Сёлета хлебаробы Віцебшчыны сабралі рэкордны ўраджай – 1,3 мільёна тон збожжа

Аніхімоўскі не паскупіўся – і не згубіў!..

Сёлета хлебаробы Віцебшчыны сабралі рэкордны ўраджай – 1,3 мільёна тон збожжа. А на наступны год і наогул замахнуліся на 2 мільёны. Усё робіцца для таго, каб здейсніць задуманае. У тым ліку клапоцяцца і пра назапашванне насення для яравой сяўбы як у асноўны, так і страхавы фонды.

Згодна з інфармацыяй старшыні асацыяцыі «Віцебскае насенне» Сяргея Касаткіна, нарыхтавана 72,5 тысячы тон элітнага насення пры заданні 68 тысяч. Закладзена насенне беларускіх сартоў, якое зарэкамендавала сябе: пшаніца «світанак», «ласка», «ростань», «васіліса» і ячмень «бацька», «бровар», «магутны», «фэст».

У вобласці створана магутная база па падрыхтоўцы насеннага матэрыялу. У апошнія гады набылі і зманціравалі новыя высокапрадукцыйныя лініі ў ААТ «Рудакова» і «Альгоўскае» Віцебскага раёна, ААТ «Хацілы» Пастаўскага, ААТ «Прудзінкі» Верхнядзвінскага, ААТ «Талачынскі кансервавы завод». Апошняе, між іншым, больш за ўсіх павялічыла продаж насеннага матэрыялу. Завод ужо паспеў рэалізаваць 1400 тон насення азімых і 400 тон – яравых. 

— Канкурэнцыя паміж элітгасамі высокая, — пракаменціраваў сітуацыю дырэктар прадпрыемства Анатоль Аніхімоўскі. — Нас выручае тое, што не трымаемся за цану: скупы, як вядома, плаціць двойчы. Абменьваем насенне на фуражнае зерне. Гэта выгадна і нам, і гаспадаркам.

Няма асаблівых праблем з нарыхтоўкай насення іншых культур. Так, да канца года будзе здадзена новае бульбасховішча ў ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна.

Па патрэбнасці 350 тон суперэліты яравога рапсу закупіла для гаспадарак ААТ «Віцебскі МЭЗ» у пяці акцыянерных таварыстваў вобласці, якія займаюцца гэтым насеннем.

Адзінае, што неабходна будзе набыць за межамі вобласці, — гэта насенне люцэрны, пасевы якой павялічваюцца ў разы, да 20 тысяч гектараў. Спатрэбіцца 200 тон насеннага матэрыялу. Пакуль што ёсць 8 тон. Неабходна для гэтага 18 мільярдаў рублёў. Але ў Камітэце па сельскай гаспадарцы Віцебскага аблвыканкама сцвярджаюць, што праблема будзе вырашана.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter