Работы Никоса Сафронова представлены в таинственной атмосфере

Анёл святла

На парозе года ў выставачную залу Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра завітаў «Анёл святла». Тут прадставілі персанальную выставу вядомага расійскага мастака Нікаса Сафронава.


У гэтыя дні ўсе мы чакаем чагосьці незвычайнага. І вернісаж атрымаўся менавіта такім — ён праходзіў у фармаце вечара ў цемры. Карціны суправадзілі арыгінальнай падсветкай. Па выставачнай зале нячутна перамяшчаліся жывыя скульптуры ў вобразе анёлаў. Кожнай даме на ўваходзе ўручалася цёмна-бардовая ружа. Усё гэта надавала мерапрыемству святочна-казачную, таямнічую атмасферу.

— Такое светлавое рашэнне выставы — задумка Нікаса Сафронава, — паведаміла куратар выставы Аліса Стуканава. — Нам вельмі хацелася, каб наведвальнікі маглі хоць ненадоўга адарвацца ад штодзённых будняў, паглыбіцца ў прыгажосць, гісторыю кожнай канкрэтнай работы, пападарожнічаць разам з імі. Магчыма, лепш зразумець аўтара дапамогуць яго зашыфраваныя пасланні ў назвах карцін.

У экспазіцыі амаль пяць дзясяткаў жывапісных і графічных работ майстра, напісаных у розныя гады і ў розных жанрах. Венецыянскія эцюды змяняюцца ўспамінамі пра Егіпет і іншыя ўсходнія краіны, марскія і гарадскія пейзажы — партрэтамі, сюжэтнымі сюррэалістычнымі кампазіцыямі ва ўласцівым Нікасу Сафронаву аўтарскім стылі. Мастацкія творы прадстаўлены як у класічным выкананні — на палотнах, так і з выкарыстаннем мультымедыйных тэхналогій.


— Гэтай цудоўнай выставай заслужанага мастака Расіі мы закрываем 2021 год і адкрываем 2022-і. Гэта гонар для нас, — адзначыла дырэктар выставачнай залы Кацярына Шаўчэнка.

Пазнаёміцца з «Анёлам святла» ў Брэсце можна па 30 студзеня.

Віктар Любімаў, infong@sb.by

Фото БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter