Слонимскому драмтеатру - 30, он продолжает традиции Огинских

Аншлаг па бязвізе

Цудоўны і славуты Слонім. Тут сёлета з вялікім размахам прайшоў Дзень беларускага пісьменства — кажуць, атрымалася самае шыкоўнае свята за папярэднія. І не дзіва, бо горад прасякнуты подыхам старажытнасці. Што ні будынак — легенда, што ні вуліца — гісторыя. Старастам тут быў будучы канцлер ВКЛ Леў Сапега, адметны «Дом оперы» з глядзельнай залай на 2000 месцаў у ХVІІІ стагоддзі стварыў Міхал Казімір Агінскі. Культурная арэна стала Меккай Еўропы, на водным канале падчас пастановак разводзіліся шлюзы, і артысты, прамаўляючы ролі, плылі на лодцы. Агінскі настолькі пранікнуўся мястэчкам на Шчары, што завяшчаў так: «Пахавайце мяне, дзе хочаце, але маё сэрца належыць Слоніму. Як памру, калі ласка, дастаньце яго і туды завязіце». Просьба вялікага канцлера і культурнага дзеяча была выканана. Сэрца ў залатым куфэрку зберагалася ў мясцовым касцёле Святога Андрэя. Хоць яно даўно скрадзена ды зруйнаваны часам і войнамі славуты тэатр — традыцыі працягвае новы будынак і апантаны калектыў, які ў студзені адзначае 30-годдзе сваёй творчасці.


АДНОЎЛЕНАЙ пабудове, у якой разгортваюцца драматычныя дзеі, няма і шасці гадоў. Тым не менш пад ёй таксама векавая гісторыя. Калісьці, у 1900 годзе, на гэтым месцы ўзвялі Народны дом, дзе выступалі Фёдар Шаляпін, Галіна Вішнеўская, Міхась Забэйда-Суміцкі, Ян Кепура, дзясяткі расійскіх абласных тэатраў. З 1980-х будынак не скарыстоўваўся і пакрысе рушыўся.

— Тым часам наш тэатр месціўся на задворках Цэнтра культуры, у невялікім флігелі. Былы кіраўнік Мікалай Лішык, які праслужыў сцэне каля 15 гадоў, ініцыяваў і прыклаў вялікія старанні, каб на месцы руін аднавіць дом сівой даўніны. Дарэчы, у сценах заўважныя ўкрапіны мура 1900 года, — дакранаецца да векавога каменю дырэктар Слонімскага драмтэатра Аляксей Ткачоў.

Дырэктар Аляксей ТКАЧОЎ .

За кіраўніка Аляксей Мікалаевіч тут з 2018-га, але з культурным жыццём раёна знаёмы даўно. На працягу 10 гадоў галоўны Дзед Мароз Слонімшчыны, прафесіны рэжысёр і ў нядаўнім мінулым намеснік дырэктара мясцовага Дома культуры. Адзначае, што для раённага цэнтра дзяржаўны драматычны тэатр — рэдкасць. У Беларусі яны яшчэ ёсць у Пінску, Бабруйску, Мазыры — бадай, і ўсё. Між тым названыя гарады — статысячнікі, а ў Слоніме 46 тысяч жыхароў.

— У 1948 годзе Міхаіл Фрыдман арганізаваў народны тэатр, падчас перабудовы Мікалай Варвашэвіч задумаў узвысіць яго статус да дзяржаўнага драматычнага, — гартае архіў загадчык літаратурнай часткі Сяргей Чыгрын. — Для гэтага трэба было адолець эксперымент: установа, пераве­дзеная на гаспадарчы разлік, павінна сама сябе акупляць і плаціць заробкі. Выпрабаванне без напругі пройдзена, і ў студзені 1990 года ў Слоніме адкрыты прафесійны тэатр.

Загадчык літаратурнай часткі Сяргей ЧЫГРЫН.

Дагэтуль творчая ўстанова не развучылася зарабляць. Летась паказалі 365 спектакляў для 25,5 тысячы гледачоў і выручылі 112 тысяч рублёў, прытым кошт квіткоў невысокі, дзіцячыя — па 4 рублі, дарослыя — па 6.

— Да таго ж прапануем у арэнду глядзельную залу, прымалі экс-саліста гурта «Фрыстайл» Сяргея Дубровіна, Яўгена Хаменку, прыязджаюць з пастаноўкамі драмтэатры. Мы таксама наносім адказныя візіты, у тым ліку на абласную сцэну, сёлета ўпершыню абмяняліся вопытам з Новым драмтэатрам у Мінску. Актыўна гастралюем па суседніх раёнах — Ваўкавыскім, Дзятлаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Смаргонскім, Пружанскім, Ружанскім, Івацэвіцкім, — разглядае каляндар спраў дырэктар.

Сцэна са спектакля «Трыбунал».

Штукараць кравецкі і сталярны цэхі, мастацкая майстэрня — сваімі сіламі ствараюць касцюмы і дэкарацыі. Летась тэатр заваяваў прэмію імя заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Івана Ушакова. Прэмію імя былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Дубко атрымалі артысткі Наталля Шугай і Ірына Яцук. Аляксей Ткачоў падумвае нават стварыць мясцовы адмысловы фестываль, дзе б спаборнічалі і дзяліліся вопытам правінцыяльныя тэатры.

У акцёраў шчыльны графік — толькі што паказвалі дзіцячы спектакль «Подарок для звездочки», тут жа — рэпетыцыя казкі «Вовка в огнедымном царстве». Рэжысёр дзвюх пастановак — апантаная актрыса з амаль 30-гадовым стажам Вікторыя Міхальчык. Ставіць п’есы па ўласнай ініцыятыве і закліку душы, такім чынам спрабуе глыбей данесці іх да гледача:

— Як пісаў вялікі рускі класік Мікалай Гогаль: «Тэатр — гэта кафедра, з якой можна сказаць свету многа дабрыні». Стараюся, каб людзі прыходзілі адпачыць і заадно неназойліва пачарпнуць карыснае, убачыць сябе збоку.

Артыст вышэйшай катэгорыі Сяргей Яўменаў на сцэне 18 гадоў. Аднак і яму не ўсё лёгка даецца. Найцяжэй прыйшлося з роляй непрыстойнага юрлівага дзяка. Пабаяўся, што не зразумеюць землякі. Падае вялікія надзеі мясцовая Паўлінка Галіна Ерамейчык. Прый­шла ў тэатр адразу пасля школы, завочна скончыла акадэмію мастацтваў і, як арэшкі лузгае, іграе адказныя ролі. Яе калега Багдан Клімаў і зусім пакінуў былое месца працы, абы аддаваць сябе гледачу. Шчыра і ярка ён толькі што сыграў шэрага верабейку, закаханага ў прывабную зорку, што ўпала на грэшную зямлю. Гэта адна з першых галоўных роляў Багдана, і пакуль што яму такое амплуа падабаецца.

Галоўны рэжысёр Васіль Сявец.
— На 65 працэнтаў наш рэпертуар дзіцячы, — уводзіць у курс справы галоўны рэжысёр Васіль Сявец. — Ставім моцныя казкі, з якімі нідзе не сорамна. А ў цэлым слонімскаму гледачу цікава тое самае, што і ўсім. Найперш гэта камедыі, бо, прыйшоўшы ў залу, хочацца адпачыць, а не напружваць галаву. Між тым нядаўна паставілі трагедыйную гісторыю Гарсія Лоркі «Дом Бернарды Альбы». Дарэчы, ёсць многа цудоўных замежных п’ес, але праблема ў атрыманні дазволу. Не так проста бывае звязацца з аўтарам, таму шмат прасцей рабіць з расійскімі ці беларускімі пісьменнікамі. З роднай драматургіі ў рэпертуары — «Паўлінка», «Прымакі» Янкі Купалы, «Вось табе і гоцаца!», куды ўвайшлі дзве п’есы — «Пісаравы імяніны» У. Галубка і «Пярэстая красуля» А. Чужыніна, «Камедыя» У. Рудава, «Трыбунал» А. Макаёнка, «Тарас на Парнасе» С. Кавалёва. А, напрыклад, «Сямейны партрэт з чужым», «Ход конем» у арыгінале рускамоўныя, на роднай мове загучалі дзякуючы Сяргею Чыгрыну.

— Пераклаў 20 п’ес. Працэс скрупулёзны, адолеў адну дзею — чытаю ўслых, акурат як песню, дапрацоўваю, — Сяргей Мікалаевіч выдаў больш за 60 кніг па гісторыі Беларусі і Слонімшчыны, загадвае літаратурнай часткай з самага адкрыцця тэатра.

СЛОНІМСКІЯ акцёры паставілі каля паўсотні спектакляў, хутка за іх дзеяй змогуць назіраць турысты: горад далучыўся да праграмы «Карта госця» і стаў бязвізавай зонай. У 2020-м рэпертуар пабагацее яшчэ чатырма прэм’ерамі, усе службы на варце творчасці. Стракоча машынкай закрой­шчык-кравец Ірына Канановіч:

— Мастакі малююць, а мы ажыццяўляем задумкі. Бываюць вобразы простыя, здараецца і наадварот. Напрыклад, у «Тарасе на Парнасе» 26 плашчоў з залатымі аблямоўкамі для багоў краіла на падлозе, бо інакш не хапала месца.

Калектыву ёсць на каго раўняцца і да чаго імкнуцца: быццам экзамен здаюць перад самім гетманам Агінскім. Яго славуты «Дом оперы» працаваў у Слоніме чвэрць стагоддзя і пакінуў незгасальны след. З абедзвюх старон сцэны вялі баталіі па 20 коннікаў, ігралі аркестры, білі і асвятляліся каляровыя фантаны. Памяць пра славутых дзеячаў слонімцы ўшаноўваюць — у помніках, назвах вуліц, добраўпарадкаванні гістарычных пабудоў, раўнюткай струнцы акультураных каналаў Агінскага. Няма хіба што ў залатым куфэрку сэрца гетмана, ды нават скрадзенае і завезенае на Усход — яно ўсё роўна належыць Слоніму.

basikirskaya@sb.by

Фота аўтара і Сяргея ЧЫГРЫНА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter