Апошні школьны вальс

Апошнi званок, вынiковыя школьныя экзамены — i вось ужо выпускны баль. Да яго мы рыхтавалiся амаль што ўвесь навучальны год. Аднакласнiцы яшчэ зiмой набывалi бальныя сукенкi (колькi было размоў пра фасоны, цэны, прадаўцоў i швачак!). А нам, хлопцам, загадвалi, якога колеру купляць касцюмы — каб добра спалучалiся з iх уборамi. I вучылi нас танцаваць вальс — каб не стаялi “слупамi”, калi будзе гучаць музыка развiтання са школай.
Выпускны баль — i лiтаральна праз два днi пачынаецца цэнтралiзаванае тэсцiраванне (12 чэрвеня — па роднай мове). Гэты перыяд у жыццi вызначае нашу будучыню, можна сказаць, лёс. Шмат хто з выпускнiкоў ведае, куды будзе паступаць, з якой прафесiяй звяжа сваё жыццё. Але пакуль што нiхто не можа дакладна прадказаць, як складзецца далейшы шлях. Некаму пашанцуе, а камусьцi i не. I ўсё ж я спадзяюся, што кожны з нас стане дастойным чалавекам, таму што школа дала нам добрае выхаванне. Настаўнiкi навучылi галоўнаму — грамадзянскасцi, патрыятызму, павазе да гiсторыi i традыцый свайго народа.
У нашай 119-й мiнскай сярэдняй школе, напрыклад, частыя госцi — ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны. Напярэдаднi Дня Перамогi ветэраны прымалi ў пiянеры чацвертакласнiкаў. Для герояў Вялiкай Айчыннай адбыўся спецыяльна падрыхтаваны канцэрт.
Дарэчы, 18 гадоў назад акурат перад Днём Перамогi ў школе быў адкрыты музей воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў. Ён прысвечаны “афганцам”, якiя былi прызваны на службу ў армiю з Кастрычнiцкага раёна г.Мiнска. У школьным двары закладзена алея Памяцi — сiмвал таго, што жыццё мацнейшае за смерць. Вядомы пiсьменнiк, сенатар i таксама былы “афганец” Мiкалай Чаргiнец падарыў нашаму музею некалькi экспанатаў. Штогод 15 лютага былыя воiны-iнтэрнацыяналiсты пасля наведвання Вострава Слёз прыязджаюць у музей, сустракаюцца з вучнямi. I пажаданне заўсёды адно — каб нiколi не давялося ваяваць.
...Так атрымалася, што 1 верасня мiнулага года, калi гучаў першы званок для першакласнiкаў, я нёс на плячы маленькую дзяўчынку ў белым фартушку, з велiзарнымi бантамi — менавiта нам выпаў гонар абвясцiць пачатак навучальнага года... А стужкi з надпiсам “Выпускнiк-2006” мы ўсе купiлi загадзя. Дваякае пачуццё: i сумна, i радасна ад таго, што мы ўжо выпускнiкi. Будучыня залежыць ад кожнага з нас. Але кожны ў душы спадзяецца, што апошнi школьны вальс прагучыць для нас на ўдачу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter