Навошта наогул патрэбна дэнамінацыя

Аперацыя “Д”

Дэнамінацыю ў Нацбанку называюць працэдурай чыста тэхнічнай. І варта прызнаць, так яно і ёсць: дзяржава проста мяняе грошы — выводзіць з абарачэння старыя банкноты, уводзіць новыя. Праз некалькі месяцаў пра тое, што мы зусім нядаўна пры разліку выкарыстоўвалі купюры з вялікай колькасцю нулёў, многія з нас ужо і не ўспомняць. Тым не менш на першым этапе пасля абнаўлення грашовага рада складанасцяў пазбегнуць наўрад ці ўдасца. Бо нават у тэхнічных працэдурах роля чалавечага фактару можа быць вялікая.



На наіўнае пытанне, навошта наогул патрэбна дэнамінацыя, адказ знаходзіцца лёгка. Плюсаў у гэтай працэдуры для нацыянальнай эканомікі нямала. Самы галоўны — гэта, напэўна, удасканаленне грашовага абарачэння. Пасля 1 ліпеня грашовай наяўнасці ў нас у краіне паступова будзе станавіцца менш і яе змогуць прасцей лічыць.

У Нацбанку ў ліку пераваг грашовай рэформы называюць і такі фактар, як падтрыманне аптымальнай купюрнай будовы грашовай масы. Раней у нас крок быў такі — 1-5-10, а ў грашовых знаках узору 2009 года ён зусім іншы: 1-2-5. Такая мадэль, у прыватнасці, паспяхова выкарыстоўваецца Еўрасаюзам у наяўна-грашовым абарачэнні.

Але самы галоўны плюс у дэнамінацыі для дзяржавы — гэта значнае скарачэнне расходаў на абслугоўванне наяўнага грашовага абарачэння. Справа ў тым, што банкноты ў пра­цэсе наяўна-грашовага абарачэння паступова зношваюцца, і Нацбанк рэгулярна іх знішчае, узамен друкуючы новыя. Купюры маленькіх наміналаў (100, 500 рублёў) зношваюцца хутчэй за буйныя. Напрыклад, тэрмін зносу 100- і 500-рублёвак — усяго каля паўгода. Пасля таго як у наша жыццё ўвойдуць манеты, расходы на друк дробных грошай скароцяцца ў дзясяткі разоў.

— Самы галоўны месэдж дзяржавы, якая распачала дэнамінацыю, — гэта тое, што цэны ў нас на спа­жывецкім рынку больш не будуць расці такімі тэмпамі, як у мінулыя гады, — запэўнівае прафесар эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў. — У ідэале гадавы рост інфляцыі пры падобных рэформах павінен складаць 3-5 пра­цэнтаў, у нас пакуль крыху больш, але цалкам відавочна, што ў наступныя некалькі гадоў гэтаму паказчыку нададуць нямала ўвагі. Важнае пытанне, што першасна, а што — другасна. У Нацбанку, да прыкладу, лічаць: абнаўленне грашовых знакаў запаволіць рост інфляцыі. Паводле прагнозаў ведамства, да 2020 года яна складзе 5 працэнтаў, у той час як цяпер — каля 12 працэнтаў.

З калегам згодны і член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Барадзеня. Паводле яго пераканання, час для правядзення дэнамінацыі быў выбраны ідэальны.

— Дэнамінацыю, як нядаўна прызналі ў Нацбанку, хацелі правесці яшчэ ў 2009 годзе, але крызіс 2008-га перакрэсліў гэтыя планы. Потым былі некалькі гадоў скакання эканомікі “з горкі на горку”, і вось цяпер, калі інфляцыя сапраўды зніжаецца і паралельна ў краіне аптымізуецца антыманапольнае заканадаўства, надыходзіць час дзейнічаць. Так, з грашовай рэформай адбываецца акругленне цэннікаў, якое, дарэчы, можа здарыцца як у большы бок, так і ў меншы. Але на гэты конт нядаўна даволі жорстка выказаўся Прэзідэнт, заявіўшы, што за ростам цэн дзяржава будзе пільна сачыць.

Якія нюансы можа прынесці з сабою дэнамінацыя? Непазбежнымі акажуцца чэргі ў магазінах, установах, якія аказваюць бытавыя паслугі, да кас і кіёскаў, у якіх прадаюць праязныя дакументы. Могуць актывізавацца ашуканцы. Так што грошы ў прыватных асоб лепш не абменьваць, а да разлікаў па паслугах і таварах паставіцца ўважлівей. Хоць у дадзеным выпадку заклік Нацыянальнага банка аб тым, што свае грошы лепш ведаць “у твар”, гучыць як ніколі актуальна.

ДАРЭЧЫ

Дзе старыя купюры абмяняць на новыя?

Дэнамінацыя пачалася 1 ліпеня ў суадносінах 10000 да 1. Старыя і новыя грашовыя знакі будуць знаходзіцца паралельна ў абарачэнні да канца 2016 года. Старыя банкноты будуць лічыцца несапраўднымі толькі з 2022 года. Пры гэтым з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019 года купюры старога ўзору можна будзе абмяняць у любым банку краіны. У наступныя два гады — толькі ў Нацбанку (ці яго абласных упраўленнях). Пры гэтым трэба памятаць, што,  калі вы захочаце абмяняць суму, якая роўная або перавышае 1000 базавых велічынь, давя­дзецца паказаць пашпарт.

СТАРОНКІ ГІСТОРЫІ


Дэнамінацыя ў СССР і Беларусі: калі і як гэта было

1947 год. Была скасавана картачная сістэма ваеннага часу і ажыццёўлены абмен казначэйскіх білетаў у прапорцыі 10:1 на новыя білеты. Ашчадныя касы мянялі да 3000 рублёў па спецыяльным ільготным курсе адзін да аднаго, а больш сур’ёзныя сумы — з паніжальным каэфіцыентам. Старыя банкноты страчвалі вартасць пасля 29 снежня (пачаткам тэрміну канвертацыі было 16 снежня), а манет абмен зусім не закрануў.

1961 год. У гэты перыяд адбываўся абмен дзесяць да аднаго. Для манет па 1, 2, 3 капейкі нічога не змянілася — яны засталіся ў абарачэнні. Атрымліваецца, што за 13 гадоў кошт медзякоў вырас у сто разоў. Абмен манет па 5 і 10, 15 і 20 капеек ажыццяўляўся як для папяровых грошай. Амерыканскі долар да гэтай рэформы каштаваў 4 рублі, пасля — 90 капеек.

1991 год. У гэтым годзе мянялі 100-і 50-рублёвыя купюры з прычыны “барацьбы з непрацоўнымі даходамі насельніцтва і фальшывымі грашыма”. Такая была афіцыйная версія, зрэшты, так званая “Паўлаўская” рэформа, ініцыяваная міністрам фінансаў Валянцінам Паўлавым, мела ў сваёй аснове больш прагматычную мэту — прыпыніць разрыў, які намеціўся паміж самымі багатымі і самымі беднымі слаямі насельніцтва. Абмежаванні пры абмене ў 1991 годзе былі проста бесчалавечныя: магчымасць абмену 1 тысячы рублёў на аднаго грамадзяніна існавала толькі на працягу трох дзён — 23-25 студзеня. Было абмежавана таксама і зняцце наяўных грошай у Ашчадбанку — максімум 500 рублёў на грамадзяніна ў месяц.

1994 год. У далёкім 1992 годзе ў Беларусі з’явіліся новыя грошы — усім вядомыя “зайчыкі”, “вавёрачкі”, “бабры”, “рысі”, “ваўкі”, “зубры”… Праўда, пакуль новыя купюры друкаваліся, інфляцыя рабіла сваю чорную справу. У выніку цэны моцна выраслі, і намінал новых банкнот таксама вырашылі павялічыць, мысленна дадаўшы адзін нуль да лічбы на банкноце. Напрыклад, знакаміты “зайчык”, на якім значылася лічба “1 рубель”, на практыцы прымаўся не за рубель, а за дзясятку. У выніку ў 1994 годзе з купюр прыбралі адзін нуль (якога там, па сутнасці, ніколі і не было) і адпаведным чынам пералічылі цэны на тавары і паслугі.

2000 год.
Інфляцыя пасля папярэдняга “адразання” нулёў нікуды не дзелася. Усяго праз пяць гадоў беларусы сталі мільянерамі — да 1999 года ў абарачэнні ўжо знаходзілася купюра наміналам 5 мільёнаў рублёў. Было прынята рашэнне аб другой дэнамінацыі, і ў 2000 год краіна ўвайшла з новымі грашыма, пазбаўленымі яшчэ трох нулёў.

Аляксандр Бянькоўскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter