— Узняты над канкафедральным саборам крыж — не апошні, — сказаў у час урачыстасці Мітрапаліт Філарэт. — Яшчэ многа крыжоў заззяе над нашым горадам Мінскам. Крыж — краса царквы, анёлам — слава.
Сабор іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасце” мае стаць такім жа сімвалам Мінска, як у Маскве храм Хрыста Збаўцы.
Канкафедральны храм у мікрараёне Захад, на скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Пятра Глебкі, быў закладзены ў памяць пра ахвяр чарнобыльскай катастрофы. Адбылося гэта 26 красавіка 1991 года, у пятую гадавіну аварыі на ЧАЭС. У час візіту ў Мінск у чэрвені таго ж года закладны камень асвяціў асабіста Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ. Фактычна ж будоўля сабора пачалася 6 лістапада 1994 года, а 6 лістапада 2007 года Мітрапаліт Філарэт адслужыў тут першую літургію.
25 кастрычніка мінулага года, у час апошняга візіту ў Мінск, Патрыярх Аляксій II асвяціў вялікі крыж, узняты ў той дзень над галоўным купалам сабора. Меркавалася, што наступным разам, наведваючы Беларусь, Патрыярх асвяціць і сам канкафедральны сабор, які на той час ужо будзе цалкам збудаваны і аздоблены. На жаль, пастыр усяе Русі заўчасна пайшоў з гэтага свету.
Тым часам наперадзе яшчэ многа работы па ўпрыгажэнні сабора як звонку, там і з сярэдзіны.
— Да заканчэння работ далёка. Але, магчыма, неўзабаве службы тут стануць пастаяннымі, а сабор — другім па значнасці і найбольшым у краіне, — выказаў спадзяванне настаяцель прыхода храма протаіерэй Ігар Карасцялёў.
Свята-Духаў кафедральны сабор у гістарычным цэнтры горада ўжо даўно не змяшчае ўсіх вернікаў, асабліва на вялікія святы.
Ад самага пачатку канкафедральны сабор будуецца выключна на ахвяраванні вернікаў. Як паведамляла наша газета, адзін з крыжоў над храмам быў пазалочаны на грошы жанчыны, якая ахвяравала значную суму, каб увекавечыць памяць пра сваю матулю. Ахвярадаўцаў запісваюць у царкоўны памяннік на вечнае памінанне.
Прыход іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасце” — вялікі комплекс: тут размешчаны царкоўныя навучальныя ўстановы, майстэрні. Дарэчы, тутэйшая хрысцільная Спаса-Еўфрасіннеўская царква, у якой з 1995 года праводзяцца набажэнствы, — першы праваслаўны храм, збудаваны ў Мінску пасля 1914 года.