«Апасiяната»

На чарговы класны сход напярэдадні Новага года прыйшла большасць бацькоў. Гэта Івану Мікалаевічу было вельмі прыемна. Разумеў: рабяты паважаюць яго як чалавека і педагога, а таму іх таты і мамы з ахвотай прыходзяць на такія сустрэчы...

На чарговы класны сход напярэдадні Новага года прыйшла большасць бацькоў. Гэта Івану Мікалаевічу было вельмі прыемна. Разумеў: рабяты паважаюць яго як чалавека і педагога, а таму іх таты і мамы з ахвотай прыходзяць на такія сустрэчы. Натацый і папрокаў дарослым ён ніколі не наладжваў, а проста гаварыў з імі, што называецца, па душы, адначасова падказваў і раіўся. Калі ж і меў што каму сказаць, то рабіў гэта тактоўна – сам-насам. 

Пры ацэнцы работы і здольнасцей педагога часта кажуць, што ў яго нібыта талент ад Бога. Такія, канешне, ёсць і сярод настаўнікаў. Але ж іх няшмат – толькі адзінкі на тысячы. На шчасце, ён, Руднік, сваіх задаткаў яшчэ і ў інстытуце не перабольшваў. Але ўжо і тады бачыў, што ў ім вучыцца шмат выпадковых юнакоў і дзяўчат, якія не маюць прызвання да работы ў школе. Нехта паступаў сюды проста па знаёмству, нехта таму, што не хацеў ехаць далёка ад бацькоў. Хлопцы ж пасля службы ў арміі падавалі дакументы таму, што іх залічвалі па-за конкурсам. Атрымаўшы дыплом, многія потым ішлі працаваць у міліцыю, каб праз 20 гадоў атрымаць добрую пенсію і ўладкавацца некуды на работу. Ці ж нявыгадна? Пойдзеш працаваць у школу, будзеш пеклавацца са сшыткамі і вельмі хутка сапсуеш сабе нервы, а значыць, і падарвеш здароўе. 

Ён, Руднік, таксама не адносіў сябе да выбраных у педагогіцы. Але не мог не радавацца таму, што не размінуўся з прызваннем, бо сапраўды любіў дзяцей і сваю справу. З-за гэтага, відаць, яго прозвішча праз некалькі гадоў і пачалі называць у ліку лепшых настаўнікаў не толькі школы, але і райцэнтра. Прапаноў-валі быць завучам і дырэктарам, але ён штораз адмаўляўся, бо ведаў, што не народжаны быць адміністратарам. Гэта было прыемна, але не больш таго. Ён разумеў, што ёсць у яго і недахопы, таму трэба яшчэ шмат працаваць над сабой, каб іх выправіць. 

Такому перакананню ён ніколі не здраджваў, чытаў шмат рознай літаратуры і стаў сапраўды добрым прадметнікам. Нездарма яго ўрокі па адной тэме ў розных класах былі зусім не падобныя адзін на другі. Гэта была па-свойму творчая праца, якой ён спаўна і аддаваў сябе на працягу новага навучальнага года. Дзецям яго методыка выкладання падабаецца. Умее педагог абудзіць у іх цікавасць да свайго прадмета, навучыць паверыць у сябе і свае сілы. 

Яшчэ ў школе Руднік адразу  заўважыў, што не так і мала калег прычыну абрыву сувязі з класам бачаць не ў саміх сабе, а ў дзецях. Менавіта з вучнямі-непаседамі яны і пачыналі звычайна весці сваю “вайну ў акопах”. А такім часцей бывае нехта з лепшых, а значыць, і нефармальны лідэр у класе. І чым настойлівей настаўнік перавыхоўваў такога, пагражаючы заніжэннем адзнак, тым больш выяўляў сваю прафесійную непрыгоднасць у вачах дзяцей. Яго проста пераставалі паважаць. Раз і назаўсёды. Нават і тады, калі ён няблага ведаў свой прадмет і даваў па-свойму цікавыя ўрокі. Такая ж непавага перадаецца ў школе як бы па эстафеце ад пакалення да пакалення ў старэйшых класах. 

У Івана Мікалаевіча быў свой падыход у рабоце з дзецьмі. Крыкам альбо пагрозамі ён ні разу не прыструніў і не прынізіў ніводнага вучня ні ў адным класе. Спакойна рэагаваў на выхадкі бузацёраў, а потым звычайна дасціпна і трапна іх высмейваў, бо любіў пажартаваць на ўроку. Для эмацыянальнай разрадкі ў класе  і на карысць справе. Гэта дзейнічала, ды яшчэ як. Яго вострых рэплік вельмі баяліся. Яно і зразумела: быць пасмешышчам у вачах сяброў ніхто не захоча. Як і няўдаліцай, калі перабіраеш меру ў паводзінах. 

Так, гэта вялікая бяда, калі ў настаўніка няма пачуцця гумару. Бо відавочна ж, што там, дзе шмат істэрыкі і бездапаможнасці, даўно ўжо няма разважлівасці, а значыць, такту і самапавагі. Калі ж няма менавіта іх, то не адбыўся ты як педагог і пайшоў у жыцці не тою дарогай. А дзеці, трэба сказаць, па-свойму жорсткія і такой памылкі не даруюць. Магчыма, гэта і правільна. Ім больш падабаецца пэўны шарм у настаўніку, яны па-свойму паважаюць толькі таго, у кім ёсць пэўная загадка, хто заўсёды справядлівы і аб’ектыўны, умее заняць іх увагу і павесці за сабой, а калі сказаць яшчэ больш дакладна, то проста асобу. 

Гэта Руднік таксама даўно ведаў. Адзнак ніколі і нікому не завышаў і не заніжаў. Нават дзецям калег. Гэта яны ведалі, таму ні разу не рабілі такіх спроб. Не захвальваў ён і выдатнікаў. Тэму можна вывучыць на памяць, каб атрымаць адзнаку. А для яго найважней было прыву чыць рабят да самастойнай работы і заахвоціць да пошуку. Таму ён  паступова і ўдумліва ствараў у класах атмасферу спаборніцтва на кожным уроку. З гадамі ўсё больш набіраўся такога вопыту. Таму праграму свайго прадмета заўсёды звязваў з жыццём і практыкай, што дапамагала вучням у асэнсаванні і засваенні яе. Пастаянна вяртаўся ён і да раней прой-дзеных тэм, бо гэта і ёсць адзіны шлях да трывалых ведаў. 

Ведаў Іван Мікалаевіч і тое, што ў асобных яго калег ёсць надта завышаныя патрабаванні да дзяцей на ўроках з-за таго, што яны пераацэньваюць значэнне свайго прадмета. Гэта таксама было вялікай і амаль непапраўнай памылкай. Усё ж у дзяцей розныя здольнасці і свае інтарэсы. З імі абавязкова трэба лічыцца, каб некага не прынізіць. 

Сам Руднік культ ведаў і тэорыю ў сваёй рабоце на першы план таксама не ставіў. Часцей стараўся дапамагаць і падтрымліваць тых, хто сапраўды праяўляў цікавасць да яго прадмета. З такімі больш і працаваў, з такіх крыху больш і патрабаваў. За гэта на яго ніхто не крыўдаваў, бо бачыў, што настаўнік жадае яму толькі дабра. 

Мог ён і пастаяць за вучня перад калегай, абараніць, калі таго дарэмна ці прадузята крыўдзілі. На жаль, здаралася і такое. Але ўсе ў класе ведалі, што Руднік можа і вельмі строга спытаць за правінку. Не было ў яго і любімчыкаў, бо ён прынцыпова і цвёрда трымаў пэўную дыстанцыю паміж сабой і дзецьмі.  

Таму яны не толькі цанілі яго, а яшчэ і саромеліся быць перад ім у нечым вінаватымі. Таму нават гультаяватыя вучні стараліся як найлепш падрыхтавацца да яго ўрокаў. Калі нехта і забываў пра гэта, то ніколі адразу не ставіў яму двойкі. Зноў-такі самым бяскрыўдным для астатніх у класе жартам закранаў у вучні такую струнку самалюбства, што той не захацеў бы апынуцца ў такім становішчы яшчэ хоць раз. Але і рабіў гэта так, што ніколі не прыніжаў самой асобы дзіцяці ў вачах іншых. Нездарма яны і не станавіліся перад ім у позу, не аб’яўлялі свайго маўк-лівага байкоту. Наадварот, стараліся падцягнуцца ў вучобе і даражылі яго пахвалой. Таму і паспяховасць па яго прадмеце была толькі на вышыні ў кожным класе, які б любая камісія ні правярала. 

Сёлета Руднік стаў класным кіраўніком 9-га “Б”. Яго калектыў быў дружны і працавіты. Так нават рэдка бывае. Яму ўпершыню, можна сказаць, вельмі  пашанцавала. Быў ён проста акрылены. Гэты выпуск мог стаць адным з лепшых за гады яго работы ў школе. 

Закончылася паўгоддзе. Руднік прапанаваў класу на канікулах схадзіць у лыжны паход да Цар-дуба. Дзеці дружна яго падтрымалі. Але ён хацеў параіцца яшчэ і з бацькамі. Магчыма, нехта мог быць і супраць, заўпарціцца і не адпусціць сына ці дачку, якія вельмі хацелі пайсці разам з класам. Тады ў сям’і наспеў бы нікому не патрэбны канфлікт. І прычынай яго стаў бы найперш ён, настаўнік, які самастойна прыняў такое бяскрыўднае на першы погляд рашэнне. 

Бацькоў Іван Мікалаевіч яшчэ вельмі мала ведаў. Таму папрасіў іх расказаць, чым захапляюцца дома, што чытаюць і як праводзяць вольны час і выхадныя дні. Аказалася, што ў некаторых з іх ёсць такія заняткі, пра якія ён нават не здагадваўся. 

А вось з яго прапановай наконт лыжнага паходу прысутныя таксама дружна пага-дзіліся. Тады на іх абмеркаванне ён унёс і новую: на вясновых канікулах правесці сумесны “агеньчык” з дзецьмі. Няхай адны і другія пакажуць сябе ў розных конкурсах, выявяць свае таленты і здольнасці. Гэта было б вельмі цікава. Такіх мерапрыемстваў у школе яшчэ ні разу не праводзілася. Хіба ж не прыемна быць першапраходцам і падаць прыклад астатнім? 

Такая ідэя выклікала ў дарослых вялікі ўсплёск эмоцый і меркаванняў, а многія з іх проста перамяніліся ў яго на вачах. Асабліва прывабнай стала Святлана Антонаўна – маці Сяргея Акуліча. Да таго ён бачыў яе ўсяго два ці тры разы. Была яна яшчэ маладая і прыгожая тою адметнай і сталай красой, якую жанчыны маюць тады, калі ім крыху за трыццаць. Пышныя каштанавыя валасы хваляй спадалі ў яе за спінай, у вачах свяціліся агеньчыкі нейкай зваблівасці, а на шчоках як бы і пабольшалі сімпатычныя ямачкі, якія ёй так пасавалі. 

Жанчына, відаць, заўважыла, што ён часцей, чым на астатніх, паглядвае на яе, таму нават па-свойму і зніякавела ад гэтага. Але позірку ад яго не хавала – глядзела на яго смела і як бы з выклікам. 

Іван Мікалаевіч пачаў прыглядвацца да яе таму, што ў яе абліччы было нешта вельмі знаёмае. Яна некага яму нагадвала. А каго — ён не мог адразу і ўспомніць. 

І толькі тады, калі сход скончыўся і бацькі пачалі разыходзіцца, ён убачыў Святлану Антонаўну збоку,  у профіль,  і нарэшце-такі прыгадаў, што яна падобная на Рыту – яго  студэнцкае каханне... 

Руднік зайшоў у настаўніцкую, апрануўся і стаў спускацца па лесвіцы на першы паверх. Ён быў у одуме. Таму, калі цётка Дуня, прыбіральшчыца, нешта спытала ў яго, ён так недарэчы адказаў ёй: “Да пабачэння!” 

Пульхная коўдра снегу была заліта каля ганка святлом ад ліхтароў так, што Іван Мікалаевіч на нейкі момант ажно прыжмурыўся. Ішоў дадому крыху шпарчэй, чым звычайна, бо мог і не паспець да закрыцця ў гастраном. Ён ішоў, а ў памяці, як на зайгранай пласцінцы, гучалі адны і тыя ж радкі: 

Далекие милые были! 

Тот образ во мне угас… 

Затым Руднік доўга тупаў каля вітрыны з тартамі, выбіраючы, які з іх лепшы і смачнейшы. Жонка любіла бісквітныя, а іх было некалькі. 

Калі разлічыўся з касіркай і выйшаў на вуліцу, Іван Мікалаевіч нечакана ўспомніў: свой першы здымак Рыта падпісала яму ў такі ж дзень ажно дваццаць гадоў таму! 

Пацерушыў драбнаваты сняжок. Спачатку як бы і няхоцькі, а пасля ўсё шпарчэй і шпарчэй. Белая сцяна пагусцела так, што не стала бачна нават дрэў наперадзе – паўз дарогу. Навокал стаяла вельмі чуйная цішыня. Ці то і сапраўды яна была такой, ці такою здавалася таму, што ён з напружаннем услухоўваўся ў яе, як бы прагнучы пачуць нешта надзвычай важнае і дарагое. 

Цуды на свеце, відаць, усё ж бываюць. Ён паверыў у гэта зноў тады, калі зусім нечакана пачуў з акна на другім паверсе вуглавой кватэры ў наступным доме гукі бетховенаўскай “Апасіянаты” . Ён чуў яе і раней, у вёсцы па радыё. Але разумець пачаў менавіта тады, калі яна загучала ў выкананні Рыты... 

Ён заўсёды думаў, што на фізфаку вучацца толькі хлопцы. Але памыліўся. На іх курсе было каля паловы дзяўчат. Рыту Ярась сярод іх ён вылучыў адразу ж яшчэ тады, калі на першым курсе іх група ез-дзіла капаць бульбу ў калгас. Вылучыў, але не прыняў захадаў да заляцанняў. Па натуры Іван быў сарамлівы і не вельмі ўпэўнены ў сабе. Зразумела, вясковец і выхаваны ў сялянскай сям’і, у якой змалку прывучалі да сціпласці і не цярпелі хвалькоў і пустамеляў. 

Гэта здарылася ў час другой сесіі. Наступнай была лекцыя па гісторыі. Таксама агульная – для ўсяго курса. Больш паловы студэнтаў выйшлі ў перапынку на калідор. Тыя ж, хто застаўся, не адразу і заўважылі, як да фартэпіяна, што стаялі ў старым будынку інстытута амаль у кожнай аўдыторыі, падышла яна, Рыта. Убачылі гэта толькі тады, калі загучалі гукі да болю шчымлівага паланеза Агінскага. Усе адразу прыціхлі, нехта вярнуўся ў аўдыторыю, калі пачуў музыку. 

Ён, Іван, мабыць, упершыню і адчуў тады, якую ж вялікую абладу над чалавекам могуць мець гукі, што пачуты душой генія. Надзвычай чуллівы ад прыроды, ён менавіта ў тыя хвіліны пачаў адчуваць, як усю яго істоту перапаўняюць нязвыкла-ўрачыстая радасць і любасць да мясцін, у якіх яму выпала ўбачыць свет. Менавіта тады пачаў ён разумець, што такое настальгія і сум па сваёй малой радзіме. Аказалася, што яны даўно мелі абладу над яго душой і памяццю, яго думкамі і пачуццямі, бо ён так наіўна-чыста любіў той куточак Палесся, пад купалам якога срэбным званочкам празвінеў некалі і яго першы крык... 

Потым Рыта зайграла “Апасіянату”. І ад яе гукаў недзе аж пад горла накочваў камяк трывожна-прызыўнай узнятасці. Пачуцці і думкі яго сягнулі некуды ў такую незнаёмую вышыню, дзе пануюць толькі святасць і чысціня... 

Ён ніяк не мог паверыць, што яе, такую несмяротную і незабыўную музыку, напісаў таксама чалавек, якому было суджана потым стаць пылінкаю праху, хто меў такія ж, як у яго, рукі і душу, хто таксама перад некім звінаваціўся на зямлі, а магчыма, у нечым і перад Богам... 

Ніхто са студэнтаў не пачуў, як у калідоры празвінеў званок. Ніхто і не заўважыў, калі ў аўдыторыю зайшоў выкладчык – стары і заўсёды патрабавальны Максім Пятровіч. А ён сапраўды зайшоў і моўчкі стаяў у паўкроку ад зачыненых дзвярэй. 

Нехта першы гэта нарэшце заўважыў. Потым убачылі і ўсе, хацелі падаць Рыце нейкі знак. Але Максім Пятровіч рашуча памахаў ім пальцам, забараняючы перапыняць ігру Рыты. 

Нібы адчуўшы нейкую напружанасць вакол сябе, дзяўчына сама нечакана ўстала з-за фартэпіяна. Убачыўшы выкладчыка, збянтэжылася і запунсавела, як кветка ў расе. Той жа няспешна падышоў, узяў за руку, галантна пацалаваў яе і сказаў: 

— Вось бы мне аднойчы ў жыцці прачытаць такую ж лекцыю! 

Затым ён павярнуўся і выйшаў з аўдыторыі. Студэнты аж да званка на перапынак прасядзелі моўчкі, і ніхто не асмеліўся выйсці ўслед за выкладчыкам... 

Так нечакана Рыта і ўвайшла ў яго сэрца, стала яго першым вялікім каханнем. На жаль, яно было не ўзаемным, бо сваё яна даўно аддала іншаму. На трэцім курсе выйшла замуж, а праз год засталася адна, бо муж загінуў у аварыі... 

Крыху пазней яны, Іван і Рыта, у адной школе праходзілі практыку. Хадзілі адзін да аднаго на ўрокі, разам абмяркоўвалі іх. Наладзілі два літаратурна-музычныя вечары, на якіх ён чытаў свае вершы. Рыта вельмі спадабалася настаўнікам і вучням, яе ўсе толькі хвалілі. 

Тады ён і зусім страціў галаву. Рыта заўважыла гэта і сказала, што паміж імі не можа нічога быць, бо яна па-ранейшаму кахае мужа. Так, ён, Іван, добры чалавек і таварыш, але быць няшчырай яна не ўмее і не хоча. Жадае яму сустрэць сваю палавінку і будзе далей жыць так, як ёй наканавана лёсам... 

Яна, Рыта, і тады ўжо была вельмі мудрай... 

Так, потым ён і сапраўды закахаўся, калі праз некалькі гадоў убачыў у школе Марыю. 

Жонка таксама моцна кахала яго. Ён нават нейкі час не мог і паверыць у сваё шчасце. Калі спазняўся з урокаў, яна заўсёды хвалявалася і дакарала за тое, што не папярэдзіў яе аб гэтым. 

Міналі гады, але яна не мянялася і заставалася такой жа закаханай у яго і ва ўсім даверлівай. Гэта было прыемна яму, ужо крыху папаўнеламу і пасівеламу... 

Зайшоўшы дадому, Іван Мікалаевіч моўчкі падаў жонцы торт, стаў распранацца. 

— О, дык гэта ж мой самы любімы! – як дзяўчынка, зарадавалася яна, прыгарнула мужа і пацалавала ў халаднаватую шчаку. — Даўнавата ты не купляў мне такога смакоцця! Пайшлі на кухню, пастаўлю чайнік. 

Іван Мікалаевіч пайшоў услед за жонкай. 

Марыя наліла ў чайнік вады і паставіла яго на пліту. 

Ён выключыў на кухні святло, узяў жонку ззаду за плечы і павёў да акна. 

Снег за акном валіў ужо такі, што не відаць было ні дрэў, ні святла ў суседнім доме насупраць. 

Нічога не кажучы адно аднаму, яны сталі пільна ўглядацца ў цемру. Ён адчуваў, як пульсавала ў жонкі жылка на левай руцэ пад яго пальцамі. Нязвыкла п’яніў яго і пах яе валасоў. Яму побач з ёй было так добра, як, напэўна, не магло быць больш ні з адною жанчынай на свеце... 

Неўзабаве ён зноў зусім нечакана пачуў узрушаныя акорды “Апасіянаты”, якія адразу ж узнеслі яго душу ў такую паднябесную вышыню, у якой было толькі святло вялікіх і блізкіх зорак, што напаўнялі яе нечуваным шчасцем... 

Нібыта ў час першай сустрэчы з Марыяй стукала ў яго грудзях яшчэ не стомленае жыццём сэрца... 

Іван Мікалаевіч ў расчуленні схіліўся і пацалаваў Марыю ў правую скронь. Ён гэтак верыў цяпер, што ў такой цішыні тую музыку таксама чуе і яна... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter