Андарак — адзенне каралевы

Галоўная каштоўнасць Беларусі — гэта беларускія жанчыны, лічыць старшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Ларыса Мятлеўская. Вось ужо амаль два дзесяцігоддзі ў свой вольны час і за свае грошы Ларыса Лявонцьеўна стварае старажытныя жаночыя народныя строі розных рэгіёнаў Беларусі.

Жаночая прывабнасць па-беларуску
— Я нарадзілася ў Мінску, але амаль усё дзяцінства правяла ў вёсцы, у бабулі. Адтуль, з дзяцінства, маё захапленне і павага да беларускай жанчыны, — расказвае Ларыса Лявонцьеўна. — Заўсёды я бачыла яе хараство, прыгажосць — знешнюю і ўнутраную, духоўную. Беларуска не толькі прыгожая, але і дужая. Напэўна, калі для нашай жанчыны стварыць сапраўды спрыяльныя ўмовы — для яе жыцця, духоўнага развіцця, даць ёй больш павагі, краіна перажыве небывалы ўздым... І, напэўна, спрадвечныя рысы берагіні ў большай ступені захавала сучасная сялянская жанчына. Гарадская жанчына сёння, так бы мовіць, больш еўрапейская. Сялянкі — яны асаблівыя, яны — носьбіты спрадвечнага беларускага жаночага характару, асабліва тыя, што прайшлі вайну, часы ўзнаўлення народнай гаспадаркі... Вось яна прыязджае ў сталіцу... З якім дзіцячым захапленнем разглядае яна вітрыны ў ЦУМе! Яна не развучылася здзіўляцца, радавацца жыццю ў кожнай яго праяве. Вось яна едзе ў метро, глядзіць на дзяўчат з голымі спінамі — і ёй іх шкада. Бо яны — дзеці неразумныя, не разумеюць, што застудзяць спіну і будуць мець праблемы са здароўем. Яна нікога не асуджае — яна ўсіх любіць, ёй усіх шкада...
Ларыса Мятлеўская, лаўрэат Трэцяга Міжнароднага конкурсу высокай моды нацыянальнага касцюма, не адзін год выкладала курс народнага касцюма будучым мадэльерам-канструктарам. Калі яе запрасілі на гэтую працу, яна са здзіўленнем убачыла, што ў вучэбным курсе шмат часу аддадзена нацыянальнаму рускаму касцюму, у той час як беларускаму — толькі некалькі гадзін.
— Я адразу не пагадзілася з гэтым. Бо, скончыўшы каледж, маладыя мадэльеры павінны будуць працаваць на гэтай зямлі, у першую чаргу для беларускіх жанчын, у якіх — як прафесіянал я гэта бачу — і сёння захавалася гістарычная памяць пра тое, як трэба апранацца. Нават у гараджанак! Негледзячы на тое, што ўсе мы падпарадкоўваемся ўплыву еўрапейскай моды. Дарэчы, у апошнія часы на Еўропу аказвае ўплыў усходняя мода. І я лічу (дарэчы, у гэтым я салідарна з многімі расійскімі і беларускімі мадэльерамі), што нашай жанчыне гэтыя павевы наносяць толькі шкоду.
— Чаму?
— Сучасныя людзі, мы не вельмі добра разумеем, з чаго складаемся. І сёння ў нас, у нашай падсвядомасці, жывуць тыя этычныя нормы, што спрадвеку паважалі нашы продкі. Ва ўсходніх жанчын, напэўна, жывот, талія, спіна — самыя прыгожыя, сексуальныя часткі цела, яны іх і паказваюць. Затое хаваюць твар. У нас не магла гістарычна скласціся традыцыя хадзіць з голым жыватом — проста з-за кліматычных асаблівасцей. У нас жаночая прывабнасць, сексуальнасць спрадвеку паказвалася па-іншаму — больш далікатна, не так нахрапіста. Нашы жанчыны чаравалі... вачыма. Вочы лічыліся самай прывабнай жаночай рысай. Невыпадкова намітка — традыцыйны беларускі галаўны ўбор — падкрэслівае ў першую чаргу прыгажосць вачэй, канцэнтруе на іх увагу, высвечвае прыгожы твар жанчыны, робіць яго рысы маладзейшымі — закрывае шчокі, што могуць з узростам абвіснуць, лоб са зморшчынамі, шыю...
Спрадвечныя нормы нацыянальнага адзення і разумення жаночай прыгажосці, лічыць суразмоўца, вельмі ўплываюць на знешні выгляд жыхаркі Беларусі XXI стагоддзя. Нават на выбар нашай сярэднестатыстычнай прыгажуняй колеравай гамы ў адзенні. Сведчанне таго, што даследчыца мае рацыю: макіяж, у нас прынята рабіць акцэнт на вочы, нават калі мода патрабуе прыцягваць больш увагі да вуснаў. Кароткія спадніцы, што не страчваюць у нас папулярнасці, таксама гістарычна абумоўлены. Па-першае, у Беларусі спрадвеку было вельмі мала народных строяў з доўгай, да падлогі, спадніцай. Найбольш папулярная даўжыня дасягала сярэдзіны галёнкі, а то і карацей. Іншая справа, што ў мінулыя часы лытка, якая ў нашай культуры лічылася самай прывабнай часткай жаночай нагі, хавалася ад нясціплых поглядаў пад спецыфічным абуткам.
Дарэчы, упэўнена Ларыса Мятлеўская, існуе і народны строй XX—XXI стагоддзяў. Выбар адзення нашай суайчынніцай сталага ўзросту з сельскай мясцовасці ўвогуле адлюстроўвае старажытныя каноны.
Ідэал прыгажосці ў свеце гісторыі
Беларуская жанчына заўсёды чулліва ставілася да прыгажосці, у тым ліку да прыгожай вопраткі і ўпрыгажэнняў. Досыць сказаць, што прадметы гардэробу, якія яна стварала, былі прыгожымі і звонку, і з сярэдзіны — ніводнага няроўнага шва, ніводнай нітачкі, што вытыркаецца. Праходзіў час, але тое, што трапляла ў сялянскі касцюм, заставалася ў ім надоўга. І напачатку XX стагоддзя ў традыцыйных народных строях цэнтральнай, напрыклад, Беларусі можна прасачыць барочныя формы, што былі распаўсюджаны ў ХVІІ—XVIII стагоддзях. Справа ў тым, тлумачыць Ларыса Мятлеўская, што сялянка, асабліва на святы, хацела выглядаць, як пані. Тэндэнцыі моды вышэйшых саслоўяў сярэднявечча, тра-піўшы ў народны касцюм, дажылі амаль да нашых дзён.
Напрыклад, абавязковай дэталлю старажытнага беларускага строю практычна ўсіх этнарэгіёнаў быў гарсэт. Пашыты з тоўстай тканіны, ён рабіў ідэальнай любую талію. А свабодная сарочка надавала аб’ём бюсту, і ўціснутая гарсэтам талія здавалася яшчэ больш тонкай.
Без фартуха жанчына не выходзіла на людзі. Але фартух быў зусім не такім, што апранае сучасная гаспадыня, завіхаючыся ля пліты. Ён выконваў іншую функцыю, быў упрыгожаннем, паўнаважнай дэталлю гардэроба. Народныя мадэльеры добра разумелі: каб жаночая фігура выглядала падцягнутай, складкі на спадніцы павінны быць толькі ззаду. Спераду ж спадніца была гладкай, хаваючы, калі патрэбна, не надта добры прэс. Гэтай жа мэце служыў і фартух. Так ствараўся сілуэт “пясочныя часы”, адвечны сімвал жаноцкасці. У некаторых рэгіёнах спадніца гарэзліва падварочвалася такім чынам, каб быў відаць ніжні вышыты край доўгай сарочкі.
Беларуская жанчына любіла біжутэрыю. Завушніц пад хусткай можа быць і не бачна, але яны павінны быць: калі жанчына здыме хустку, завушніцы выглянуць з-пад чапца. Вельмі даспадобы модніцам былі каралі — пацеркі з бурштыну, шкла ці каралаў, што прывозілі купцы. Каштавалі каралі нятанна, але жанчыны знаходзілі выйсце: складвалі адну доўгую нізку некалькі разоў і прыладжвалі да яе матузок, што завязваўся на шыі. Атрымлівалася калье, дарэчы, вельмі стыльнае і на сённяшні густ. А вось пярсцёнкі насілі толькі ў святы — сялянская праца не дазваляла ўпрыгожваць рукі штодзень.
Народны строй — вельмі складаны ансамбль, апранаць яго трэба толькі па аднойчы заведзенаму парадку, інакш проста не апранешся. Ён здольны ўпрыгожыць любую жанчыну, упэўнена Ларыса Мятлеўская.
Стварыўшы калекцыю з 8 строяў, яна арганізавала паказы па гарадах Беларусі — у школах, у музеях. Дарэчы, сваю калекцыю майстар стварала па памерах сярэднестатыстычнай беларускай жанчыны, што жыла два стагоддзі таму, — рост недзе ад 156 да 160 сантыметраў, але яна здавалася вышэй, бо мела добрую фігуру — славутыя 90—60—90 для нашых прапрабабуль былі не марай, а рэальнасцю.
— У якасці манекеншчыц я загадзя прасіла падабраць мне прыкладна такіх дзяўчынак, — распавядае Ларыса Лявонцьеўна. — Звычайна напачатку падлеткі не хацелі апранаць галаўны ўбор — казалі, хустка ім не пасуе. Але мне заўсёды ўдавалася іх пераканаць. І — адбываўся цуд. Выслізнуўшы з джынсаў ці проста падкасаўшы іх пад андаракам, дзяўчынкі раптам станавіліся велічнымі, шляхетнымі, вытанчанымі, мяняліся іх паходка, жэсты, манера размаўляць. Бо андарак, напрыклад, шыецца з вельмі жорсткай тканіны — гэта спадніца, якая, калі садзіцца на талію, падцягвае фігуру. У народным строі — ён так пашыты — немагчыма згорбіць плечы, немагчыма, проста няёмка хадзіць вялікімі крокамі. Выкананы з натуральных тканін, строй важыць некалькі кілаграмаў і прымушае мімаволі ступаць велічна. Мае паказы і мае мадэлі заўсёды выклікалі авацыі ў зале. А дзяўчынкі потым з неахвотай здымалі касцюмы, бо, мабыць, упершыню ў сваім яшчэ кароценькім жыцці адчулі сябе сапраўднымі прыгажунямі. Гэта — уздзеянне той любові да беларускай жанчыны, што я ўклала ў свае строі.
Праўнукам у спадчыну
Праект, над якім працуе Ларыса Мятлеўская, носіць назву “Уся Беларусь”. Пачатак яе калекцыі быў пакладзены ў 1990 годзе, калі яна пашыла сабе шлюбны ўбор згодна з канонам этнарэгіёна Заходняе Палессе. У ім і пайшла замуж. Сёння ў калекцыі майстрыхі 10 строяў, выкананых па ўсіх канонах канца XIX стагоддзя. Мастачка марыць стварыць калекцыю з некалькіх дзесяткаў жаночых народных касцюмаў, якія ў некаторай ступені адлюструюць разнастайнасць жаночых народных строяў усіх этнарэгіёнаў Беларусі.
Толькі ў некаторай ступені, бо беларускія жанчыны мінулых стагоддзяў надзвычай цанілі сваю індывідуальнасць: хоць строі і ствараліся па агульным для этнарэгіёна каноне, расказвае Ларыса Мятлеўская, немагчыма было знайсці два аднолькавыя — суседка імкнулася быць непадобнай да суседкі, выпрацаваць свой уласны, непаўторны стыль.
Адной ёй, кажа суразмоўца, ажыццявіць праект “Уся Беларусь” не пад сілу. На стварэнне аднаго аўтэнтычнага касцюма патрабуецца каля двух гадоў і больш за мільён рублёў: час траціцца на пошукі ў архівах і музеях, на этнаграфічныя экспедыцыі і ўласна працу над касцюмам, бо ствараецца строй так, як гэта рабілі нашы прабабулі; грошы — на аўтэнтычныя, натуральныя матэрыялы, якія напачатку пазамінулага стагоддзя былі ў кожным доме ці ў кожнага карабейніка, а сёння іх пошук ці стварэнне каштуе вельмі дорага.
Да таго ж, шмат часу і тых жа грошай губляецца на пераробку. Строі, што не захаваліся ні ў адным куфры, майстрыха аднаўляе, напрыклад, па адным старым, парыжэлым ад часу фотаздымку. І потым, калі ў этнаграфічнай экспедыцыі ёй выпадае ўсё ж адшукаць адзіны, напэўна, экземпляр ці пачуць тлумачэнні старой бабулі, што сама яшчэ напачатку мінулага стагоддзя так апраналася, многае даводзіцца перарабляць...
А захавалася да нашых часоў, на жаль, вельмі няшмат рукатворных частак народнага строю. Знайсці цалкам народны касцюм з усіх кампанентаў амаль немагчыма. Гэта звязана не толькі з гісторыяй нашай краіны, якую не абмінула ні адна вайна, што ішла ў Еўропе. Напрыклад, той жа галаўны ўбор — намітку звычайна апускалі ў труну разам з яе гаспадыняй. Той наміткай, што некалі жанчына апранала на вяселле, прынята было накрываць памерлую. Да таго ж не такі ўжо вялікі гардэроб быў у нашых прабабуль: заможнай лічылася жанчына, у якой было два андаракі — спадніцы з воўны яркіх колераў. Яшчэ адна прычына — натуральныя тканіны вельмі даспадобы молі...
Народныя строі, якія аднаўляе Ларыса Мятлеўская, мімаволі наводзяць на думку, што Беларусь спрадвеку была зямлёй таленавітых мадэльераў. Да нас не дайшлі іх імёны, але яны пакінулі сваім унукам спадчыну — выдатныя калекцыі адзення, вытанчаныя каноны прыгажосці ў вопратцы. Калі б гэта спадчына канула ў нябыт, усе б мы засталіся абкрадзенымі. Ларыса Мятлеўская і іншыя аматары аўтэнтычнага народнага касцюма вяртаюць гэтую спадчыну нам, не даюць ёй згубіцца назаўсёды.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter