Гродна рыхтуецца да Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур

Алея зорак, свечкi Мiру

На мове культуры Гродна здольна размаўляць з усім светам
ГРОДНА рыхтуецца да фіналу Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. XI форум, які аб’ядноўвае ўсю шматнацыянальную палітру нашай краіны і па фармаце не мае аналагаў у свеце, сёлета ўпершыню пройдзе пад патранатам ЮНЕСКА. Як рыхтуецца рэгіён да адметнага свята, што пройде 3—4 чэрвеня? Аб гэтым гутарка карэспандэнта “СГ” з выконваючым абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандрам ВЯРСОЦКІМ.

— Аляксандр Людвігавіч, фестывалю, які трывала прыжыўся ў Гродне, ужо шмат гадоў. З чаго ён пачынаўся і да якога ўзроўню дарос?

— У першым фестывалі, які адбыўся ў 1996 годзе, удзельнічала 11 нацыянальна-культурных аб’яднанняў, зараз іх 36. У разы вырасла не толькі колькасць удзельнікаў, але і ўражанняў. Відавочна, што фестываль значна прырос за гэты час каларытам нацыянальных традыцый. А той факт, што ЮНЕСКА ўзяла наша свята пад свой патранат, несумненна, прызнанне яго адметнасці, выключнасці і ўвогуле значнасці ідэі для сусветнай супольнасці. Асабліва важна, што ў святле апошніх сусветных падзей актуальнай становіцца тэма мірнага суіснавання народаў, якую нясе наш рэспубліканскі форум.

Усе адборачныя туры, што стартавалі ў раёнах, ужо прайшлі, усяго ўдзел у іх прынялі 2,5 тысячы чалавек. Канчатковая колькасць удзельнікаў – 800. Яны і прадставяць 36 нацыянальнасцей, чатыры з якіх, дарэчы, у гэтым фестывалі новыя.

— Пра гродзенскі фестываль кажуць, што ён нефармальны, вельмі шчыры. Як кожны раз атрымліваецца ствараць такую атмасферу?

— Мяркую, што такі настрой стварае сама ідэя шчырага яднання людзей, для якіх краіна наша – гэта адзіны дом, дзе на самай справе ўсім хапае месца. А новыя эпізоды чарговых фестываляў заўсёды даступныя для агульнага ўспрымання і блізкія сэрцу кожнага, хто прыходзіць на гэтае свята. 

— Чым адметны будзе сёлетні фестываль?

— Самай яскравай з’явай першага дня стане шэсце прадстаўнікоў нацыянальных культур. У гэтым годзе яно будзе незвычайным: тэатралізаваным, як карнавал, з танцамі і пастаноўкамі. На спецыяльных платформах, напрыклад, музыка будзе прадстаўлена карэйскімі барабанамі, танец – класічным рускім балетам, тэатральнае мастацтва – кітайскай тэхнікай кіравання галавой дракона. Тэма гэтага шэсця вызначана так: “Мовай культуры размаўляем са светам”.

Спартыўная тэматыка заўсёды прысутнічала на фестывалі, але чамусьці арганізатары не засяроджвалі ўвагу менавіта на нацыянальных спартыўных гульнях. Дык вось на гэты раз гасцей запросяць на такія спартыўныя забавы, як лапта, гарадкі, маджонг і іншыя. Абяцае быць цікавай і выстава посуду, у якім гатуюць нацыянальныя стравы. У другі дзень падворкі будуць аформлены па тэме: «Дом, у якім мы жывём». Госці змогуць пазнаёміцца з побытам розных нацыянальнасцей, зазірнуўшы ў чум, мазанку, саклю або беларускую хатку, якія будуць абстаўлены ў сваіх традыцыйных стылях. Гэта дапоўніць асноўную тэму ХI фестывалю: кожная нацыянальнасць сімвалічна пабудуе свой дом на тэрыторыі Беларусі.

Разглядаецца і магчымасць такога эпізоду, як запальванне свечак Міру. Ёсць ідэя падзяліць у першы дзень фестывалю пірог са свечкамі паміж прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцей, затым гэтыя агеньчыкі разыдуцца па падворках. А на другі дзень запаленыя свечкі, магчыма, працягнуць сваё вандраванне ўжо па вадзе.

— Па традыцыі кожны фестываль штосьці адметнае пакідае для Гродна. Што мяркуецца на гэты раз?

— Да свята прымеркавана адкрыццё Парку высокіх тэхналогій. Гродна стане першым з абласных цэнтраў, дзе з’явіцца такая ўстанова. Падзея, згадзіцеся, вельмі значная. Разглядаецца і магчымасць закласці ў гэтым годзе непасрэдна фестывальны аб’ект, які затым можна будзе дапаўняць. Размова ідзе пра стварэнне памятнай “этнааранжарэі”, накшталт «алеі зорак». Прапануецца кожны фестываль адкрываць адну кветку, як сімвал гэтага свята яднання. Упершыню выдадзім альбом, рабочая назва якога “Гартаючы старонкі гісторыі фестывалю нацыянальных культур”.

— Падрыхтоўка да такой адказнай падзеі ўжо распачалася?

— Рыхтуемся грунтоўна. Ужо прыводзім у парадак тыя будынкі, дзе будуць непасрэдна праходзіць заключныя мерапрыемствы, і ўвогуле да чэрвеня Гродна набудзе яшчэ больш прывабны выгляд. Традыцыйна да сустрэчы свята — візітоўкі Гродна, прыцягнуты ўвесь горад. Фестываль адметны тым, што значная колькасць выдаткаў менавіта спонсарскія сродкі. Частку выдаткуюць таксама Міністэрства культуры, апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты. А галоўнае на нашым свяце, як мы ўжо зазначылі, гэта настрой, які непасрэдна залежыць ад кожнага гродзенца і госця. 

— Хто афіцыйна будзе запрошаны на свята?

— Запрашэнні атрымаюць гарады-пабрацімы Гродна, тыя адміністратыўна-тэрытарыяльныя адзінкі, з якімі афіцыйна заключаны дамовы аб супрацоўніцтве. Мы дашлём іх таксама ў кожную амбасаду, нацыянальнасць якой будзе прадстаўлена на фестывалі. Будуць прадстаўнікі ад ЮНЕСКА і іншых арганізацый. І амаль кожная гродзенская сям’я звычайна запрашае на гэтае свята сваіх гасцей, таму наш фестываль заўсёды  шматлюдны. 

— Аляксандр Людвігавіч, заканамерна, што менавіта Гродна абраны   месцам   правядзення такога свята, таму што рэгіён — самы невялікі  па тэрыторыі сярод   абласцей,   здаўна    характарызуецца найбагацейшай нацыянальнай палітрай.   Дарэчы, колькі нацыянальнасцей налічваецца ў рэгіёне зараз?

— Мяркую, што па вялікім рахунку гэты фестываль прыжыўся б у любым кутку нашай гасціннай, шматнацыянальнай Беларусі. Гродзенцы першымі падхапілі арыгінальную ідэю. Ды і каму, як не нам, праводзіць такое свята? Гродна знаходзіцца на скрыжаванні меж, у вобласці пражываюць прадстаўнікі 91 нацыянальнасці, многія з іх стварылі свае нацыянальна-культурныя аб’яднанні, каб захаваць і перадаць нашчадкам традыцыі продкаў. Так склалася гістарычна, што народнасці, якія засяляюць наш край, павінны былі аб’ядноўвацца, каб быць моцнымі перад шматлікімі захопнікамі-ворагамі. Відаць, у такім адзінстве і ёсць наша сіла і адметнасць. А фестываль сапраўды спрыяе захаванню нацыянальнай самабытнасці, разам з тым узаемаразуменню і ўзаемнаму ўзбагачэнню культуры, на мове якой мы здольныя размаўляць з усім светам.

Гутарыла Алена СЯМЁНАВА

semenova_gr@mail.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter