Дояр Николай Баранов награжден медалью «За трудовые заслуги»

Аператар машыннага даення кароў РДУСП «Усход» Мінскага раёна Мікалай Баранаў: «З дзяцінства і па сёння мне любы пах сырадою і свежага хлеба»

Вядома, кожны чалавек — творца свайго лёсу. Лёгкіх шляхоў не бывае. Выбіраць жыццёвы накірунак часцей за ўсё прымушае тое, што ўнутры нас. У сялянскага сына Мікалая БАРАНАВА на генным узроўні закладзены фізічныя і маральныя асновы працавітасці. Продкі гаспадарылі на прыбярэжных землях вярхоўя ракі Пціч, што з Мінскага ўзвышша нясе крынічныя воды за чатырыста кіламетраў да шырокай Прыпяці. Ад родных перадаліся яму стараннасць і руплівасць. 

У Мікалая Баранава шлях у прафесію аператара машыннага даення кароў пачынаўся ў дзяцінстве з жывёлагадоўчай фермы ў вёсцы Русінавічы Мінскага раёна. Там даяркай працавала яго маці Тамара Іванаўна і часта брала з сабою малодшага сына. Хлопчык добра ведаў сцяжынку, што вяла да кароўніка, упэўнена адчуваў сябе сярод рагуль. Разам са старэйшым братам Віктарам дапамагаў матулі ўпраўляцца з дойным статкам — у радасць падлетку быў гэты занятак. 

Пасля атрымання пасведчання аб заканчэнні васьмі класаў пайшоў падсабляць жывёлаводам на калгаснай ферме. Старанне юнака прыкмецілі і даверылі дойную групу. Працаваў на новым самахвалавіцкім малочна-таварным комплексе, а амаль апошнія два дзесяцігоддзі доіць кароў на МТК «Атоліна» рэспубліканскага дачыннага ўнітарнага сельгаспрадпрыемства «Усход». 

За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Мікалай Мікалаевіч сёлета ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Неаднаразова адзначаўся ганаровымі граматамі і дыпломамі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, Мінсельгасхарча, Мінскага абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў.


— Мікалай Мікалаевіч, мужчын — аператараў машыннага даення кароў у нашых гаспадарках на пальцах можна пералічыць. Тым не менш сярод іх ёсць і слынныя асобы. У савецкія часы званнем Героя Сацыялістычнай Працы ўзнагароджаны Канстанцін Хлябцоў з добрушскай гаспадаркі «Насовічы». А што падштурхнула вас выбраць гэту прафесію?

— У Мінскім раёне толькі два аператары машыннага даення кароў. На мой выбар найбольш паўплывала бацькоўскае выхаванне. Вырас я ў сялянскай сям'і. У Русінавічах сапраўдным святам было, калі касцы станавіліся ў пакос. Калі на лузе завяршалася праца, бацька адпраўляў мяне на стог. Віламі шпурлялі наверх сена, а я ўкладваў яго — у мяне доб­ра атрымлівалася. А потым абавязкова купанне ў Пцічы. За плугам мала давялося хадзіць, затое шмат дапамагаў маці на калгаснай ферме. Там яна працавала да выхаду на заслужаны адпачынак. Падымалася да ўсходу сонца і крочыла даіць кароў, а дома таксама чакалі ўласныя дзве. Сястра Наталля, у адрозненне ад мяне, баялася нават у хлеў зайсці, а не тое што ўзяць у рукі даёнку. У дванаццаць гадоў не аднойчы замяняў маці на калгаснай ферме. У яе гурце было 25 кароў, даілі іх апаратамі, падключанымі да малакаправода. Жывёлы мяне слухаліся. І на нашым падворку клопатаў хапала. Бывала, паспяваў падаіць абедзвюх кароў, сырадой працадзіць і паставіць астуджвацца ў склеп. Частку малака здавалі ў калгас. Збіралі смятану, выраблялі тварог і прадавалі, папаўняючы сямейны бюджэт.

Вясковыя сябры захапляліся веласіпедамі, матацыкламі, аўтама­шынамі, а мяне цягнула на калгасную ферму. Там усё было цікава. Лёгкага хлеба ніколі не шукаў. Пасля васьмігодкі настройваўся паступаць вучыцца на ветэрынара, але раптоўная смерць бацькі памяняла планы. Мне тады толькі споўнілася чатырнаццаць гадоў. Трэба было дапамагаць аўдавелай маці. Атрымаўшы пасведчанне аб заканчэнні васьмі класаў, пайшоў працаваць на русінавіцкую ферму. Даведаўся, што ветэрынараў рыхтуюць толькі на дзённым навучанні. Каб атрымаць прафесію жывёлавода, паступіў на завочнае зоатэхнічнае аддзяленне Смілавіцкага зоаветэрынарнага тэхнікума. 

Па заканадаўстве, як непаўналетні, меў права на гадзіну раней заканчваць працоўны дзень, але дамоў не спяшаўся. Падсабляў даглядчыкам, разам з цялятніцамі выпойваў маладняк. А колькі радасці было, калі даверылі гурт кароў! З раніцы да вечара ўвіхаўся каля іх, а вярнуўшыся дамоў, садзіўся за кантрольныя заданні. Рыхтаваўся да экзаменацыйных сесій. Пасля атрымання дыплома заатэхніка застаўся працаваць даяром. І не шкадую.

— Як аднавяскоўцы аднесліся да вашага выбару прафесіі?

— Скажу шчыра, было ўсё роўна, што пра мяне думалі. Час паказаў: рашэнне правільнае. Большасць аднакласнікаў пасля заканчэння Самахвалавіцкай СШ падаліся ў сталіцу, па-рознаму склаліся іх лёсы. Як позіркам акінуць мінулыя гады, маё жыццё багата на цікавыя падзеі. 

Калі побач з суседняй вёскай Самахвалавічы пабудавалі малочна-таварную ферму, перайшоў туды працаваць памочнікам слесара. А як з'явілася магчымасць, вярнуўся на дойку кароў. Ад кожнай за год атрымліваў больш за чатыры тысячы кілаграмаў малака — у той час высокі паказчык. За дасягнутыя вынікі адзначаўся граматамі, дыпломамі, грашовымі прэміямі.

— У маладыя гады равеснікі забаўляліся на дыскатэках, канцэртах, а ў вас вечарамі дойка кароў. Зайздросцілі ім? 

— І я не быў у баку ад культурнага адпачынку: наведваў дыскатэкі, ездзіў на канцэрты зорак эстрады ў Мінск. А вось сустрэчу з будучай жонкай лёс падараваў у райваенкамаце. Атрымаў павестку на дапрызыўную медкамісію. Праходзячы яе, звярнуў увагу на маладзенькую дзяўчыну, што афармляла дакументы. Асмеліўся пазнаёміцца і высветліў: нашы бабулі жылі ў Русінавічах праз дом, а мая родная цётка хрысціла Алу. Наканавана нам было сустрэцца ў райваенкамаце. 

Праз два месяцы пасля знаёмства згулялі вяселле, перабраўся ў Атоліна. Прымаком сябе не лічыў, занятак не памяняў — папоўніў атрад жывёлаводаў на мясцовай ферме. Ад гаспадаркі атрымалі маласямейную кватэру, нарадзілася дачка, а потым яшчэ адна. Тады перасяліліся ў новы катэдж каля адміністрацыйнага будынка гаспадаркі «Усход». Абсталявалі падворак, прысядзібны ўчастак, пасадзілі яблыні, грушы, вішні, ягаднікі. Побач дзіцячы садок і сярэдняя школа, дзе выхоўваліся дочкі. У іх ужо свае сем'і. Падрастаюць у нас трое ўнукаў. 

— Мікалай Мікалаевіч, некалькі дзён аддзяляе нас ад 2023-га. Якім для вас выдаўся Год гіста­рычнай памяці?

— Багатым на асабістыя падзеі і ў жыцці краіны. Са школьных гадоў памятаю пра нашу агульную гісторыю, галоўныя яе вехі. Ганаруся, што ў Самахвалавіцкай СШ, дзе я скончыў восем класаў, вучыўся будучы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Амельянюк. Перад будынкам школы ўсталяваны бюст мужнага героя. Атэстат сталасці ён атрымаў у даваенныя гады, вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі імя Кірава ў Мінску. З першых месяцаў нямецка-фашысцкай акупацыі ўвайшоў у склад Камароўскай партыйнай падпольнай групы. Рэдагаваў першы нумар  падпольнай  газеты Мінскага гаркама партыі «Звязда», удзельнічаў у стварэнні падпольнай друкарні, вызваленні з лагераў смерці ваеннапалонных. Уладзімір Амельянюк загінуў, выконваючы баявое заданне. Ведаю, што праз дваццаць гадоў пасля вайны яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. 

На сцяне школы, перад парадным уваходам, усталявана мемарыяльная дошка ў гонар Сяргея Атрашкевіча. Дваццацігадовым ён загінуў, выконваючы інтэрнацыянальны доўг у Афганістане. Пасмяротна ўзнага­роджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У Год гістарычнай памяці, пэўна, у кожнай сям'і прыгадвалі пра перажытае роднымі ў цяжкія часы. Мы шануем памяць пра дзядулю Антона і дзядзьку Анатоля, якіх забрала вайна. Маці захоўвае іх даваенныя фотаздымкі і пахавальныя. Ёсць што расказаць унукам пра лёсы нашых сваякоў.

— А ўнукі цікавяцца вашай працай?

— Расказваю ім пра каровак, цялятак, бывае, летам вяду на экскурсію да жывёл. Дачка Вольга з сям'ёю атабарылася ў Атоліне, пастаянна ўнукі ў нас. Наталля і Сабіна — школьнікі, а Аляксандру толькі тры гады. Мы з жонкаю дзяцей імкнуліся выхоўваць працай, а цяпер і да ўнукаў так ставімся. Прыемна было, калі пасля ўзнагароджвання медалём «За працоўныя заслугі» віншавалі родныя, калегі. 

— Ад вашага дома далёка да малочна-таварнага комплексу?

— Мінут пятнаццаць хадзьбы. Раніцай, калі крочу на комплекс, навокал пануе глухая цішыня, а над галавою зіхаціць зорнае неба. Па дарозе ёсць магчымасць паразважаць. Вартавымі на алеі перад жывёлагадоўчымі памяшканнямі сустракаюць прыцярушаныя снегам стройныя ялінкі. Захаджу ў кароўнік і сэрцам адчуваю, што не чужы тут. У памяшканні нават у самыя студзё­ныя дні суха і цёпла. Рагулі ў нас галштынскай пароды, да рэжыму ўтрымання прызвычаіліся. Раней даілі іх тры разы ў суткі, цяпер два. У пяць гадзін раніцы запускаем дванаццацімесную даільную ўстаноўку «Елачка», другую дойку пачынаем у пяць гадзін вечара. Сутачны надой ад каровы ў гэтыя зімовыя дні перавышае 27 кілаграмаў — для першацёлак добры паказчык. Двухразовае даенне дазваляе больш увагі надаваць кожнай жывёле, яно больш эфектыўнае. На невялікіх фермах лепш тры разы даіць рагуль, а на комплексах з вялікім пагалоўем складана прапускаць праз «Елачку» ўвесь статак. Пры трохразовым даенні каровы не паспяваюць адпачываць, трэба ім даць магчымасць выпрацаваць малако. Важна дакладна вытрымліваць графік даення. 

Мая асноўная задача на дойцы — сачыць за работай механізмаў. Расцёлы прымаюць спецыялісты і перадаюць нам нецеляў. Першацёлак спачатку раздойваем у даільныя вёдры — занятак гэты нялёгкі, патрабуе ўмення. Збіраем малодзіва для выпойвання цялят. Асобна зліваецца і малако ад кароў на пяты-сёмы дзень пасля ацёлу. Усё гэта патрабуе пільнай увагі.

— Разам з вамі пачынаюць працоўны дзень і даглядчыкі жывёлы. Да вашай працы маюць дачыненне?

— Самае прамое, бо ўсе разам працуем на агульны вынік. Яны забяспечваюць статак кармамі. Пагрузчык з траншэі загружае кормараздатчык сенажом, сіласам. Увесь працэс кармлення жывёл механізаваны. На працягу многіх гадоў трактарыстам на ферме працаваў цесць Уладзімір Аляксандравіч, да выхаду на заслужаны адпачынак даіла кароў цё­шча Ніна Васільеўна. У вечнасці яны ўжо. У былыя часы дома звычайна абмяркоўвалі працоўныя справы, радаваліся кожнаму поспеху, развіццю гаспадаркі.  

Дзесяць гадоў таму ў Атоліне пачаў дзейнічаць малочна-таварны комплекс з сучасным абсталяваннем. Тэхналагічны працэс аўтаматызаваны: малако ў халадзільнік паступае без дотыку рук чалавека. Рэалізуем яго на перапрацоўку на сталічны малаказавод толькі класам экстра, што дае дадатковы прыбытак і станоўча ўплывае на нашы заробкі. 

— Колькі галоў у замацаваным за вамі дойным гурце?

— Амаль дзве сотні першацёлак і кароў, колькасць іх пастаянна мяняецца. Раней працаваў разам з Лідзіяй Халецкай — павучыцца ў яе было чаму. Чалавек адказны, старанны. Шмат гадоў аддала працы на ферме, зараз на заслужаным адпачынку. На змену прыйшоў Валерый Багатка, ён з Гродзеншчыны. Сям'я яго атрымала жыллё побач з нашым падворкам. На дойцы мы праз дзень мяняемся. Калі неабходна, у выхадны прыходзім і дапамагаем адзін аднаму. У нас спрыяльныя ўмовы для працы, не тое што было трыццаць гадоў таму, калі пачынаў на калгаснай ферме ў Русінавічах. Галоўныя спецыялісты сочаць за рацыёнам кармлення жывёлы, кантралююць прадукцыйнасць, клапоцяцца пра абнаўленне дойнага статка. Прыемна, што вытворчыя паказчыкі пастаянна растуць. Па гаспадарцы сярэднегадавы надой ад каровы перавышае 8500 кілаграмаў.

— Напэўна, у кожнай рагулі свой характар?

— Паводзіны ў іх розныя: адна спакойная, другая няўрымслівая. Калі працаваў на невялікай калгаснай ферме, ведаў нораў кожнай. А зараз жывёлы пастаянна мяняюцца, не паспяваеш запамінаць. Першыя тры месяцы раздойваем іх, прызвычайваемся, і яны прывыкаюць да нас. Адну перад даеннем трэба пагладзіць, і яна на вачах становіцца больш лагоднай, а да іншай лепш праявіць строгасць, каб адчувала парадак.

— У гурце ёсць любімчыкі, якія нечым выдзяляюцца?

— Калі даглядаў пастаянную групу, канешне, былі такія. Яны адчувалі асаблівыя адносіны. Зойдзеш у памяшканне і па паводзінах жывёл заўважаеш, як сустракаюць цябе. Так прывыкаў да іх, што месяц адпачынку сцягваўся, карцела на ферму, да статка. Ведаў кожную карову па мянушцы, клікаў, і яны адгукаліся. Нават прыкмячаў, якая што больш любіць: сянаж, сакавітыя кармы ці сена. Жывёла на нашым комплексе ўтрымліваецца беспрывязна.  

— Калі выдаецца вольны час, як бавіце яго?

— З вясны да восені хапае спраў на агародзе, у садзе. З дзяцінства марыў зай­мацца пчоламі. Як займеў сядзібу, адразу заняўся пчалярствам. Трымаю дзясятак вуллёў. Няблага атрымліваецца: забяспечваю свае патрэбы, частую сваякоў, сяброў. Застаецца мядок і на продаж.

— Што больш грэе душу, калі ўспамінаеце пра дзяцінства?

— З тых цудоўных часоў жыцця запомніўся пах хлеба, спечанага бабуляй Аксінняй. Яна ў дзяжы старанна вымешвала цеста, накрывала яго і ставіла ў цёплае месца, каб падышло. У гэты момант у хаце панавала цішыня, толькі ў печы патрэсквалі дровы. Вечнасцю здавалася чаканне хлеба. Смак яго не забываецца. Хлеб — наша жыццё. 

— Ваша галоўнае правіла?

— Трымацца дысцыпліны ва ўсім і не забываць мудрасць: хто прамуе, той дома не начуе.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter