У ізраільскім Ашдодзе пайшоў з жыцця апошні абаронца пятага форта Брэсцкай крэпасці Барыс Фаерштэйн

Апошні салдат

Перапісванне гісторыі і перагляд ацэнак падзей, звязаных з Другой сусветнай вайной, сталі даволі папулярнымі трэндамі ў шэрагу краін Еўропы і былога СССР. Дзеячы розных палітычных афарбовак, дэпутаты і грамадскія актывісты нацыяналістычнага кшталту навыперадкі выносяць свае безапеляцыйныя вердыкты мемарыялам Чырвонай Арміі пасляваенных часоў, ролі Савецкага Саюза ў разгроме нямецка-фашысцкіх захопнікаў, зруйноўваюць помнікі папярэдніх эпох, мяняюць назвы вуліц і гарадоў.

Днямі члены Саюза ваеннаслужачых нацыянальных узброеных сіл Польшчы запатрабавалі знішчыць помнік Невядомаму Салдату, усталяваны на Літоўскай плошчы ў Любліне ў 1962 годзе. З-за рэканструкцыі пляца яго дэмантавалі і накіравалі на кансервацыю. Паводле заявы мэра Любліна Беаты Кшыжаноўскай, манумент, хутчэй за ўсё, перанясуць на мясцовыя могілкі. Аднак паведамляецца, што ў польскім горадзе Санок усё ж дэмантуюць Помнік падзякі Чырвонай Арміі.

Разам з тым народныя абраннікі з партыі “Права і справядлівасць” вядуць збор подпісаў за ўстаноўку помніка жаўнерам Станіслава Булак-Балаховіча і Сымона Пятлюры, якія дапамагалі Польшчы ў вайне за незалежнасць у 1920 годзе (вядома, што згаданыя асобы пакінулі крывавы след у гісторыі беларускай і ўкраінскай зямлі, з’яўляючыся, мякка кажучы, неадназначнымі асобамі). Дэпутаты прапануюць паставіць такі манумент на Віленскай плошчы Варшавы, замест мемарыяла “польска-савецкаму братэрству па зброі”.

У беларускага народа, на шчасце, гістарычная памяць не кароткая.

У нас трапятка захоўваюць месцы воінскіх пахаванняў, помняць герояў, якія абаранілі незалежнасць краіны ў Вялікай Айчыннай вайне. Таму з болем у сэрцы мы даведаліся аб тым, што ў ізраільскім Ашдодзе пайшоў з жыцця апошні абаронца пятага форта Брэсцкай крэпасці Барыс Фаерштэйн. Ветэрану было 96 гадоў. 22 чэрвеня 1941 года ён сустрэў менавита ў пятым форце. Пасля адступлення трапіў у палон. Выжыў дзякуючы татарскай мове: падчас так званай “селекцыі” абаронца цытадэлі над Бугам назваўся крымскім татарынам Барысам Несцеравым. У маі 1945-га ветэрана вызвалілі з нямецкага палону, але ён трапіў у савецкі фільтрацыйны лагер. Выйшаўшы з яго, Фаерштэйн накіраваўся ў Джанкой, дзе шмат гадоў працаваў настаўнікам...

Светлая памяць усім салдатам Вялікай Айчыннай!

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter