Аляксей Дудараў: “Мяне заўсёды цікавіў чалавек...”

Вядомы драматург, кіраўнік Тэатра Беларускай арміі Аляксей Дудараў з тых, каго прынята называць “жывым класікам”. Спектаклі па яго п’есах “Вечар”, “Радавыя”, “Чорная панна Нясвіжа” не пакідаюць сцэны айчынных і замежных тэатраў. А фільм “Белыя росы”, зняты па яго сцэнарыю, дасюль прыцягвае да экранаў гледачоў. Свае погляды на сучасны тэатр, культуру, жыццё ўвогуле выказаў Аляксей Дудараў у нядаўняй размове, фармальнай нагодай для якой стала паспяховае выступленне Тэатра Беларускай арміі на фестывалі ў расійскім горадзе Саранску
Вядомы драматург, кіраўнік Тэатра Беларускай арміі Аляксей Дудараў з тых, каго прынята называць “жывым класікам”. Спектаклі па яго п’есах “Вечар”, “Радавыя”, “Чорная панна Нясвіжа” не пакідаюць сцэны айчынных і замежных тэатраў. А фільм “Белыя росы”, зняты па яго сцэнарыю, дасюль прыцягвае да экранаў гледачоў. Свае погляды на сучасны тэатр, культуру, жыццё ўвогуле выказаў Аляксей Дудараў у нядаўняй размове, фармальнай нагодай для якой стала паспяховае выступленне Тэатра Беларускай арміі на фестывалі ў расійскім горадзе Саранску.

— Аляксей Ануфрыевіч, усе ранейшыя фестывалі, на якіх перамагалі вашы спектаклі, былі на слыху ў грамадскасці. А пра фестываль “Суайчыннікі” ў Саранску амаль нідзе не паведамлялася. Раскажыце пра яго і пра ўдзел вашага тэатра ў ім.

— Гэта фестываль рускіх тэатраў, якія знаходзяцца за межамі Расіі. Але мы трапілі туды не як рускі тэатр, а як суайчыннікі па творчасці, па віду мастацтва. Я лічу, што ўсе лю-дзі, якія займаюцца тэатрам — суайчыннікі, іх творчасць размежаваць проста немагчыма. Мы закрывалі фестываль спектаклем па маёй п’есе “Не пакідай мяне”. Прызнаюся, што сярод гледачоў адбыўся эмацыянальны выбух, паколькі тэма вайны закранула многіх. Пасля спектакля нас абсыпалі кветкамі, апладысментамі, хвілін пятнаццаць не адпускалі са сцэны. Мне было нададзена званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Мардовія, а наш калектыў атрымаў дыплом. Заўважу, што Драматычны тэатр Беларускай арміі яшчэ зусім малады — тры гады будзе толькі ў чэрвені, аднак ён ужо заявіў пра сябе.

— Дарэчы, наконт узросту. Якім акцёрам вы аддаеце перавагу ў сваім тэатры: сталым і вопытным ці маладым?

— Ёсць і тыя, і тыя. Але перавагу аддаю моладзі. Аднойчы я бачыў, як ігралі мой “Вечар” маладыя акцёры. Напачатку я ўнутрана рассмяяўся. Але яны настолькі выдатна гралі, што праз тры хвіліны я забыўся, колькі ім гадоў. Я бачыў лёсы, асобы. Яны не грыміраваліся. Толькі рухі больш запавольваліся. Таму ў тэатр запрашаем пераважна выпускнікоў і студэнтаў-старшакурснікаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

— Многія творчыя маладыя людзі маюць і вялікія амбіцыі. У сувязі з чым паміж рэжысёрам і акцёрам часта здараюцца канфлікты. Што вы скажаце ў гэтым сэнсе пра свой тэатр?

— Тыя, хто працуе ў Драматычным тэатры Беларускай арміі, адчуваюць сябе шчаслівымі. Мы размаўляем з моладзю шчыра і адкрыта — і тады яна ідзе на кантакт. Многія хлопцы і дзяўчаты мне кажуць, што хацелі б іграць менавіта ў гэтым тэатры.

— Ведаю, што ваш тэатр адзіны ў краіне, які знаходзіцца не “пад крылом” Міністэрства культуры...

— Так. Драматычны тэатр Беларускай арміі знаходзіцца ў ведамстве Міністэрства абароны. Ён створаны як тэатр пра армію і для арміі. Але гэта не значыць, што акрамя ваеннай тэматыкі мы больш нічога не ставім. Ёсць класіка і сучаснасць. Напрыклад, “Рамэо і Джульета”. Цяпер працуем над камедыяй “Залатое цяля” Ільфа і Пятрова.

— Акрамя фестывалю ў Саранску дзе яшчэ вы “засвяціліся” апошнім часам?

— На маскоўскіх фестывалях. На адным з іх я і выканаўца адной з галоўных роляў у спектаклі “Ты помніш, Алёша...” Яўгеній Нікіцін сталі лаўрэатамі, а спектакль атрымаў гран-пры як лепшая пастаноўка.

— Ваша імя выклікае асацыяцыі з п’есамі “Радавыя”, “Вечар”, “Князь Вітаўт”, “Чорная панна Нясвіжа”. Спектакль па апошняй, дарэчы, ужо колькі год збірае поўныя залы. Чым растлумачыце такое паспяховае “доўгажыхарства”?

— “Чорная панна Нясвіжа” — гэта прыгожы спектакль пра каханне. Ён вельмі эмацыйны. І самае галоўнае — гэта гісторыя. Адчуваецца прага людзей ведаць пра сваё мінулае. Ды і каханне паміж Жыгімонтам Аўгустам і Барбарай Радзівіл прыгожае, трагічнае. Нездарма іх называюць Рамэо і Джульета беларускага сярэднявечча.

— У адрозненне ад “ваенных”, п’еса “Чорная панна Нясвіжа” прысвечана куды больш далёкім часам. Пры напісанні цяжкасцяў не ўзнікала?

— Рэч у тым, што гісторыя, якая табе бліжэй, больш замінае, чым тая, якая далей. Таму што ёсць яшчэ, дзякуй Богу, жывыя франтавікі, і не варта нешта парушаць, нават сыходзячы з мастацкіх прынцыпаў. Крыўдна і балюча будзе тым, хто гэта парушэнне заўважыць. Для творцы, калі ён задумвае нешта з высакароднымі мэтамі, як гэта ні дзіўна, чым больш гістарычнай ня-праўды, тым больш праўды. А калі сыходзіць толькі з таго, што было, — атрымаецца, хутчэй за ўсё, дакументалістыка. Што ж да “ваенных” твораў, сам не ваяваў — ствараў па аповедах свайго бацькі-франтавіка, суседзяў, якія перажылі вайну, і ўсяго лепшага, што з’яўлялася ў нашай літаратуры. У тых жа самых “Радавых” ёсць Быкаў, ёсць Адамовіч, Астаф’еў, Барыс Васільеў. Не тое, каб я іх дапісваў ці перапісваў, толькі эмацыйна ўспрымаў.

— Значыць, эмацыйна пераклікаюцца і “Чорны замак Альшанскі” Караткевіча з “Чорная паннай Нясвіжа” Дударава?

— Вядома. Бо Караткевіч таксама не жыў у тыя часы — гэта яго ўласная гісторыя, яго легенда. Толькі грунтуецца на пэўных фактах: ёсць тое, тое і тое, а далей ідзе сам аўтар. Напрыклад, адразу пасля выхаду “Чорнай панны Нясвіжа” адна з газет пісала, што Аляксей Дудараў апраўдаў Бону Сфорцу, бо па легендзе менавіта яна атруціла Барбару Радзівіл. А па-маёй п’есе яна па недарэчнасці, з-за хлуслівых вестак атруцілася сама.

— Ваш “Вечар” — п’еса сацыяльная, прысвечаная праблеме “асірацелых” вёсак і пакінутым старым людзям. А вас, як пісьменніка і драматурга, хвалююць такія пытанні цяпер? І ці збіраецеся напісаць нешта падобнае ў бліжэйшы час?

— Для мяне не так істотна, які герой — стары ці малады. Мяне заўсёды цікавіў чалавек, яго душа, яго становішча ў гэтым складаным свеце, яго суадносіны з космасам, з верай. Таму, калі я пісаў “Вечар” у 1982 годзе, гэта быў як рэквіем па маіх бацьках. І тады п’еса ўспрымалася сапраўды як праблема неперспектыўных вёсак. Сёння яна гучыць нават больш актуальна, чым напачатку 80-х. Тады старыя спадзяваліся: нехта прыйдзе ў гэту вёску, абавязкова прыйдзе. Багата чаго змянілася і пасля Чарнобыля... У “Вечары” я хацеў паказаць жыццёвы шлях, які ў кожнага з нас свой, але для ўсіх аднолькава цяжкі.

Увогуле, пра планы на будучыню я не люблю разважаць. Проста трэба жыць і працаваць. Тое, што павінна быць напісана, бу-дзе напісана, а тое, што не атры-маецца, тое не атрымаецца.

— А што вам, як чытачу, найбольш падабаецца ў літаратуры і культуры?

— Творы, у якіх ёсць жывы чалавек і сардэчная павага да гэтага чалавека, жаданне бачыць яго не мярзотным і брыдкім, а перспектыўным. І верыць у яго, як у самога сябе. Верыць, што мы зробімся лепшымі і будзем цягнуцца да святла.

Павел Гаспадыніч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter