У 58-ю гадавіну з дня смерці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, па традыцыі на Вайсковых могілках Miнска адбыліся памінальны мітынг

Апошні дзень песняра

Учора, у 58-ю гадавіну з дня смерці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, па традыцыі на Вайсковых могілках Miнска адбыліся памінальны мітынг
Учора, у 58-ю гадавіну з дня смерці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, па традыцыі на Вайсковых могілках Miнска адбыліся памінальны мітынг і ўскладанне кветак да помніка песняру. Удзел у мерапрыемстве прынялі члены сям’і пісьменніка, а таксама літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі, навукоўцы і супрацоўнікі музеяў.

0 колас500.jpg


Класік нацыянальнай і сусветнай літаратуры, аўтар паэтычных шэдэўраў, педагог, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, дзяржаўны дзеяч, чалавек вялікай і шчодрай душы — такім быў Якуб Колас ва ўспрыманні сучаснікаў. Такім ён застаецца і сёння ў свядомасці беларускага грамадства і шматлікіх прыхільнікаў яго таленту.


Сёлета ў экспазіцыі агучылі і паказалі апошні дзень жыцця песняра, расказала дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. Наведвальнікі могуць адчуць тую атмасферу 13 жніўня 1956 года, калі Колас вярнуўся дадому з ЦК, дзе так і не змог сустрэцца з кіраўніцтвам, каб перадаць свой знакаміты ліст аб стане мовы і культуры ў Беларусі.


…Паэт адкрывае дзверы кабінета, чутны скрып. Уключае радыё, якое вельмі любіў слухаць, і трапляе на навіны. Яны перадаюцца на рускай мове. Крокі — Колас ідзе і выключае радыёпрыёмнік. Адсоўвае стул. Бярэ тэлефонную трубку, набірае нумар, але той не адказвае. Адчыняе шуфлядку, дастае аркуш паперы і піша апошні свой ліст Мазалькову. Ён так і застанецца незакончаным. Гадзіннік, які ўвесь гэты час цікае,  раптоўна спыняецца… Знайшлі супрацоўнікі музея і радыёзапіс пахавання Коласа, які таксама можна пачуць.

ДАРЭЧЫ
30 верасня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння старэйшага сына Якуба Коласа Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча — стваральніка і першага дырэктара музея. Да памятнай даты рыхтуецца выстаўка. А па 23 жніўня ў музеі можна пазнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай 90-годдзю Наталлі Іванаўны Міцкевіч — дачкі Янкі Маўра, нявесткі Коласа і жонкі яго малодшага сына. З Міхасём Канстанцінавічам яны пражылі разам больш за 60 гадоў. А ўпершыню сустрэліся яшчэ дзецьмі на навагоднім свяце ў Саюзе пісьменнікаў. Маўр сказаў тады дачцэ: «Бачыш хлопчыка, якi ходзiць рукi за спiну, гэта — сын Коласа». Праз многа гадоў абодва вучыліся ў Маскве, зноў сустрэліся і ў 1946-м ажаніліся. Без вяселля і ў тайне ад бацькоў. Але ж паведаміць трэба. Вырашылі: Міхась пазвоніць Коласу і скажа, што Наталля выйшла замуж, а яна скажа свайму бацьку, што Міхась ажаніўся… Пра тое, што з таго выйшла, з-за чаго пакрыўдзіўся Маўр і як Колас ездзіў у Маскву з нявесткай мірыцца, раскажуць экспанаты выстаўкі. 

Ірына СВІРКО
isvirko@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter