Апошні нырэц...

З мая і па сёння на рэках і вадаёмах краіны загінулі ўжо каля 100 чалавек! Але ці толькі спёка таму віной? У Беларускім рэспубліканскім таварыстве выратавання на вадзе адказваюць: больш за 70 працэнтаў тапельцаў на момант смерці знаходзіліся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення!

Вада не даруе «хмельнай» рызыкі

З мая і па сёння на рэках і вадаёмах краіны загінулі ўжо каля 100 чалавек! Але ці толькі спёка таму віной? У Беларускім рэспубліканскім таварыстве выратавання на вадзе адказваюць: больш за 70 працэнтаў тапельцаў на момант смерці знаходзіліся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення!

Вось зусім нядаўняя сумная гісторыя. А здарылася яна ў Шклове. Трое мужчын адпачывалі на беразе Дняпра — канешне ж, са спіртным. А калі мора было ўжо па калена, наважыліся купацца. Скончылася ж купанне трагедыяй. Адзін з мужчынаў патануў. Дваіх паспелі ўратаваць дзяжурныя выратавальнай станцыі.

На жаль, адпачынак на беразе возера ці рачулкі рэдка калі абыходзіцца без чаркі. Цвярозасць на пляжы (дзе, дарэчы, ужыванне алкаголю забаронена законам), відаць, пачынае лічыцца благім тонам. Не зважаюць людзі закон, а ў хмельнай вясёлай кампаніі лёгка забываюцца і на ўласную бяспеку, і на сваіх родных…

“Грахаводзяць” са спіртным не толькі аматары пляжнага адпачынку, але і рыбакі. “Пад хмяльком” лёгка выпасці з лодкі, не ўтрымацца нават на цвёрдай глебе, у рэшце рэшт заблытацца ў рыбацкім аснастку, а потым — гора ў сям’і. Некалькі дзён таму прыкладна так і загінуў 47-гадовы жыхар Магілёва. Разам з сябрам ён рыбачыў з чоўна на Чыгірынскім вадасховішчы ля вёскі Чэчавічы. Абодва былі на падпітку, і адзін з таварышаў патануў літаральна за дзесяць метраў ад берага, калі човен з рыбакамі перакуліўся.

Зусім ужо недарэчным здаецца тое, што гінуць дзеці. З амаль сотні патануўшых сёлета — пятнаццаць менавіта дзеці і падлеткі. Часта яны, дарэчы, купаюцца ў неадведзеных або нават забароненых для гэтага месцах, скачуць у ваду з мастоў, гуляюць у экстрэмальныя гульні. Гінуць з-за недагляду дарослых, як было гэта нядаўна і ў Слуцкім раёне, дзе ў Случы ля вёскі Ячава патануў сямігадовы хлопчык.

…Смерць заўсёды страшэннае зло. І тым больш страшэннае, чым больш недарэчнае. Такіх прыкладаў з жыцця на газетных старонках, на жаль, можна прывесці нямала. Прадбачу, хтосьці абавязкова запытаецца: а нашто? Нашто навязваць людзям гэтую сумную інфармацыю? Сапраўды, у такім “чытве” прыемнага мала. Але, мяркую, ёсць хоць невялічкі шанец, што будзе карысць. Карысць ад таго, што нехта задумаецца аб сабе, сваіх родных, сябрах. Задумаецца і аб нямодным цяпер сэнсе жыцця: ці варта тым самым жыццём рызыкаваць дзеля сумніўнага — тым больш “хмельнага” — задавальнення.

Наталля ШЧАСНАЯ, “БН”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter