справаздачу, то, акрамя вяртання гэтых грошай, павінен выплаціць і працэнты. Мае знаёмыя ў такія сітуацыі траплялі.

Хто мае 100 гектараў зямлі, можа яшчэ больш браць грошай у Еўрасаюзе. Сярэдняя фермерская гаспадарка нашага Вармінска-Мазурскага ваяводства дзвесце гектараў, таму што тут мясціны малазаселеныя. Калі маеш большую плошчу, можаш атрымаць пазыку на набыццё тэхнікі да 80 працэнтаў ад кошту, праз пэўны час яна спісваецца. Яшчэ даюць танныя пазыкі ў банку пад 3—4 працэнты гадавых. Мы за іх набываем тэхніку, і калі агульная сума перавышае 30 тысяч долараў, палова гасіцца пры ўмове, што тэхніка выкарыстоўвалася не меней дзесяці гадоў.

— А калі меней?

— То вяртаеш не толькі пазыку, але і працэнты. Калі няма грошай, банк забірае машыны, асноўныя сродкі, і можна стаць банкрутам.

— На добраўпарадкаванне зямель фінансы выдзяляюцца?

— Важна распрацаваць абгрунтаваны проект, і калі яго прымуць, то гарантавана вызначаюцца сродкі на рэалізацыю. Адзначу і тое, што мне ніхто не ўказвае, колькі чаго сеяць. Я сам вырашаю.

— А якая місія міністэрства сельскай гаспадаркі?

— Калі там бачаць, што многа ў Польшчы ўзаранага поля, то даюць каманду вырошчваць травы і павялічваць   пагалоўе жывё-

лы. Міністэрства рэгулюе вытворчасць прадукцыі.

— Ці часта вашу гаспадарку правяраюць і хто?

— З міністэрства за ўсе гады майго фермерства ніхто не быў, толькі з агенцтва рэканструкцыялізацыі земляробства правяраюць, ці ўсё правільна дакументальна аформлена. Запрашаюць на курсы па навучанні апрацоўцы пасеваў ад шкоднікаў і пустазелля. І правяраюць потым, колькі гектараў і чым апрацаваны. Апошні раз два гады таму назад правяралі. Патрабуюць, каб каля апрацаваных пасеваў жывёла не хадзіла. Пільна кантралююць, каму прадаю сваю прадукцыю.

— Ці можа сусед у вас купіць цялятка?

— Не. Пасля расцёлу каровы кожнае цялятка атрымлівае чып, дзе ўсё фіксуецца. Каб набыць цяля, неабходна загадзя паведаміць агенцтву. Пакупнік павінен мець фірму, і я паведамляю рэквізіты пакупніка. Калі гэта не зраблю, буду пакараны. Ёсць спецыяльныя фірмы, каму мы прадаем жывёлу на мяса.

Вось зараз чакаем саталітарную інспекцыю, якая кантралюе, колькі ў мяне зямлі, каб лішнія грошы Еўрасаюз не выплаціў. Яны ўсе мае палі вымяраюць праз спадарожнікавую сувязь. За скажоную інфармацыю — суровае фінансавае пакаранне.

Усе падаткі плацім своечасова, таму падатковага інспектара не баімся. Нашы фінансавыя выплаты пільна канралююцца.

— А перабоі з палівам для тэхнікі бываюць?

— Ніколі не было. Дызельнае паліва набываем па два долары за літр. Адчувальна кампенсуюцца затраты на закуп яго.

— Якая ваша прадукцыя найбольш рэнтабельная?

— Вытворчасць     ялавічыны. Няма праблемы і з рэалізацыяй яе. Хвалюе, што апошнім часам польскі рынак напаўняецца замежнай сельгаспрадукцыяй. Але, пэўна, гэта неяк урэгулюецца.

— Вашых прыбыткаў ад фермерства стае, каб забяспечваць сям’ю?

— Падрастаюць дзеці, растуць патрэбы. Таму мы і заняліся яшчэ агратурызмам.

— Патрэбны былі немалыя сродкі для яго арганізацыі…

— Я некалькі гадоў ездзіў на працу ў Галандыю і Нарвегію, дзе збіраў чарэшні, слівы. Плацілі па 12 долараў за гадзіну працы. І жонка, калі не было дзяцей, выязджала на заробкі, збіралі грошы на будаўніцтва аграсядзібы. А яшчэ я займаўся рамонтам дахаў. У банку мы пазыкі не бралі. Сваімі рукамі ўзводзіў дамы. Будаваць дапамагала ўся радня. У нас, як і ў беларускіх вёсках, усё робіцца талакою. З братам Багданам аб’ядналіся ў адну гаспадарку. Так лягчэй. Бацька многае падказвае, вучыць, як найлепей гаспадарыць. Я шмат чытаю спецыяльнай літаратуры і вучуся аграноміі, тэхніку новую вывучаю. Сам за агранома і інжынера. А калі трэба жывёлу палячыць ці агледзець, то запрашаем ветэрынара. Ён жыве ў суседняй вёсцы, закончыў вышэйшую школу ветэрынарыі.

— Калі мы ўсе разамі працавалі ў калектыўнай гаспадарцы, больш дружна жылося, — не вытрымлівае васьмідзесяцігадовы Мікалай Арынчак. — Кожны імкнуўся быць лепшым. Нас узнагароджвалі, пра нас пісалі ў газетах. А зараз людзьмі завалодалі грошы. Паміж імі няма такого кантакту, як раней. Больш чужымі сталі.

— Сыны працягваюць вашу справу. А ўнукі будуць тут працаваць?

— Напэўна, не. Міколка падрасце, і яго спакусіць больш лёгкае жыццё. Маладыя едуць на заробкі на Захад і не вяртаюцца. Яны шукаюць больш цікавую справу. Спадзяванні толькі на сучасную тэхніку. Але і на ёй нехта павінен працаваць.

— Каб пачаць сваю справу, маладыя могуць браць банкаўскую пазыку?

— Могуць, і працэнт невялікі. Але жадаючых мала.

АСНОВУ аграрнага сектара Польшчы складаюць такія вось невялікія фермы. Ёсць і буйныя спецыялізаваныя гаспадаркі, пераважна ў цэнтральным і заходнім рэгіёнах. Але толькі каля дзесяці працэнтаў польскіх фермераў маюць звыш сотні гектараў угоддзяў. Дробныя гаспадаркі пераважваюць і ў суседнім павеце Добрае Мяста. Бургамістр павета Станіслаў Тшаскоўскі адзначыў, што дзяржава праводзіць доўгатэрміновую палітыку па развіццю дробных гаспадарак, гэта разглядаецца як эфектыўны сродак самазанятасці насельніцтва і вырашэння сацыяльных праблем вёскі. Пасля ўступлення Польшчы ў Еўрапейскі саюз зямля стала расці ў цане. Пачалося расслаенне насельніцтва. Той, хто выкарыстаў фактар далучэння да Еўрасаюза, жыве няблага. Але моладзь пакідае польскія вёскі і адпраўляецца на Захад у пошуках больш высокіх заробкаў. І нават пры тым, што рэнтабельнасць польскай сельскай гаспадаркі трымаецца на ўзроўні 40—50 працэнтаў і кожны гектар забяспечвае прыбытак звыш тысячы долараў, пытанне застаецца вельмі вострым: хто заўтра заменіць сённяшніх польскіх фермераў?

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Вармінска-Мазурскае ваяводства, Рэспубліка Польшча

Фота  аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter