XI Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М@rtКонтакт” паказаў творчыя набыткі

Аншлаг, яшчэ аншлаг

XI Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М@rtКонтакт” паказаў творчыя набыткі


Білетаў сёлета на форум у Магілёве было прададзена каля 4,5 тысячы. У той час як на першы маладзёжны тэатральны форум — усяго 2 тысячы. З кожным годам “М@rtКонтакт” набірае абароты, умацоўвае пазіцыі, падкрэсліў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця тэатральнага свята Міністр культуры Барыс Святлоў:


Спектакль па апавяданнях Васіля Шукшына прадставіў на форуме “М@rtКонтакт” маскоўскі драмтэатр “Сфера”

— Форум у Магілёве стаў галоўнай пляцоўкай для маладых і таленавітых дзеячаў тэатра як нашай краіны, так і замежжа. Тут можна ўбачыць самыя сучасныя і арыгінальныя спектаклі.

З году ў год удзельнікаў становіцца ўсё больш. Калі на першым фестывалі было прадстаўлена ўсяго 6 пастановак, то цяпер ужо — 20. Свае лепшыя работы прывезлі тэатры з 9 краін: Германіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Малдовы, Расіі, Балгарыі, Арменіі, Беларусі.

Большасць спектакляў — класіка, але рэжысёры і акцёры пры гэтым здзіў­ляюць гледача. Бо маладзёжны форум — заўсёды свежая нота, незвычайнае прачытанне, рызыка, эксперымент. Булгакаўская “Майстар і Маргарыта” у палякаў — не проста пастаноўка, “блізкая да тэксту”. Тэатр з Варшавы пайшоў далей і паспрабаваў выклікаць духаў рамана.

“М@rtКонтакт” — заўсёды інтрыга, чаканне незвычайнага, таму і едуць у Магілёў знакамітыя рэжысёры, акцёры, крытыкі з розных гарадоў і краін. Паляк Андрэй Масквін, напрыклад, тут ужо даўно свой, паколькі стаў пастаянным удзель­нікам:

— Прыязджаю, бо ведаю, што задавальненне гарантавана. Тут амаль кожны спектакль — выбух эмоцый. А цяперашні “М@rtКонтакт” мне асабліва цікавы. Бо 99 працэнтаў пастановак, заяўленых у афішы, я дагэтуль не бачыў. Так што буду здзіўляцца і радавацца разам з публікай.

Калега Масквіна — вядомы тэатральны крытык з Гановера Ніна Мазур. Яна таксама гатовая дзеля форуму пераадолець любыя адлегласці:

— Мне ўжо цяжка ўявіць вясну без “М@rtКонтакту”. Чаму так імкнуся ў Магілёў, чаму так рада вас усіх ба­чыць? Мы ж не радня, жывём у розных краінах. Але гэты форум аб’ядноўвае. У адрозненне ад многіх іншых міжнародных, ён вучыць ба­чыць прыга­жосць, дабрыню і гуманнасць.

Тэатральныя крытыкі прыбылі ў абласны цэнтр нягледзячы на тое, што прафесійнага журы на цяперашнім фэсце не было. Арганізатары вырашылі не прысуджаць Гран-пры, першых месцаў, узнагарод за лепшую рэжысёрскую работу, мужчынскую і жаночую ролі, як гэта было на ранейшых “М@rtКонтактах”. Растлумачылі — няхай гэта будзе не спаборніцтва, а проста добрае, светлае свята. А заадно парадавалі тым, што не сталі паднімаць цэны на білеты.


Спектакль “Майстар і Маргарыта” прадставіў тэатр з Варшавы

Зрэшты, форум каштоўны не тым, што білеты параўнальна танныя. На думку вядомага беларускага тэатральнага крытыка Таццяны Арловай, яго галоўная заслуга ў тым, што тут можна шмат чаму павучыцца не толькі маладым, але і масцітым крытыкам, акцёрам, рэжысёрам:

— У беларускай тэатральнай прасторы “М@rtКонтакт” мае вельмі добрую рэпутацыю. Мы не проста атрымліваем асалоду ад пастановак, мы адкрываем для сябе нешта новае. Форум дае стымул для развіцця і Магілёўскаму тэатру, і тэатральнаму мастацтву ў цэлым. Гэта творчая лабараторыя, дзе апрабуюцца новыя тэатральныя сродкі, методыкі, формы.

Некалькі спектакляў па заслугах ацанілі і крытыкі, і гледачы. “Мроі кахання, або Жаніцьба Бальзамінава” піцерскай “Майстэрні” за кулісамі называлі не інакш як філіграннай работай майстра і яго вучняў. Майстар — вядомы расійскі рэжысёр Рыгор Казлоў, у якога, дарэчы, ёсць беларускія карані, — некалькі гадоў назад быў удзельнікам форуму. І рад выступаць на гэтай сцэне зноў:

— Мы едзем сюды не дзеля ўзнагарод, а каб пазнаёміцца з творчасцю калег. Гэта важна. Мне цікавыя маладыя беларускія рэжысёры, у Беларусі я ўбачыў спектакль, пастаўлены паводле п’есы вашага сучаснага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага. Уражаны.

Дарэчы,  упершыню на форуме паказалі спектакль у “незвычайнай прасторы”. Не на традыцыйнай тэатральнай пляцоўцы, а ў будынку Музея этнаграфіі.

Вольга Кісліцкая


Студэнтам прапаноўваюць паказаць талент


Маладзёжны фестываль мастацкай творчасці “АРТ-вакацыi”, які праводзіцца з 2003 года, стартаваў зноў

Праект не страчвае папулярнасці, бо імкнецца ісці ў нагу з інтарэсамі ды захапленнямі маладога пакалення, і сёлета аб’яднаў ужо 53 ВНУ. На гэты раз нароўні з песнямі, танцамі, цыркавым майстэрствам, літаратурнай творчасцю, фатаграфіяй, выяўленчым мастацтвам, відэаролікамі ў праграме з’явіліся спаборніцтвы па арт-гумары, у тым ліку ў модным цяпер жанры стэндапа.

Сакратар журы Таццяна Грышукевіч, метадыст Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, гаворыць, што “АРТ-вакацыi” — праект унікальны для постсавецкай прасторы, паколькі, як правіла, у суседніх краінах робяць стаўку на жанравыя фестывалі — харавыя, танцавальныя:

— У нас жа прадстаўлены ўсе віды творчасці, таму атрымліваецца вельмі шматгранны масавы фэст. Спачатку хлопцы і дзяўчаты спаборнічаюць у сваіх універсітэтах, потым на ўзроўні вобласці, а кульмінацыя — фінал у мінскім Палацы спорту, які адбудзецца 14 мая. Іскрынка гэтага года — шмат інтэрактыву, у тым ліку будзе інтэрнэт-галасаванне за лепшых удзельнікаў. Цяпер кожны можа паглядзець, што прадставілі калегі з іншых ВНУ, ацаніць узровень выступленняў і работ.

Сваё майстэрства ўжо паказалі студэнты некалькіх універсітэтаў Мінска, Магілёва і Беларускай дзяр­жаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, “АРТ-вакацыi” прымаў і Гомель.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter