Творы беларуса Уладзіміра Вішнеўскага будуць прадстаўлены ў Празе

Анёлы Уладзiмiра Вiшнеўскага

Выстава «Беларуская графіка. Традыцыі і сучаснасць. Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання» адкрыецца 15 чэрвеня ў Празе. Праект, прысвечаны сёлетняму юбілею, арганізаваны аб’яднанай рэдакцыяй газеты «СБ. Беларусь сегодня» сумесна з нашым пасольствам у Чэхіі і галерэяй «Артплац».

Мастак-графік Уладзімір ВІШНЕЎСКІ.

Экспазіцыя разгорнецца ў галерэі «Клеменцінум». Выбар невыпадковы. Выставачная зала размяшчаецца ў комплексе будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі, менавіта на яе сцяне ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Францыска Скарыны. Тут, у Празе, 6 жніўня 1517 года ён выдаў першую друкаваную Біблію на царкоўнаславянскай мове.

Уладзімір Вішнеўскі — мастак-графік, скульптар, кніжны ілюстратар, жывапісец, педагог — адзін з тых, чые творы будуць прадстаўлены ў Празе.

— Уладзімір Мікалаевіч, пагадзіцеся, прыгожы праект і сімвалічная повязь часоў: Скарына і сучасная беларуская графіка.

— Сапраўды, ідэя добрая, бо, відаць, вытокі сучаснай беларускай графікі трэба шукаць менавіта ў выданнях Францыска Скарыны. Ён не толькі  палажыў пачатак кнігадрукаванню, але паказаў сябе і як выдатны мастак-ілюстратар, майстар гравюры, наватар. Колькі гравюр выразана! І калі не сам ён іх рэзаў, то маляваў, мяркуючы па ўсім, сам, і добра маляваў, той жа аўтапартрэт пра гэта сведчыць. Наогул, цяжка ўявіць, які складаны працэс Скарына правёў перад тым, як прыступіць да кнігадрукавання: распрацоўка і адаптацыя шрыфтоў, адліўка набораў. Несумненна, ён многа гадоў займаўся менавіта падрыхтоўчай працай.

Лічу, Скарына — важнейшая фігура ў асветніцкім плане для фарміравання наступных пакаленняў, касмічнага маштабу. І разуменне Сусвету ў яго такое ж — касмічнае, тым больш што тагачасныя здабыткі: касмаганічная тэорыя, сонечна-планетарная будова Сусвету — былі яму вядомыя. Асоба Скарыны патрабуе асаблівага ўшанавання, каб яе веліч усведамлялася кожным, пачынаючы з дзіцячых гадоў. Але ў нас, лічу, яна недаацэнена пакуль.

«Белы і чорны анёлы».

— Колькі вашых твораў і якія паедуць у Прагу?

— У выставе разам са мной прымаюць удзел мастакі-графікі Валерый Славук і Раман Сустаў. Дамовіліся, кожны пакажа па дзесяць твораў. Яны ўжо ў Прагу перапраўлены. Што да выбару, то арыентаваўся на тыя работы, акцэнт у якіх зроблены на нацыянальнае ўсведамленне сябе, гісторыі, традыцый, каранёў, культуры нашага народа. Наогул, на гэтых тэмах базіруецца ўся мая творчасць.

— Графіка сёння — моцнае звяно нашага выяўленчага мастацтва?

«Апостал Васіль».

— Лічу, за апошнія гадоў сорак яна ўзнялася на самы высокі сусветны ўзровень. Творы нашых графікаў прадстаўлены ў многіх замежных музеях, бібліятэках, прыватных калекцыях. Нашы мастакі, як, напрыклад, Павел Татарнікаў, Юрась Алісевіч, Юрый Якавенка, удзельнічаюць у біенале па ўсім свеце і атрымліваюць найвышэйшыя ўзнагароды. Я, напрыклад, часта выстаўляўся сам і вазіў работы сваіх студэнтаў у Польшчу, ва Уроцлаў. Там многія прафесіяналы лічаць, што наша графіка — адна з самых высокіх па ўзроўні. Яна базіруецца на класічнай акадэмічнай школе. Канешне, ёй уласцівы пошукі фармальных новых сродкаў, але аснова малюнка — класічна-акадэмічная, таму і каціруецца вельмі высока. Гэта — сур’ёзныя, глыбокія па сутнасці творы.

— Вось і ў вашых  работах шмат метафарычнага, шматзначнага, шматсэнсоўнага...

— У творчасці я заўсёды арыентуюся на чалавека духоўна і інтэлектуальна развітага. Таму ў маіх афортах шмат слаёў. Калі разглядаць, то і не адразу могуць давацца разуменню. Але так я быў зарыентаваны з самага пачатку: каб мае творы спрыялі развагам, каб у іх пастаянна можна было нешта адкрываць, і хто больш ведае, той больш для сябе можа знайсці. Каб была ў іх большая напоўненасць духоўная, а не проста прымітыўнае: што ўбачыў, тое і намаляваў.

На жаль, у нас не вучаць думаць над творам мастацтва, каб яго зразумець. У школе — абсалютна нічога, па тэлебачанні — ніякіх адукацыйных праграм, адны серыялы. Дый пра саміх нашых мастакоў грамадскасць мала ведае, ні пра іх што-дзённасць, ні пра іх поспехі, нават калі яны атрымліваюць за свае творы самыя высокія ўзнагароды. Кепска гэта, канешне.

— А як ставіцеся да таго, што вашы творы параўноўваюць з гравюрамі Сярэднявечча?

— Мастацтвазнаўцы пра гэта пішуць. Але прамых аналагаў або цытат у мяне няма, канешне. Параўноўваюць, хутчэй, па настроі, па глыбіні, па вобразнасці. Напэўна, у гэтым доля праўды ёсць. Але многія тэхнічныя прыёмы траўлення, друкавання афортаў цалкам вынайдзены, прыдуманы мной, і я не бачыў, каб гэтым шляхам ішоў хто яшчэ.

— Больш за 30 гадоў вы выкладаеце ў Акадэміі мастацтваў. Якія яны, сённяшнія маладыя творцы, чаго хочуць, пра што думаюць?

— Таленавітыя студэнты трапляюцца. Але тут іншая праблема. Яны паступаюць у акадэмію і не ходзяць пасля на заняткі. Але ж вучыцца трэба. А яны не хочуць. Калі я быў студэнтам, нас проста з боем позна вечарам выганялі з майстэрняў. Зараз вечарам там нікога няма. І яшчэ адчуванне: яны вельмі закрытыя, ім прасцей праз інтэрнэт перапісвацца, чым з прафесарам пагаварыць. Мяне здзіўляе: хваліш — маўчаць, крытыкуеш — маўчаць. Хоць раззлуйцеся, думаю, адстойвайце сваю пазіцыю. Ніяк не рэагуюць.

Альбо ўзяць літаратуру. Столькі кніг зараз выпушчана — а не цікавяцца.

Мы некалі студэнтамі захапля-ліся творамі Караткевіча, Быкава, з гісторыі Беларусі нешта стараліся ўхапіць, перадрукоўкі, фотакопіі кнігі Міколы Ермаловіча «Па слядах аднаго міфа» шукалі. Па крупінках знаходзілі такую інфармацыю, убіралі, і ўсё гэта паступова фарміравала, у прыватнасці, і мяне, і маю творчасць. Памятаю, у інстытуце вялікі ўплыў на мяне зрабіла каханая дзяўчына. Яна была больш начытаная, інтэлектуальна развітая. Гэта падштурхоўвала мяне да самаадукацыі. Было сорамна, калі заходзіла размова, а я не ведаў, напрыклад, імя Гіёма Апалінэра і яго паэзію. Зараз задаю для мастацкага ўвасаблення тэму Караткевіча ці Скарыны: што хочаце прыдумвайце, любыя формы выкарыстоўвайце, тварыце. І ўражанне: студэнты проста не ведаюць, пра што ідзе гаворка, не ўсведамляюць, за што брацца.

Чаму яны такія — для мяне загадка. Напэўна, жывуць у інтэрнэце, падказкі там усе гатовыя, думаць не трэба, аналізаваць не трэба, і гэта адбіваецца на стасунках і на творчасці.

— Над чым зараз працуеце?

— Атрымаў вось заказ ад піцерскага выдавецтва на афармленне аднаго з раздзелаў Бібліі. Так што вярнуся з выставы ў Празе, і трэба брацца за ілюстрацыі.

— Дазвольце асабістае пытанне. Калі вы сабе прыдумалі гэты каларытны вобраз з шыкоўнымі вусамі?

— Гэта — ад Мулявіна і «Песняроў». Памятаю, як упершыню слухаў, калі яны яшчэ «Лявонамі» называліся. Так што здаўна мне гэты песняроўскі тыпаж спадабаўся, такім я ўяўляў сапраўднага беларуса — не з барадой, а мена-віта з вусамі. Спачатку вусы былі карацейшыя, як у войску служыў, зусім невялічкія, інакш не дазвалялі. Пасля ўжо адпусціў даўжэйшыя.

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter