26 КРАСАВІКА 1986 года ў 01 гадзіну 23 хвіліны 40 секунд прыборы Чарнобыльскай атамнай станцыі зафіксавалі два выбухі

Альтэрнатывы адсяленню не было

Ігар РАЛЕВІЧ: "У параўнанні з атамнай бамбёжкай японскіх гарадоў чарнобыльскі выбух амаль у 30 разоў больш магутны..."
26 КРАСАВІКА 1986 года ў 01 гадзіну 23 хвіліны 40 секунд прыборы Чарнобыльскай атамнай станцыі зафіксавалі два выбухі на чацвёртым энергаблоку, якія поўнасцю разбурылі рэактар. З-за гэтай самай буйной у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы чацвёртая частка тэрыторыі Беларусі аказалася забруджанай, нанесены ўрон у разліку на 30-гадовы перыяд яго пераадолення складае 235 мільярдаў долараў ЗША, што адпавядае 35 гадавым бюджэтам рэспублікі ў 1985 годзе. Урадам СССР аператыўна была прынята дзяржаўная “Канцэпцыя радыяцыйнай бяспекі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”, у распрацоўцы якой удзельнічаў беларускі вучоны доктар біялагічных навук, прафесар Ігар Віктаравіч РАЛЕВІЧ.


ВЕСТКА пра выбух на атамнай станцыі застала Ігара Віктаравіча ў цёплы выхадны дзень на лецішчы каля Раўбіч. Праз дзень на ўласных “жыгулях” ён імчаў ва ўкраінскі горад Прыпяць, дзе потым з-за высокага апраменьвання легкавіка вымушаны быў пакінуць яго назаўсёды. Яшчэ пры пад’ездзе да горада атамшчыкаў у роце стала аддаваць прысмакам жалеза, а радыеметрычныя прыборы каля самой станцыі зашкальвалі.

У аператыўным штабе, што размяшчаўся ў гарадской гасцініцы, беларускі вучоны, афіцыйна камандзіраваны кіраўніцтвам рэспублікі, атрымаў заданне вызначыць радыяцыйную сітуацыю ў прылягаючых да станцыі Брагінскім, Хойніцкім і Нараўлянскім раёнах. Маніторыў разам з экспертамі Акадэміі навук. Тым часам пачыналася і эвакуацыя людзей: з дзесяцікіламетровай зоны ў першую чаргу эвакуіравалі цяжарных жанчын і дзяцей, а потым пачалося масавае адсяленне спачатку з дзесяцікіламетровай, а потым і трыццацікіламетровай прымыкаючай да атамнай станцыі зоны.

Ігар Ралевіч. Фота аўтара— Пра радыяцыю яшчэ са студэнцтва я шмат ведаў, — адзначае доктар біялагічных навук, прафесар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Ігар Ралевіч. — Уздзеянне яе на арганізм чалавека пачаў даследаваць на трэцім курсе медыцынскага інстытута, калі займаўся ў навуковым гуртку пад кіраўніцтвам вучонага Канстанціна Станіслававіча Шадурскага, які пераехаў у вядомы савецкі навуковы радыяцыйны цэнтр Обнінск пад Масквой. Даследаванне працягваў у аспірантуры. У час працы над кандыдацкай дысертацыяй часта ездзіў да Канстанціна Станіслававіча на кансультацыі. І доктарскую дысертацыю прысвяціў гэтай тэме. Рашэннем беларускага ўрада быў камандзіраваны ў штаб барацьбы з чарнобыльскай катастрофай, дзе неабходна было аператыўна ацэньваць абстаноўку і прымаць рашэнні па ратаванні людзей. Усё даводзілася рабіць з белага аркуша. Узрушаных масавым перасяленнем людзей трэба было супакоіць. Прэзідэнт Акадэміі навук СССР Аляксандраў заявіў, што ўся інфармацыя па выбуху на Чарнобыльскай атамнай станцыі важная для навукі, і таму на яе быў накладзены грыф сакрэтнасці.

За кароткі тэрмін перасялілі 27 тысяч жыхароў Гомельскай і Магілёўскай абласцей. У Маскве пачалі распрацоўваць праграму па ліквідацыі наступстваў аварыі. Беларусь першай прадаставіла аргументаваны план. Яго ўзялі за аснову Украіна і Расія, і на былым лецішчы Берыі ў падмаскоўнай Жукаўцы вучоныя працавалі над “Канцэпцыяй радыяцыйнай бяспекі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”. Інтарэсы нашай рэспублікі мы адстойвалі ўдваіх са старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута радыялагічных праблем Акадэміі навук Уладзімірам Малько. Працавалі амаль круглыя суткі. Штодня з Мінска ўдакладнялі прапановы па будаўніцтве жылля перасяленцам, стварэнні сацыяльнай інфраструктуры, і прама на каленях дапрацоўвалі раздзелы праграмы. Нашы прапановы прынялі, і ў кароткі тэрмін на чыстых тэрыторыях Беларусі было пабудавана больш за 20 жылых пасёлкаў.

— Невядомай заставалася сітуацыя з рэактарам, які мог у любы момант узарвацца. Абставіны былі напружаныя і непрадказуемыя. У прылеглых да атамнай станцыі раёнах абвясцілі надзвычайнае становішча.

— Мы таксама ночы не спалі. Нярвовы накал зашкальваў, як і радыяцыйная сітуацыя. У рэактары ўтварылася крытычная маса атамнага паліва. Твэлы расплавіліся, і вырашылі іх астудзіць. Што толькі дзеля гэтага не прыдумвалі. Пад рэактарам рылі шахты, каб вадкім азотам знізіць тэмпературу, свінцом, пяском і борам закідвалі рэактар. Тэмпература ў ім была каля трох тысяч градусаў. Кіраваў ліквідацыяй вынікаў катастрофы на саюзным узроўні намеснік кіраўніка Урадавай камісіі акадэмік Валерый Аляксеевіч Лягасаў, якому ў 1996 годзе пасмяротна прысвоена званне Героя Расii. 

— Адразу пасля выбуху адчулася, што гэта катастрофа сусветнага маштабу?

— Былі спадзяванні на хуткую ліквідацыю аварыі. Нават гучалі заявы, што да канца года адновіцца дзейнасць атамнай станцыі.

— А тым часам сапраўды памер катастрофы высвечваўся ўсё больш шырэй.

— Загінулі першыя 2 ратавальнікі, якія кінуліся тушыць рэактар. Уся трэцяя змена атамнай станцыі, што працавала ў тую ноч, праз тры тыдні загінула. 

Вучонымі гэта аварыя падзелена на чатыры фазы: пачатковую, раннюю, прамежкавую і познюю, як яе назвалі, аднаўляльную.

Пачатковую ці імгненную стадыю характарызаваў выкід радыеактыўных элементаў у асяроддзе і выяўленне верагоднасці апраменьвання насельніцтва за межамі санітарна-абароннай зоны.

У раннюю фазу аварыі даволі востра ўспыхвала апраменьванне ад выкіду радыеактыўных рэчываў на тэрыторыю пражывання людзей, і доўжылася яна ад некалькі хвілін да гадзін. Пры працяглым выкідзе радыеактыўных рэчываў ранняя фаза зацягвалася на некалькі сутак.
Калі дадатковага паступлення радыеактыўнасці з крыніц выкіду ў навакольнае асяроддзе не назіралася, пачыналася прамежкавая фаза. Адразу пасля выбуху прымаліся рашэнні аб радыяцыйнай абароне насельніцтва.

Паралельна з трыма папярэднімі фазамі Урадавая камісія распрацоўвала план вяртання да ўмоў нармальнай жыццядзейнасці насельніцтва. На пасяджэннях штаба слухаліся прапановы вучоных, прымаліся дзяржаўныя рашэнні. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ў навакольнае асяроддзе была выкінута трэцяя частка ад амаль што 190 тон ядзернага паліва. У атмасферу трапілі больш як 200 радыенуклідаў 36 хімічных элементаў радыеактыўных рэчываў, і ўсё гэта плямамі накрыла чацвёртую частку Беларусі з насельніцтвам больш за 2 мільёны чалавек. 

— Адразу пасля аварыі на ЧАЭС быў уведзены жорсткі кантроль на прадукцыю жывёлагадоўлі, а на раслінную прадукцыю?

— Тэрмінова былі прыняты дапушчальныя нормы ў прадуктах харчавання. Забруджанасць радыенуклідамі малака не павінна была перавышаць 100 бекерэлей на кілаграм, а ялавічыны — 500 бекерэлей на кілаграм. Пасля выбуху ў многіх раёнах забаранілі ўжываць гародніну і садавіну, якія аказаліся моцна забруджанымі, а асноўнае паступленне радыенуклідаў у арганізм чалавека якраз і ідзе па харчовых ланцужках. А каля нараўлянскай вёскі Белая Сарока з часам быў пабудаваны бетонны магільнік, у якім захавалі  немалую колькасць радыеактыўнай ялавічыны. Пра ўсе гэтыя праблемы ведалі прадстаўнікі МАГАТЭ. Часам даходзіла да канфліктаў з імі.

— З-за чаго?

— Мы адчулі іх тактыку правесці на нашай бядзе масавы эксперымент: як радыяцыйнае ўздзеянне паўплывае на здароўе людзей. Такой сітуацыі ў сусветнай практыцы не было. На пасяджэнні ў штаб-кватэры МАГАТЭ ў Вене, дзе я суправаджаў віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук СССР Аляксандра Васільевіча Сцепаненку, міжнародныя эксперты даводзілі, што не варта зрываць людзей з месц. Мы абгрунтавана даказалі неабходнасць высялення людзей з моцназабруджаных тэрыторый, матывуючы гэта адмоўным уплывам радыяцыі на здароўе людзей. Нас не слухалі і прыводзілі прыклад Хірасімы, дзе пасля ўзрыву атамных бомб не выяўлена такіх захворванняў. Мы ў адказ: у параўнанні з атамнай бамбёжкай японскіх гарадоў чарнобыльскі выбух амаль у 30 разоў больш магутны.

— Пераканалі экспертаў?

— Яны ўсё ж такі прызналі планетарную маштабнасць чарнобыльскай трагедыі. У Беларусі былі створаны максімальныя ўмовы перасяленцам з чарнобыльскай зоны.

— Дапамога МАГАТЭ  была значная ў такі цяжкі час?

— Паступалі толькі розныя парады. Яны атрымалі ад нас шмат важнай інфармацыі і выкарыстоўвалі яе ў сваіх інтарэсах. Запрашалі мяне ў Парыж, дзе я мэрам французскіх гарадоў, каля якіх узведзены атамныя станцыі, расказваў пра аператыўныя меры на выпадак тэхнагенных аварый на АЭС.

— Ці адчувальнай была дапамога заходніх краін у ліквідацыі наступстваў аварыі?

— Выдзяляліся сродкі на набыццё камп’ютараў і машын. Заходнікі закуплялі гэту тэхніку і сабе абнаўлялі, а нам дасылалі ўжываную. Ці ж гэта дапамога! А што тычыцца аздараўлення дзяцей, то многія краіны свету адгукнуліся. Штогод тысячы беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак на месяц-два выязджаюць і цяпер да іх.

— Не ўсе жыхары забруджаных радыяцыяй раёнаў засталіся ў  чыстай зоне. Знайшліся і такія, што не прыжыліся ў новых катэджах і вярнуліся ў свае апусцелыя вёскі. Ці былі яны ахоплены медыцынскім наглядам?

— Да такіх жыхароў выязджалі спецыяльныя брыгады медыкаў і правяралі стан здароўя. Вучоныя часта адпраўляліся ў трыццацікіламетровую зону для вывучэння радыяцыйнай сітуацыі і правядзення эксперыментальных доследаў на дзікай жывёле. З гэтай мэтай у хойніцкай вёсцы Бабчын утворана эксперыментальная база і лабараторыя Інстытута радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Першапачатковай памылкай было тое, што для чарнобыльскіх перасяленцаў у сталіцы вызначылі два мікрараёны: Шабаны і Малінаўка. Вясковыя людзі ў гэтых гарадскіх гмахах-шпакоўнях не вытрымлівалі псіхалагічна і вярталіся да сваіх вытокаў. Такія выпадкі не адзіныя, і на ўрадавым узроўні было прынята рашэнне перасяляць жыхароў пацярпелых раёнаў вёскамі. 

У пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС раёнах умацоўваліся медыцынскія ўстановы, адкрываліся новыя аддзяленні ў бальніцах. У сталіцы і Гомелі адкрыліся Інстытуты радыяцыйнай медыцыны з філіялам у Віцебску.

— Ігар Віктаравіч, вы не толькі прымалі ўдзел у распрацоўцы, але і ў рэалізацыі гэтай праграмы. І калі вы сталі намеснікам дырэктара па навуцы Інстытута радыеэкалагічных праблем Акадэміі навук Беларусі, практычна працягвалі займацца чарнобыльскімі праблемамі?

— Усе мінулыя дваццаць дзевяць гадоў аддаў гэтай справе. Да драбніц засталіся ў памяці паездкі ў якасці намесніка старшыні Дзяржкамітэта па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС, а потым і першага намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС у найбольш пацярпелыя  раёны Гомельскай, Брэсцкай, Магілёўскай абласцей, сустрэчы з людзьмі, якіх трэба было псіхалагічна падтрымліваць. Месяцамі не бываў дома. 

— На заслужаны адпачынак пайшлі з пасады намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, але працу не спынілі, і пятнаццаць гадоў студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта слухаюць лекцыі прафесара Ралевіча. Вам ёсць што распавядаць, і не толькі студэнтам?

— Вучу карыстанню радыеэлектроннымі прыборамі, вырабленымі беларускімі вучонымі. У дзяржаўнай навуковай праграме асобны раздзел прысвечаны распрацоўцы такіх апаратаў, якія прызнаны лепшымі ў свеце. Гама-радыяметры ў нас закупляюць японцы.  Нашымі прыборамі максімальна дакладна вымяраецца ўзровень радыяцыі ў прадуктах харчавання, паветры, вадзе.

— Што вас больш за ўсё хвалюе як вучонага-медыка?

— Тое, што радыеактыўнасць мае асаблівасць назапашвання.  Трывогу выклікае небяспека распаўсюджвання радыенуклідаў праз воднае асяроддзе. У арганізм чалавека ці жывёлы радыенукліды паступаюць праз лёгкія, страўнікава-кішэчны тракт і скуру. У першыя дні пасля аварыі актуальнымі былі ўсе тры спосабы паступлення, а зараз пераважае пранікненне радыенуклідаў праз страўнік. Таму вельмі важна ажыццяўляць пастаянны кантроль за прадуктамі харчавання.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter