Антон Лабаноўскі вярнуўся да сваіх каранёў

Яму паступае шмат прапаноў, але ён упарта і горда кажа: «Я сельскі настаўнік»
У ГЭТЫМ годзе на абласным фестывалі-конкурсе маладых настаўнікаў «Прызначэнне — педагог» Антона ЛАБАНОЎСКAГA далікатна папрасілі не ўдзельнічаць. Бо канкурыраваць з гэтым яркім і закаханым у сваю справу настаўнікам маладыя калегі проста не ў сілах. Да гэтага два гады запар Антон быў абсалютным пераможцам гэтага прафесійнага спаборніцтва. Цяпер маладому настаўніку Лaбаноўскаму прамая дарога на конкурс «Настаўнік года» — і творчы патэнцыял, і педагагічны талент іскрыць ідэямі. 

ВЫБАР прафесіі для Антона быў запраграмаваны, можна сказаць, на генетычным узроўні — настаўніцкая дынастыя з некалькіх пакаленняў бліжэйшых сваякоў перш за ўсё вызначыла яго прафесійны лёс.

— Настаўнічалi бабуля, мама, дзядзька і цётачкі. Таму доўга пра выбар прафесіі я не думаў. У 2009 годзе паступіў у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова. А на выбар факультэта перш за ўсё паўплывала школьная настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Аляксандраўна Селязнёва, якая прывіла сапраўдную любоў да беларускіх каранёў, нашай літаратуры і мовы.

А калі зразумеў, што абраў прафесію сапраўды па прызначэнні, ён пачаў свядома фарміраваць свой шлях станаўлення. Бо, акрамя таго, ён у 20 гадоў стварыў сям’ю, праз два гады яшчэ ў студэнцкi час у іх з жонкай Кацярынай нарадзіўся сынок Іван. І па жыцці трэба было ісці ўжо па-даросламу.

Будучы актыўным і паспяховым студэнтам, Антон атрымаў размеркаванне ў школу № 40 у Магілёве. Але, адпрацаваўшы два абавязковыя гады, адправіўся ў раённы аддзел адукацыі з просьбай знайсці яму працу ў вёсцы. Зараз ужо трэці навучальны год ён вучыць беларускай мове дзетак у Мяжысецкай сярэдняй школе Магілёўскага раёна, хоць жыве з сям’ёй у абласным цэнтры.

— Беларуская мова каранямі сыходзіць у вёску, там вытокі і беларускай літаратуры. Таму сельскія дзеці на беларускія творы адклікаюцца больш шчыра і душэўна. Я сам — сельскі хлопец родам з вёскі Мішні, што на Мсціслаўшчыне, ведаю, што ёсць сялянская праца. Большасць беларускіх класікаў вяртаецца ў сваёй творчасці да спрадвечнага сельскага побыту, усе яркія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі тужаць пра малую радзіму і так ці інакш паўтараюць: «Трэба дома бываць часцей». І тэма малой радзімы мне таксама блізкая па духу. Як і мая мама Наталля Уладзіміраўна, настаўніца пачатковых класаў Расненскай сярэдняй школы, я з радасцю кожны дзень еду вучыць дзяцей. І цяпер мая дарога на працу не два прыпынкі на гарадскім аўтобусе, а 25 кіламетраў да вёскi. Можа, у будучыні напрацаванае прафесійнае майстэрства дапаможа мне і гарадскіх дзяцей закахаць у беларускую вёску, дзе крыецца галоўны выток нашага жыцця.

АНТОНУ Лабаноўскаму ўжо цяпер паступаюць прапановы перайсці працаваць у магілёўскія школы, і нават ліцэй, — таленавіты педагог ярка «засвяціўся» на прафесійнай ніве. Але ён упарта і горда кажа: «Я сельскі настаўнік». Ён уласным прыкладам не толькі вучыць, але і выхоўвае маленькіх вяскоўцаў.

— Сельскі настаўнік павінен прыўносіць новыя магчымасці ў жыццё дзяцей на сяле, адкрываць ім дарогу ў свет. Але пры гэтым я маю маральнае права сказаць ім, наколькі важна дапамагаць бацькам на падворку і ганарыцца гэтым. Бо сам ведаю гэтую працу не па чутках. Але вясковае жыццё складаецца не толькі з працы. Мне радасна, калі хлопцы не сядзяць за камп’ютарам і гаджэтамі цэлымі днямі, а бягуць на стадыён. Ці калі мы ладзім у школе сапраўдны вечар беларускага кіно — і гэта выклікае іх жывую цікавасць. 

Акрамя аўтарскіх канспектаў урокаў, разлічаных на канкрэтных вучняў, у арсенале маладога педагога мноства ўласных знаходак — ад пявучай беларускай гаворкі не толькі на ўроку, але і ў штодзённым ужытку, да прынцыповай пазіцыі ніколі не павышаць на вучняў голас. Некаторыя нават адразу не маглі зразумець настаўніка, пакуль не ўбачылi, што да Антона Мікалаевіча на ўроку трэба прыслухоўвацца, а гэта канцэнтруе ўвагу і ўзмацняе ўспрыманне інфармацыі. А тое, што пявучая вобразная беларуская гаворка Антона Лабаноўскaгa льецца літаральна як песня, прыйшлося пераканацца і мне падчас гутаркі.

Яшчэ Антон Лабаноўcкi піша вершы і байкі на беларускай мове — чытае іх вучням і публікуецца ў прэсе. Марыць выдаць зборнік сваіх твораў. 

А ўчора ён разам з дэлегацыяй лепшых магілёўскіх педагогаў прымаў віншаванні ў Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь на рэспубліканскім свяце, прысвечаным Дню настаўніка.

P.S. Пасля гутаркі з Антонам у мяне не было выбару — упершыню за доўгія гады вырашыла напісаць матэрыял на беларускай мове. Калі мой суразмоўца даведаўся пра гэта, ён з радасцю ўсклікнуў: «Спрацавала!» 

garaninova@sb.by

Фотa Алега ЛАРЧАНКI.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter