Амаль у Фларэнцыі

НАЗВЫ аграгарадкоў Бальшавік і Вішнёўка, вёсак Паперня, Пільніца, Бараўцы, якія размешчаны ўпрытык да Мінскай кальцавой дарогі, зразумелыя і характэрныя для Беларусі. У Пільніцы некалі працавала пільня, у Паперні на рэчцы Вяча стаяла папяровая фабрыка. Бальшавік наогул з савецкіх часоў. Вішнёўка і Бараўцы сваёй мілагучнасцю абавязаны прыгожым краявідам. І паміж гэтых, такіх родных нам, слоў раптам сустракаеш не зусім зразумелы тапонім — Дафарэнцыя. Размешчана вёска на супрацьлеглым баку вадасховішча Вяча ў дваццаці хвілінах язды ад Мінска.

За што любіў ціхую вёсачку з незвычайнай назвай у Мінскім раёне Герой Сацыялістычнай Працы Канстанцін Дубоўскі

НАЗВЫ аграгарадкоў Бальшавік і Вішнёўка, вёсак Паперня, Пільніца, Бараўцы, якія размешчаны ўпрытык да Мінскай кальцавой дарогі, зразумелыя і характэрныя для Беларусі. У Пільніцы некалі працавала пільня, у Паперні на рэчцы Вяча стаяла папяровая фабрыка. Бальшавік наогул з савецкіх часоў. Вішнёўка і Бараўцы сваёй мілагучнасцю абавязаны прыгожым краявідам. І паміж гэтых, такіх родных нам, слоў раптам сустракаеш не зусім зразумелы тапонім — Дафарэнцыя. Размешчана вёска на супрацьлеглым баку вадасховішча Вяча ў дваццаці хвілінах язды ад Мінска.

У кожнага, хто ўпершыню наведвае гэтыя мясціны, узнікае пытанне: адкуль такая незвычайная назва? Старшыня Папярнянскага сельвыканкама Мікалай Гільніч не мае часу грунтоўна заняцца краязнаўствам, аднак легенду пра лекара Феранца ведае. Як і многія з месцічаў.

Прадстаўнікі знакамітага роду Тышкевічаў у сваім маёнтку ў Астрашыцкім Гарадку (цяпер менавіта праз гэты населены пункт ходзіць у Дафарэнцыю аўтобус) вырошчвалі зёлки. Тут ужо ў ХІХ стагоддзі розныя захворванні лячылі мінеральнай вадой, адным словам, Міхаіл Тышкевіч, яго старэйшы сын Юзэф, былыя ўладальнікі навакольных зямель, развівалі медыцыну. Хтосьці з іх і выпісаў з Аўстрыі лекара-мадзьяра. Поўнае імя іншаземца засталося невядомым, толькі што звалі яго Феранцам. Відаць, быў ён чалавекам адукаваным і міласэрным, выконваў абавязкі не толькі графскага доктара, але лячыў усіх, хто звяртаўся за дапамогай. У тым ліку і сялян. Потым медык ні то купіў, ні то атрымаў у дар ад сваіх багатых пацыентаў кавалак зямлі, заснаваў там паселішча і нешта накшталт амбулаторыі і аптэкі. Да вядомага лекара прыходзілі і прыязджалі з трох валасцей. Таму, хто не мог акрыяць ад хваробы, звычайна раілі: «Ты б да Феранца схадзіў». Ці пыталі ў сваякоў: «А да Феранца вазілі?» Так і ўзнік устойлівы выраз, які даў назву гэтай мясцовасці. У 30-я гады мінулага стагоддзя сюды сцягнулі хутары аднаасобнікаў, і ўжо тады ні аптэкі, ні лякарні там не было: кажуць, мясцовыя знахары і шаптуны, для якіх доктар быў канкурэнтам, спалілі яго дом і «медыцынскую ўстанову». Зрэшты і традыцыі знахарства не захаваліся. У вёсцы пераважна жылі Жураўскія.

Цікава, што на савецкіх картах пазначаўся населены пункт на Вячы (а вадасховішча пабудавана напачатку сямідзясятых) па-руску як «Дифференция», і толькі ў 90-х матэматычнае напісанне было заменена на краязнаўчае. Захаваліся тут і сляды больш старажытнай гісторыі. На пільніцкіх могілках, у якіх трох кіламетрах ад Дафарэнцыі, дагэтуль стаяць помнікі другой паловы XVII стагоддзя. У Ларысы Якаўлеўны Дзяркач дзявоцкае прозвішча Драгун. У яе сям’і з пакалення ў пакаленне перадаецца паданне пра паходжанне роду. Некалі ў Пільніцы вылечылі збеглага салдата рускай арміі — драгуна. Ён доўгі час хаваўся, а потым і прыжаніўся на мясцовай дзяўчыне. Калі ўлічыць, што з’явіўся першы драгунскі полк у царскага ваяводы Міхаіла Шэіна ў 1631 годдзе, і перад вялікай руска-польскай вайной войска з конніцай дасягнула 6000 чалавек, то ці не быў той драгун удзельнікам вайны 1654—1667 гадоў? Тады зразумела, чаму салдат хаваўся: у Рэчы Паспалітай рускі быў ворагам.

Гістарычныя перапетыі з іх віхурай падзей хочаш не хочаш, а мяняюць пэўны жыццёвы ўклад, звычкі, побыт. І толькі магутны дуб нязменна стаіць недалёка ад уезда ў Дафарэнцыю. Побач сцены напаўразбуранай фермы: будынак некалькі разоў перапрадаваўся, а зараз хтосьці вырашыў распачаць на яго рэштках нейкі бізнес. Навакольныя палі належаць ААТ «1-я Мінская птушкафабрыка», толькі на некалькіх гектарах размясцілася фермерская гаспадарка «Срэбны клён». Гаспадар разводзіць качак, гусей, коз, авечак, але не на продаж — на паказ турыстам і гасцям. Назвы вуліц, быццам з песні Антонава, — Бэзавая, Кветкавая, Лясная, красамоўна сведчаць аб раі  ў час адпачынку. Апошняя новабудоўлямі катэджаў ужо амаль падступілася да Бараўцоў. Усе як адзін будынкі дыхтоўныя, багатыя, і... «разнамасныя». Архітэктурная эклектыка надае вуліцы нейкі беспарадак — чаго толькі тут «не налеплена»!

Зямля ў Дафарэнцыі і навакольных вёсках дарагая — участак каштуе каля 300 мільёнаў рублёў. У Інтэрнэце прадаецца дом з 50-працэнтнай гатоўнасцю за 61 тысячу долараў. Падчас майго наведвання сельвыканкама старшыня якраз праводзіў запіс шматдзетных сем’яў на атрыманне ўчасткаў пад будаўніцтва. Прыехалі ў асноўным мінчане, якія маюць патрэбу ў жыллі. Шматдзетным выдаецца льготны крэдыт на набыццё жыллёвай уласнасці — кватэры ці дома. Мікалай Яўгенавіч цярпліва тлумачыў кожнай пары працэдуру афармлення зямлі, умовы будаўніцтва — за першы год гаспадары павінны ўзвесці фундамент, а за два астатнія — сцены і дах. Тэрмін непрацяглы, і без дзяржаўнай дапамогі на пачатковым этапе было б няпроста. Большасць патэнцыяльных вяскоўцаў свой выбар спынялі менавіта на населеным пункце, дзе ёсць школа. А гэта толькі аграгарадок Сёмкава. І з Касыні, і з Селютаў дзяцей на заняткі давядзецца вазіць.

— Ці выдзяляюцца ўчасткі ў Дафарэнцыі? — пацікавілася ў кіраўніка мясцовай улады. Мець адзнаку ў пашпарце з назвай, нагадваючай ледзь не Фларэнцыю, было б някепска, ну і, канешне, жыць у такіх прыгожых мясцінах.

— На жаль, гэта ўжо сфарміраваны населены пункт, — тлумачыць Мікалай Гільніч. — За апошнія пяць гадоў выдзелілі 4—5 участкаў. Але дом купіць можна, калі маеш грошы.

На тэрыторыі сельсавета — 24 паселішчы, з якіх 3 аграгарадкі. Усяго пражывае трохі больш за 10 тысяч чалавек. Аднак летам колькасць насельнікаў павялічваецца ледзь не ўдвая. І ўсе жыхары звяртаюцца ў сельсавет з пытаннямі добраўпарадкавання як вёсак, так і дарог, электразабеспячэння, па вадзе і газу.

Недалёка ад Дафарэнцыі некалі выраслі лецішчы Мінскай птушкафабрыкі імя Н. К. Крупскай. А паклапаціўся аб такім прывабным месцы былы кіраўнік былога прадпрыемства Канстанцін Дубоўскі. Больш за 30 гадоў аддаў Канстанцін Мікалаевіч птушкафабрыцы. Пачынаў тут механікам, а пайшоў з пасады генеральным дырэктарам лепшага ў Савецкім Саюзе аб’яднання па птушкагадоўлі, Героем Сацыялістычнай Працы, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Менавіта ў бытнасць Дубоўскага дырэктарам Мінскай птушкафабрыкі праводзілася кардынальная перабудова важнай у эканоміцы Беларусі галіны. У 1971 годзе ў якасці эксперыменту створана Мінскае вытворчае аб’яднанне па птушкагадоўлі. Дробныя фабрыкі ўжо не маглі задавольваць попыт на прадукцыю, і жыццё падштурхоўвала хутчэй пераходзіць на прамысловы тып вытворчасці, стварэнне буйных аб’яднанняў. Першае і ўзначаліў Канстанцін Дубоўскі.

Кіраўнік не хацеў будаваць сваю дачу ў агульным масіве (і на адпачынку не будзе спакою), таму выбраў Дафарэнцыю — яму спадабаліся навакольныя лясы, ды і вадаём поблізу.

— Мясцовы жыхар прадаваў хатку, мы яе і купілі, — успамінае жонка славутага «генерала» Ганна Дзмітрыеўна. — Пабудавалі невялікі летні домік.

З якім замілаваннем адносіўся муж да гэтай ціхай вёсачкі. Разводзіў пчол, даглядаў сад, кожную раніцу ў любое надвор’е рабіў доўгія прабежкі. Зімой жа — ледзяная палонка і маржаванне на Вячы, а ў Мінску — на Камсамольскім возеры. Сюды з’язджаліся вялікай дружнай сям’ёй па святах, запрашалі самых блізкіх сяброў.

— Часу на адпачынак у Канстанціна Мікалаевіча ніколі не ставала. Бывала, прывязе мяне на дачу, а сам — на працу. То замежных гасцей трэба сустракаць, а да яго з’язджаліся па вопыт з усяго свету, то сам у камандзіроўку. Я дома прыгатую ўсё — на кожны дзень свежую кашулю, адпрасаваныя штаны, а сама на агародзе ўвіхаюся. І як толькі сіл хапала, — дзеліцца яна ўспамінамі аб няпростай долі спадарожніцы публічнай і занятай асобы. — Ён не дазваляў ніякай празмернасці ў быце. Усё, як ва ўсіх. Для людзей жа зрабіў шмат чаго. Цэлы мікрараён у ваколіцах сталічнай вуліцы Новавіленскай пабудаваў для працаўнікоў. Для дзяцей — піянерскі лагер. Некалі правяраючы нават наганяй даў за танныя абеды ў фабрычнай сталоўцы. Як смяяўся Дубоўскі — «за камунізм». Мы сябравалі дамамі з першым сакратаром Мінскага абкама партыі Уладзімірам Андрэевічам Мікулічам. Па тым часе чалавек уплывовы. А ў майго брата — дрэнныя жыллёвыя ўмовы. Прасіць, каб муж пахадайнічаў у сябра, не мела сэнсу: як кажуць, «ни под каким предлогом». Вось я і наважылася пайсці на прыём да першага сакратара. І хоць потым Дубоўскі бурчаў, кватэру брату далі.

А ўжо пасля смерці мужа Ганна Дзмітрыеўна выратавала цэлую вуліцу. Прарвала водаправодную трубу. Мясцовыя камунальнікі адмахваліся ад жыхароў Дафарэнцыі. І тады жонка Героя Сацыялістычнай Працы падалася ў райвыканкам да самога старшыні. Некалі Петр Арсеньевіч Ярмаш прыняў Мінскую птушкафабрыку ў Дубоўскага. Ці ж не дапаможа? Аднак патрапіць да яго ў кабінет было няпроста: «на варце» стаяла сакратарка. «Скажыце, што я Дубоўская», — настойвала Ганна Дзмітрыеўна. Пашанцавала, што яе заўважыў хтосьці са службоўцаў і далажыў Ярмашу. Той, канешне, яе прыняў, пацікавіўся яе турботамі, наогул жыццём. І на наступны дзень у вёску прыбыла цэлая брыгада камунальнікаў.

А сёння Дафарэнцыя — ціхая і заснежаная. Там-сям у дварах стаяць аўто: відаць, гараджане больш любяць катэджы, чым кватэры. Пратаптаны сцежкі ля некалькіх хат пабудовы сямідзясятых — значыць, яшчэ рупяцца старажылы. Аднак наперадзе ў вёскі новая гісторыя.

Алена КЛІМОВІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости