Два гады назад калядныя святы ў мiкрараёне Серабранка адзначалi надзвычай маляўнiча. Прапанову ксяндза Iгара Лашука па аздабленнi каплiцы актыўна падтрымалi мастакi, сярод якiх была майстар па саломапляценнi Валянцiна Лойка.
Спачатку яна адмаўлялася: няма вопыту, адказнасць вялiкая. Але святар сказаў: «У вас усё атрымаецца». Словы гэтыя сталi для Валянцiны як благаславенне. I сапраўды, праблем вялiкiх не ўзнiкла. У нататнiчку мастачкi i сёння захоўваецца запiс з пералiкамi таго, што давялося майстраваць: 6 зорак калядных, 2 алтарныя анёлы, тры харугвы з анёламi, 29 малых анёльчыкаў, 150 званочкаў да ёлкi, 64 актаэдры. Усяго каля 300 вырабаў!
Пра незвычайнае свята ў Серабранцы расказвалi газеты i тэлебачанне. Але за кадрам засталася вялiкая работа, якую правялi мастакi.
— Усё мы рабiлi самi. Нават сена i салому па дарозе да прыпынку наслалi, нiбыта калядную сцежку праклалi...
Дарэчы, Валянцiна рабiла анёлаў з саломкi не толькi для храма. У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасцi дзяцей i моладзi, дзе яна працуе i вядзе гурток, адзначаў
40-годдзе ўзорны ансамбль «Зорачка». Папрасiлi Лойку дапамагчы аздобiць сцэну.
— I зрабiла я шасцiметровае ўпрыгажэнне, — успамiнае Валянцiна. – Запалiлi святло — ажыла сцэна. А над ёю — мой анёл...
— А чым у гэтыя Каляды парадуеце? – цiкаўлюся ў мастачкi.
— Пачынаецца рэспублiканская выстава «Калядная зорка», рыхтуюся да яе належным чынам...
Валянцiна расказвала пра свае планы, а я аглядаў пакой студыi. Ён быў запоўнены вырабамi з саломкi ад падлогi да столi. Былi там вялiкiя колы i маленькiя цацкi, харугвы i анёлы, павукi i саламяныя лiхтарыкi...
З размовы зразумеў, што сувенiры з саломкi для мастачкi ўжо пройдзены шлях. На чарзе – манументальныя творы. Лойка абрала чатыры напрамкi дзейнасцi: афармленне абрадавага кола, рамеснiцкую рэканструцыю фэстаў культуры сярэднявечча, сцэнаграфiю да музычных i тэатральных праектаў, афармленне мастацкiх акцый...
Валянцiна – жанчына з характарам. З выгляду нерашучая, сарамлiвая, а насамрэч – настойлiвая, няўрымслiвая. Цi многа вы ведаеце маладзiц, якiя самi склалi печ? Я, напрыклад, такiх не сустракаў. А Валянцiна Лойка зрабiла не адну, а чатыры!
Сёння ля печы ў яе доме, што ў Драздах, грэецца шмат мастакоў, паплечнiкаў, аднадумцаў. Тут ладзяцца цiкавыя вечарыны, незабыўныя «Сустрэчы ў агародзе».
— Дзверы нашай хаты расчынены для добрых людзей, — кажа гаспадыня.
— А анёлы залятаюць?
У адказ Валянцiна загадкава ўсмiхаецца i лагодна глядзiць на дачку Валерыю.
Яўген КАЗЮКIН