У Мінску Юрыя Башмета добра ведаюць і любяць

Анегін на новы лад

У Мінску Юрыя Башмета добра ведаюць і любяць


Геніяльны музыкант і не менш геніяльны менеджар Юрый Башмет, як аказалася, выдатна ведае, як прывесці да гармоніі свет высокай класікі і масавую культуру. Раскошны вечар, на якім можна было ўбачыць усіх і адразу — Канстанціна Хабенскага і яго жонку актрысу Вольгу Літвінаву, лаўрэата прэстыжных міжнародных конкурсаў Жалю Ісмаілаву, салістаў Вялікага і Марыінскага тэатраў, музыкантаў сімфанічнага аркестра “Новая Расія”, — як і абяцалася, дапамог дасведчанай і не вельмі публіцы знайсці крохкі баланс паміж высокай матэрыяй мастацтва і зваротам, зразумелым простаму слухачу, які яшчэ не адкрыў для сябе чароўную музыку Пятра Чайкоўскага. І яшчэ! Частаваць сусветнай паэзіяй у спалучэнні з класічнай музыкай Юрый Башмет на гэты раз прыехаў на пару з пушкінскім “Яўгеніем Анегіным”.

Ідэю свайго новага тварэння — аўтарскай інтэрпрэтацыі знакамітай оперы Чайкоўскага — Юрый Башмет агаворваў ужо не раз. На прэс-канферэнцыі перад мінскай прэм’ерай маэстра паўтарыўся: ідэя спектакля — асветніцкая, праект разлічаны ў тым ліку і на тое, каб пра сюжэт Пушкіна і арыі Чайкоўскага падрастаючае пакаленне даведалася хоць бы таму, што на афішах — Хабенскі. І сам Башмет, зразумела. Як ні круці, уздыхае Юрый Абрамавіч, а рэклама класікі патрабуе сёння ад сваіх стваральнікаў усё больш такту і вынаходлівасці.

Разыгрываць музычна-драматычную гісторыю пад акампанемент маэстра Башмета артысту Хабенскаму не ўпершыню. Падобныя ўзоры злучэння тэксту і музыкі для творчага дуэта далёка не ноу-хау. Артыст і музыкант паспяхова асвоілі гэтае неаранае культурнае поле і ўжо не першы год выступаюць разам. Дарэчы, у першай версіі “Яўгенія Анегіна” акцёрамі, якія падтрымліваюць для гледача драматургію пушкінскай паэмы, былі Ксенія Рапапорт і Алег Меншыкаў. Хабенскі заступіў на вахту чытальніка некалькі гадоў таму, а крыху пазней да яго далучылася актрыса Маскоўскага мастацкага тэатра імя Чэхава Вольга Літвінава. На мінскім вечары падстроіцца пад манеру Хабенскага Літвінавай удалося толькі пад фінал (дарма, што жонка), артыстка спяшалася, нібы баючыся забыць тэкст, і таму пакінула ад свайго чытання вельмі змазанае ўражанне. Што, зрэшты, не перашкодзіла ёй выклікаць прыхільнсць да сябе мастацкага кіраўніка мінскага Сучаснага мастацкага тэатра Уладзіміра Ушакова. Пасля заканчэння спектакля той прызнаўся:

— А мне спадабалася! З задавальненнем папрацаваў бы з Вольгай і Канстанцінам. Задумка спектакля, калі на адной сцэне сустракаюцца ўсе — аркестр, спевакі, акцёры — проста дзіўная. Дзякуючы чытальнікам гісторыя зразумелая нават тым, хто не знаёмы з арыгінальным матэрыялам (і такое бывае!). Думаю, трэба зрабіць нешта падобнае і ў нашым тэатры.

Яшчэ адзін паклоннік творчага дуэта, вядомы беларускі дырыжор Міхаіл Снітко, які прысутнічаў на прэм’еры, таксама паспяшаўся даць пастаноўцы сваю ацэнку:

— Вельмі прагрэсіўная рэч. Мне імпануе сама ідэя, калі музычныя нумары бессмяротнага твора Чайкоўскага арганічна пераплятаюцца з чытаннем фрагментаў з аднайменнага рамана. Асобна хачу адзначыць аркестр “Новая Расія” — калектыў міжнароднага ўзроўню, у якога нам трэба павучыцца. Яшчэ Вагнер гаварыў, што аркестр павінен браць прыклад з хору, быць “спяваючым” — не ў сэнсе спяваць, але іграць ва ўнісон з салістамі і артыстамі. “Новая Расія” якраз такі “спяваючы” аркестр. Брава маэстра Башмету!

Місію выказаць сваё брава салістам, якія злёгку згубіліся ў мітусні, звязанай з гучнымі імёнамі Хабенскага і Башмета, узяла на сябе сама публіка. У авацыях выкупалі і Жалю Ісмаілаву, якая адпакутавала на сцэне за пушкінскую Таццяну, і барытона Ілью Куцюхіна, які саліраваў у ролі Анегіна, і Святлану Шылаву на пару з Сяргеем Раманоўскім, якія адыгралі ў ролях Вольгі Ларынай і Уладзіміра Ленскага. Апошні быў асабліва добры. Пасля перадсмяротнай арыі “Што дзень наступны мне рыхтуе” гледачы ўпершыню парушылі поўную глыбокай пашаны цішыню ў зале і закрычалі “Брава!” з далёкіх радоў партэра.

Атрымаўшы пад заслону вечара сваю порцыю захапленняў і апладысментаў, Юрый Абрамавіч публічна паабяцаў абавязкова прывезці музычна-паэтычныя чытанні ў Мінск яшчэ раз. Акцёр Хабенскі, гавораць, таксама ўжо даў сваю згоду. Абодва па-ранейшаму сходзяцца ў адным: такая форма работы вельмі прыцягальная. Таму што музыкант у ёй — крыху акцёр. А акцёр — амаль музыкант.

Юлія Лявонава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter