Алесь БАДАК: «Можна даць зялёнае святло рукапісу кума-графамана, але як тады прадаць такую кнігу»

Ці ведае беларускі чытач сучасную айчынную літаратуру?
ЯШЧЭ адным повадам для сусветнай супольнасці ўважліва паглядзець у бок нашай краіны стала нядаўняе абвяшчэнне лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Не толькі спартыўныя і навуковыя дасягненні нам пад сілу. Але ці ведае беларускі чытач сучасную айчынную літаратуру? Наколькі мы сёння можам звацца чытаючай нацыяй? І ці не рызыкуюць нашы выдаўцы не пазнаць сярод сваіх аўтараў чарговую “зорку”? Пра гэта і многае іншае наша размова з дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, пісьменнікам, публіцыстам і літаратурным крытыкам Алесем БАДАКОМ.

— Аляксандр Мікалаевіч, кнігапрадаўцы кажуць, што чытачы за апошнія дні скупілі ўсе кнігі Святланы Алексіевіч. А наогул, ці добра набываюць сёння беларускіх аўтараў?

— Нягледзячы на стэрэатып, быццам інтэрнэт і тэлебачанне адабралі кнігі ў чалавека, на самой справе чытач сёння ёсць. Больш таго: чытаюць не толькі класіку і папулярных замежных аўтараў. Чытаюць і сучасную беларускую літаратуру. Цікавая проза, з улікам заказаў біблятэк, выходзіць тыражом паўтары-дзве тысячы экзэмпляраў. Вядома, наш кніжны рынак нельга параўнаць з тым жа расійскім, які не абмяжоўваецца тэрыторыяй Расіі. Але і там у сур’ёзнай прозы, калі не браць пад увагу вельмі раскручаныя, модныя імёны, не нашмат большыя, а то і такія ж тыражы. Добра разыходзіцца дзіцячая літаратура, хаця зноў удакладню: цікавая. На вялікі жаль, сёння не вельмі ахвотна ў цэлым набываюць паэзію. Але калі меркаваць па тым, як часта паэтаў запрашаюць бібліятэкі, навучальныя ўстановы, цікавасць да яе ёсць. Можа,  праблема яшчэ ў тым, што сучасныя паэты сярэдняга, маладзейшага пакаленняў не спяшаюцца займаць тое месца ў літаратуры — не толькі як творцы, але і як асобы, — якое займалі іх славутыя папярэднікі. Вось, скажам, адна з маіх самых любімых беларускіх паэтычных кніг “Свята пчалы” Рыгора Барадуліна. Гэта ў асноўным яго выбранае, але якое! Колькі там вершаў, што сталі класікай нашай паэзіі! А калі яна выйшла, Барадуліну было толькі сорак. У трыццаць пяць гадоў Яўгенія Янішчыц выдала цудоўнейшую кнігу лірыкі “Пара любові і жалю”, якую можна цытаваць бясконца. І Барадулін, і Янішчыц — гэта тады ўжо былі асобы! Вось гэтага хочацца пажадаць і іх сённяшнім аднагодкам.

— Нашы журналісты неяк рабілі апытанне сярод розных людзей наконт таго, каго яны чыталі апошнім часам з беларускіх аўтараў. Далёка не кожны мог адказаць...

— Я б не раіў рабіць з гэтага высновы. Калі чалавек заняты сваімі паўсядзённымі справамі і думкамі, не адразу можа пераключыцца і адказаць на пытанне пра літаратуру. І гэта тычыцца не толькі Беларусі. У лепшым выпадку назавуць творы пісьменнікаў, якія на слыху, раскручаных выдавецтвамі і СМІ аўтараў.

Да працы ў “Мастацкай літаратуры” я быў галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”. Мы прыдумалі акцыю “10 любімых твораў беларускай класікі ХХ стагоддзя”. Склалі анкету, раздрукавалі яе і разаслалі па бібліятэках. Праўда, на ўсялякі выпадак у ёй зрабілі невялічкую падказку: упісалі імёны “самых-самых”: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, насупраць якіх трэба было ўпісаць свае любімыя творы гэтых аўтараў. Ну а не падабаецца вам творчасць кагосьці з іх — калі ласка, можна пакінуць пустое поле. А ўнізе прапаноўвалася назваць любімыя творы іншых беларускіх пісьменнікаў — на свой густ. У выніку рэспандэнты назвалі творы больш чым сарака пісьменнікаў. Значыць, беларускую літаратуру і ведаюць, і любяць.

— Падзяліцеся, калі ласка, па якіх крытэрыях выбіраеце кнігу для выдання.

— Крытэрый адзін, які існуе, бадай, з пачатку ўзнікнення мастацкай літаратуры, — якасць. Калі літаратура якасная, мы яе выдадзім. І нават калі не будзем упэўнены, што гэтая кніга прынясе прыбытак, бо, скажам, гэта пакуль невядомы аўтар. І наша задача — дапамагчы яму набыць вядомасць. Але нават калі ён стане прызнаным аўтарам, ён таксама можа не прыносіць прыбытку. Бо высокамастацкая літаратура далёка не заўсёды выгадная ў камерцыйным плане. Прыклад — Міхась Стральцоў. Цудоўны празаік, паэт, крытык — несумненны класік беларускай літаратуры. Але яго творчасць — найперш для літаратурных гурманаў, прынамсі, не для тых, хто якасць твора вызначае колькасцю сцэн гвалту ці закручанасцю сюжэта. Гурманаў увогуле не бывае шмат. Аднак менавіта яны больш за ўсё спрыяюць развіццю культуры і мастацтва. І калі з’явіцца сярод моладзі аўтар узроўню Міхася Стральцова, вядома ж, мы яго падтрымаем.

— Але ж можа быць і такое: камерцыйны аўтар піша высокамастацкія творы...

— Безумоўна. У нас такімі былі і Уладзімір Караткевіч, і Васіль Быкаў, і Іван Шамякін. І спіс можна працягваць. Сёння, напрыклад, попыт на кнігі Святланы Алексіевіч. У шмат разоў больш, чым быў да таго, як яна атрымала Нобелеўскую прэмію. Значыць, камерцыйны поспех часта залежыць не толькі ад уласнага тэксту. Але тым, хто дзеля камерцыйнага поспеху ўласных твораў гатовы на ўсё, не варта забываць: мода — паненка вельмі капрызная. Сёння пісьменнік модны, раскручаны, а праз гадоў дзесяць пра яго ўжо забываюць. Памятаеце, як яшчэ зусім нядаўна адным з самых модных на нашым кніжным рынку лічыўся Дэн Браўн? І што сёння?.. І хіба ён стаў горш пісаць?

— Дык вы не адмаўляецеся ад дэтэктыва, фантастыкі ці любоўнага рамана толькі таму, што гэта так званы нізкі жанр?

— Насупраць: я перакананы, што нізкіх жанраў у літаратуры не бывае. Усе жанры цікавыя, і ў кожным можна выбраць імёны пісьменнікаў, творы якіх аказалі вялікі ўплыў на развіццё літаратуры ўвогуле, а не толькі на канкрэтны жанр.

Справа тут у іншым. Вельмі часта сёння, калі на сусветным кніжным рынку існуе шмат выдавецтваў, якія імкнуцца ў першую чаргу зарабіць грошы, з’яўляецца вялізная колькасць кніг-аднадзёнак, кніг для аднаразовага чытання. Вось зайшла жанчына ў кнігарню, узяла ў рукі кнігу невядомага ёй аўтара, разгарнула на першай стронцы, а там апісваецца, як багатая дама хоча скончыць жыццё самагубствам. Зразумела, тут спрацоўвае адвечная чалавечая цікавасць: чаму? Што здарылася? Чытачка купляе кнігу і на дваццатай старонцы даведваецца, што галоўнай гераіні здрадзіў муж. І чым жа ўсё скончыцца, думае чытачка, суперажывае галоўнай гераіні, уяўляе сябе на яе месцы. Пры гэтым яна паралельна можа ў думках лаяць аўтара за тое, што так у жыцці не бывае, але абавязкова дачытае кнігу да канца і — больш ніколі да яе не вернецца, паколькі цяпер яна ведае, чым усё скончылася, таму перачытваць не цікава. А выдаўцу, у прынцыпе, і трэба, каб яна не перачытвала, а праз дзень ці месяц пайшла ў кнігарню і купіла іншую кнігу — такога ж кшталту. Але высокая літаратура — гэта якраз тая, якую хочацца перачытваць. І прачытаўшы фразу “Усе шчаслівыя сем’і падобныя адна да адной, кожная нешчаслівая сям’я нешчаслівая па-свойму”, хочацца не хутчэй прагарнуць старонку, каб даведацца, што будзе далей, а спыніцца і задумацца пра нешта сваё, і потым вяртацца да гэтай фразы, кожны раз знаходзіць у ёй нейкія новыя адценні.

— Што ў такім выпадку прыносіць выдавецтву грошы, і, можа, вы ўжо адкрылі новае імя?

— Я не люблю азначэнне “камерцыйны” ў дачыненні да беларускай літаратуры. Бо мы не можам параўноўваць беларускія тыражы, як я ўжо казаў, з той жа Расіяй, дзе на камерцыйнай літаратуры сапраўды робяць добрыя грошы.

Найбольшыя тыражы сёння — у твораў дзіцячай літаратуры. І ад гэтага радасна, бо значыць, што нашы дзеці чытаюць. Бо той, хто чытае ў дзяцінстве, будзе чытаць і калі вырасце, а таксама будзе развіваць цікавасць да кнігі і ў сваіх дзяцей.

Больш за тое: чытаюць актыўна і падлеткавую літаратуру. Кожны год мы выдаём некалькі дзясяткаў кніжак для дзяцей і падлеткаў. Я нават магу сказаць, што сёння попыт на падлеткавую літаратуру апярэджвае прапанову. Бо, на жаль, у нас не так шмат сучасных беларускіх пісьменнікаў, якія цікава пішуць пра гэты ўзрост і для яго. Хаця, калі ўзяць нашу літаратуру мінулага стагоддзя, і ў той час для падлеткаў пісалі мала — складаны жанр. Для дзяцей пісаць цяжка, а для падлеткаў яшчэ цяжэй. Маленькія радуюцца кожнаму новаму цікаваму павароту ў сюжэце, казачнасці. Можна напісаць пра фею — і будзе цікава. Падлеткаў на гэтае не возьмеш. Ім трэба паверыць у тое, што ты пішаш. А для гэтага ты павінен добра ведаць іх жыццё, іх унутраны свет.

Што тычыцца новых імёнаў, сярод беларускай моладзі ёсць таленавітыя аўтары. Гэта і паэты, і празаікі. І мы іх падтрымліваем. Узяць хаця б зборнік, які выпусцілі да Дня беларускага пісьменства “Мой дзень пачынаецца”. Яго складальнік Віктар Шніп прадставіў нашу маладую літаратуру ў ім досыць годна. Кніга выйшла пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі і трапіла ў многія бібліятэкі краіны. Калі мы яе задумвалі, разумелі, што сам па сабе гэты праект не можа быць камерцыйным.

— Ці прыходзяць у выдавецтва так званыя самадзейныя аўтары? Друкуеце іх?

— Прыходзяць. З развіццём інтэрнэту ў выдавецтвы трапляе вельмі шмат твораў ад незнаёмых аўтараў. Раней, напісаўшы твор, трэба было, можа, прыехаць у Мінск з далёкай глыбінкі, знайсці выдавецтва, паказаць рукапіс, пачакаць, пакуль яго прачытаюць, зноў прыехаць для размовы. Сёння ўсё проста: кінуў па электроннай пошце — і ўся справа. Не тое што з глыбінкі — з другога канца свету. Часам бачыш, што аўтар копіі разаслаў яшчэ па дзесяці выдавецтвах — не пашкодзіць, маўляў. Канешне, да такіх аўтараў пачынаеш ставіцца насцярожана. І часцей за ўсё такія творы яшчэ не гатовыя да выдання. Мы даем парады, прапануем перапрацаваць. Некаторыя прыслухоўваюцца, а другія знікаюць, каб неўзабаве з гэтым жа рукапісам пастукацца ў дзверы іншага выдавецтва. Многія творцы, у тым ліку маладыя, вельмі раніма ўспрымаюць любую крытыку. Але ўсе рукапісы, якія прыходзяць, мы абавязкова прачытваем.

Знаходзім аўтараў і ў перыядычных выданнях: часопісах “Полымя”, Нёман”, “Маладосць”. Аднак справа ў тым, што такіх аўтарскіх адкрыццяў не можа быць шмат. Адзін новы годны аўтар у год — гэта поспех, нават калі паглядзець на беларускую літаратуру XX стагоддзя, пачынаючы ад Купалы, Коласа і Багдановіча і заканчваючы тымі, хто сур’ёзна заявіў пра сабе ў канцы стагоддзя. На першы погляд, назбіраецца шмат імёнаў, але калі іх падзяліць на сто гадоў, дык атрымаецца, што не так іх і шмат было.

— А сват, брат — гэта працуе? Міжасобавыя моманты, непрыемны характар пісьменніка — ці можа ўсё гэта паўплываць, станоўча ці адмоўна, на выданне кнігі?

— Кажуць, даволі складаны характар быў у Караткевіча, асабліва, калі гэта тычылася рэдактарскіх правак у яго творах. Але калі ён прыносіў у выдавецтва свой новы рукапіс, гэта быў для ўсіх супрацоўнікаў шчаслівы дзень. Можна, вядома, даць зялёнае святло рукапісу свата ці кума-графамана, але сёння трэба не толькі выдаць, але і прадаць кнігу, каб разлічыцца з друкарняй, каб выдавецкі калектыў мог атрымаць зарплату. Таму міжасабовыя моманты павінны вырашацца на вуліцы, а не ў кабінеце.

— Не сакрэт, ёсць катэгорыя аўтараў, якія кажуць: “У Расіі нас выдаюць, нам плацяць вялікія ганарары, а ў Беларусі мы нікому не патрэбны”. Той, хто сочыць за літаратурным жыццём краіны, ведае такую тэндэнцыю.

— Гэта зноў, хутчэй за ўсё, размова пра камерцыйную і некамерцыйную літаратуру. Дарэчы, у Расіі таксама існуюць выдавецтвы як камерцыйныя, так і тыя, што выдаюць сур’ёзную літаратуру. Я ведаю некаторых нашых беларускіх пісьменнікаў, якія актыўна друкуюцца ў Расіі. Але яны не друкуюцца, напрыклад, у “Художественной литературе” ці іншых аўтарытэтных выдавецтвах з шматгадовай гісторыяй, дзе творы сучасных аўтараў кладуць на адну шалю, а на другой — творы Талстога, Чэхава, Буніна, Шукшына, Астаф’ева. Часцей за ўсё ім робяць заказы камерцыйныя выдавецтвы, дзе на другой шалі — Марыніна, Акунін. А гэта літаратура крыху іншага кшталту. З другога боку, у нас, сапраўды, ёсць выдавецтвы, якія пазіцыяніруюць сябе як камерцыйныя, якіх, па ідэі, павінна цікавіць менавіта такая літаратура. Але я не спецыяліст у гэтым пытанні і не ведаю, чаму ў іх не складваюцца адносіны: можа, аўтараў не задавальняюць ганарары, можа, яны прапануюць толькі тое, што ўжо не раз перавыдавалася і не будзе мець вялікага камерцыйнага поспеху, можа, яшчэ што…

— Аляксандр Мікалаевіч, дык як, на ваш погляд, вызначыць сапраўдную літаратуру?

— Крыху паўтаруся: сапраўдная літаратура — гэта літаратура, якую хочацца не толькі чытаць, але і перачытваць. І кожны раз знаходзіць у ёй нешта новае для сябе. Бо яна шматпланавая, шматступеньчатая. Сёння ты звярнуў увагу на сюжэт, заўтра — на характары герояў. Пісьменнік шмат закладвае ў свой твор важнага, што з першага разу можна не заўважыць.

У мяне ёсць некалькі любімых аўтараў, творы якіх я перачытваю. Напрыклад Бунін. Перачытваеш яго пяты, шосты раз, і зноў адкрываеш для сябе новыя грані. І не толькі таму, што раней іх не заўважаў. Проста дваццаць ці трыццаць гадоў таму быў іншым, глядзеў на ўсё іншымі вачыма. Пройдзе яшчэ дзесяць гадоў, і, я ўпэўнены, мае любімые творы адкрыюцца для мяне і з іншых бакоў. І ў гэтым сапраўдны талент пісьменніка.

Калі казаць пра задавальненне ад літаратуры, я люблю нават не перачытваць, а, ведаючы добра сюжэт, стыль пісьменніка, прыйсці дадому, зняць кнігу з паліцы, разгарнуць на любой старонцы і проста прачытаць некалькі старонак, атрымліваючы асалоду ад мовы аўтара, ад таго, што мы з ім аднолькава глядзім на гэты свет. Гэта могуць быць Караткевіч, Быкаў, Дастаеўскі, Талстой... Калі казаць пра новую еўрапейскую літаратуру, вельмі люблю Міларада Павіча, Джуліана Барнса. Само па сабе чытанне знаёмага твора — вельмі прыемны занятак.

— Вялікі дзякуй за размову!

bolshakova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter