Англiйская «камандзiроўка»

Бабруйчанiн   Генадзь   Iваноў   захацеў   адчуць   сябе   чалавекам   свету

Бабруйчанiн   Генадзь   Iваноў   захацеў   адчуць   сябе   чалавекам   свету

Генадзь Iваноў станавiўся на «крыло» ў Бабруйску. Тут скончыў мастацкую школу, а затым вядомае мастацкае вучылiшча № 15. Падаваў надзеi ў жывапiсе. Пра гэта сведчылi яго перамогi  на рэспублiканскiм творчым конкурсе «Духоўнасць», некаторых iншых. Мацнела рука, цяпер ён – прыкметная фiгура ў асяроддзi мастакоў. Здавалася б, што яшчэ трэба! I вось нечакана Генадзь пераязджае ў Англiю. Тут ужо некалькi год жыве i працуе, але думкi, як прызнаецца, заўжды на радзiме. Вось i з гэтай творчай справаздачай – перад землякамi, прадставiўшы на iх суд каля трох дзесяткаў сваiх работ. Гэта яго чацвёртая персанальная выстава ў горадзе на Бярэзiне.

— Генадзь, ваша творчасць добра вядома бабруйчанам, але хацелася б даведацца, што вам дала англiйская «камандзiроўка», чым ўзбагацiла?

— Канешне, знаходжанне на туманным Альбiёне не магло не адбiцца на маёй творчасцi. Цяпер я болей працую ў стылi хаўс-арт, цi iнтэр’ерны жывапiс. Ён модны на Захадзе. Захапiўся iм i я, выканаў нямала работ, з якiмi выстаўляўся ў горадзе Норвiчы, дзе жыву, у вядомай лонданскай «Галерэi», iншых месцах. Мне кажуць: «Працуеце ў амерыканскiм стылi». Можа, i так. Аднак адно дакладна ведаю, што ў душы я – беларус. Ды гэта бачна i па маiх работах. На радзiму я прывёз выбранае, тое, што стварыў за апошнiя тры гады. Спадзяюся, усё будзе даспадобы гледачам.

— Раскажыце, калi ласка, больш падрабязна пра ваша знаходжанне на туманным Альбiёне: дзе жывяце, працуеце, якiя творчыя здабыткi маеце?

— Жыву я ў горадзе Норвiчы, у двухстах кiламетрах ад брытанскай сталiцы. Канешне, напачатку нялёгка даводзiлася: трэба было прызвычаiцца да тутэйшых умоў, як кажуць, ухапiць дух брытанца. Напэўна, мне гэта ўдалося. Ва ўсялякiм разе, менш узнiкае праблем. Цяпер болей сканцэнтраваны на творчасцi. Немалое значэнне мае тое, што ў мяне свая галерэя. Працаваць даводзiцца шмат — канкурэнцыя вымушае. Я скончыў каледж мастацтваў у Норвiчы, праблем з матэрыяламi няма: што хочаш, тое малюй. Аднак глядзi, каб не ўпустую, а каб твая прадукцыя была ў хаду. Брытанцы – народ пераборлiвы i абы-што  купляць не будуць. Нямала працую па заказах, палову маiх работ раскупiлi на выстаўцы ў Лондане. Так што iнтарэс да маёй творчасцi ёсць, а гэта стымулюе працу.

Я з’яўляюся членам Асацыяцыi сучасных англiйскiх мастакоў, членам Каралеўскай асацыяцыi акварэлiстаў усходняй Англii, мая работа «Рамантык» уключана ў лiк лепшых партрэтных работ Вялiкабрытанii за мiнулы год. Хоць заваяваць iмя ў 50-мiльённай Англii не так проста...

— На радзiме, магчыма, гэта ў вас хутчэй атрымалася б. Дык чым растлумачыць ваш ад’езд на туманны Альбiён?

— Канешне, мне нялёгка даўся гэты крок: i так узважваў, i гэтак. Расставанне з радзiмай — заўжды перажыванне... Тым не менш, як гаворыцца, выбраўся ў дарогу. Мне захацелася навiзны, пабачыць свет, творчыя лабараторыi. Паглядзець i сябе паказаць. У вынiку адчуць сябе чалавекам свету. Сёння я ў Англii. Не выключана, што заўтра буду ў iншай краiне. Ва ўсялякiм разе, мяне запрашаюць працаваць у Францыю. Вывучаю мову гэтай дзяржавы, яе тэрытарыяльны падзел. Каб быць падрыхтаваным да сустрэчы з ёй.

— Часам не ўзнiкае жадання вярнуцца на радзiму?

— Я вось прыехаў i парадаваўся за родны Бабруйск: змены адчувальныя. Яны i ў знешнiм аблiччы горада, i ва ўнутраным, у паводзiнах людзей, ва ўзросшым дабрабыце. Наведванне родных мясцiн было для мяне прыемным адкрыццём.  Я  пераканаўся, што ўсё на маёй радзiме будзе добра. Ну а цi вярнуся назад? Загадваць не буду, але хутчэй, што так...

На здымку: Генадзь Iваноў ля сваёй работы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter