Французскі хірург выдаліў пухліны ў беларускіх пацыентаў. Нашы ўрачы ацанілі ўнікальную тэхналогію

Аперацыя пад авацыi

Прафесар хірургіі Іў Паніс правёў у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Н.Н. Аляксандрава дзве аперацыі па лячэнні раку кішэчніка. Французскі доктар паспяхова прадэманстраваў беларускім калегам сваю тэхніку малатраўматычнага ўмяшання.



Колькасць пацыентаў з ракам тоўстай кішкі ў нашай краіне павялічваецца. Метады лячэння пухлін вельмі запатрабаваны. Майстар-клас Паніса прайшоў у рамках міжнароднай канферэнцыі па лячэнні коларэктальных новаўтварэнняў і стаў яшчэ адным укладаннем у скарбонку вопыту нашых хірургаў-анколагаў. Лапараскапічныя тэхналогіі сёння актыўна ўкараняюцца ў хірургіі. З кожным годам колькасць такіх аперацый расце. Нядаўна ў нашай краіне іх сталі выкарыстоўваць і для лячэння раку кішэчніка. Маладыя медыкi навучаліся за мяжой і ў расійскіх клініках. І вось сваімі тонкасцямі справы падзяліўся спецыяліст з сусветным імем, прафесар хірургіі Універсітэта Парыж-VII, загадчык аддзялення коларэктальнай хірургіі шпіталя Бажон. Яму дапамагалі беларускія хірургі. Аперацыя ў рэжыме рэальнага часу трансліравалася для ўдзельнікаў канферэнцыі.

— Умяшанне прайшло вельмі добра, — доктар Іў Паніс задаволены вынікам. — Прыгожыя аперацыйныя. Прынцыповага адрознення ад нашых у тэхнічным абсталяванні няма. Мне падабаецца гэтая ідэя абмену вопытам. Я зрабіў у вас такую ж аперацыю, якую зрабіў бы ў Парыжы. Мы пачалі так аперыраваць раней. Хірург не мае права трымаць у сакрэце тое, што дапамагае яму рабіць аперацыю лепш і якасней. Трэба распаўсюджваць свае веды і ўменні.

Каля паловы пацыентаў аперыруюць з дапамогай лапараскапіі. Выдаткі на дарагое абсталяванне кампенсуюцца менш доўгім пасляаперацыйным перыядам.

— Тэхніка хірурга Іва Паніса будзе для нас дадатковым стымулам для далейшага развіцця гэтых тэхналогій у хірургічным лячэнні пацыентаў з коларэктальным ракам, —загадчык колапракталагічнага аддзялення Генадзь Калядзіч ацаніў значнасць майстар-класа. — Аперацыя выконваецца праз невялікія адтуліны ў брушной сценцы з дапамогай спецыяльных інструментаў і вiдэа. Хворыя часткі мы вылучаем практычна бяскроўна. У далейшым такое ўмяшанне дапамагае пацыенту рана ўстаць з ложка, хутка аднавіцца і вярнуцца да звычайнага спосабу жыцця.

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter