Алена ЦЯЛЬКОВА, заслужаная артыстка Беларусі: «Здзіўляць, хваляваць, каб сэрца білася часцей»

ЗА 45 ГАДОЎ існавання фальклорны гурт Белдзяржфілармоніі «Купалінка» не раз здзіўляў усё новымі пераўтварэннямі — і ў стылёвай палітры, і ў сваім складзе. Нязменным засталося адно: выканаўчае майстэрства. Яно, быццам бы дыямент, з цягам часу ззяе новымі і новымі гранямі. У выніку — калектыў Беларускай дзяржаўнай філармоніі запатрабаваны і ў краіне, і ў замежжы.

Кампакт-дыск «Купалінкі» — «Баль зямлі беларускай» — набываюць меламаны ў Канадзе, ЗША, Японіі, французская публіка наогул узята фальклорным гуртам у палон.

ЗА 45 ГАДОЎ існавання фальклорны гурт Белдзяржфілармоніі «Купалінка» не раз здзіўляў усё новымі пераўтварэннямі — і ў стылёвай палітры, і ў сваім складзе. Нязменным засталося адно: выканаўчае майстэрства. Яно, быццам бы дыямент, з цягам часу ззяе новымі і новымі гранямі. У выніку — калектыў Беларускай дзяржаўнай філармоніі запатрабаваны і ў краіне, і ў замежжы.

Станаўленне

Дарэчы,  творчая біяграфія «Купалінкі» пачалася з народнай песні «Ой, рана на Івана». Адсюль пайшла і назва ўнікальнага жаночага вакальнага квартэта. Яго стваральнікам і духоўным бацькам быў заснавальнік і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага народнага хору БССР народны артыст Савецкага Саюза Генадзь Іванавіч Цітовіч.

— Праз год чатыры спявачкі — Валянціна Марозава, Валянціна Прыдачына, Надзея Баканава, Алена Цялькова — сталі лаўрэатамі Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў, — успамінае сённяшні мастацкі кіраўнік «Купалінкі» заслужаная артыстка Беларусі Алена Цялькова. — Квартэт выступіў на Днях культуры Беларусі ў Маскве, на сусветнай выстаўцы ў Манрэалі «Экспа-76». У1968-м атрымалі залаты медаль міжнароднага конкурсу на Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сафіі… Часта запрашала на канцэрты Масква. Там мы спявалі побач з такімі майстрамі, як Іосіф Жыновіч, Тамара Ніжнікава, Аркадзь Саўчанка, Тамара Сіняўская, Зураб Саткілава, Муслім Магамаеў.

Незабыўнымі сталі для Алены Цяльковай гастролі ў Францыі ў 1972 годзе. «Купалінка» прадстаўляла нацыянальнае песеннае мастацтва ў гала-канцэрце, прысвечаным пяцідзесяцігоддзю СССР. Дзея ладзілася ў Парыжы, у зале «Бальярд», і працягвалася аж тры месяцы! Кожная з рэспублік прадстаўляла сваё мастацтва. А вялікую праграму адкрывала беларуская «Купалінка» народнай песняй «Ой, рана на Івана» — і «задавала танальнасць усяму канцэрту». Менавіта так гучалі словы знакамітага савецкага рэжысёра Вялікага тэатра, рэжысёра гала-канцэрта ў Парыжы народнага артыста СССР Іосіфа Туманава. Ён лічыў, што толькі «Купалінка» можа годна прадставіць нацыянальнае мастацтва Беларусі ў такім прэстыжным праекце.

Алена Сяргееўна і дагэтуль захоўвае буклет з парыжскага гала-канцэрта, дзе змяшчаюцца аўтографы ўдзельнікаў свята. І, зразумела, асобная старонка — падзяка ад Туманава. «Милая Лена! С чувством большой благодарности я буду вспоминать ваше мужество, с которым вы так достойно начинали наши концерты в Париже. Ваше искусство давало тональность всему концерту. Спасибо вам.»

За гады плённай працы «Купалінка» набыла адмысловыя прафесійныя навыкі, стала прызнаным майстрам вакальнай культуры. Былі запісы на радыё, пласцінкі з песнямі гурту (выпусціла ўсесаюзная фірма грамзапісу «Мелодыя»), фільм-канцэрт і, вядома ж, бясконцыя гастролі ў краіне і далёка за яе межамі.

Аднаўленне

Новым паваротам лёсу для калектыву стаў 1986 год. Заслужаная артыстка Беларусі Алена Цялькова прынцыпова змяніла аблічча «Купалінкі». Гэта быў пошук адметнай сцэнічнай формы, рух да мастацкага ўдасканалення і паглыблення ў сутнасць народнай традыцыі. З акапэльных спеваў вялікую канцэртную праграму не зробіш. Тады ў гурт прыйшлі музыкі-ўніверсалы. Спевы, музычнае суправаджэнне, танцавальная лексіка — усё сплятаецца ў адзіную маляўнічую сюіту народнага свята. Гэтым, бадай, і адрозніваецца «Купалінка» ад іншых калектываў-паплечнікаў. Драматургія нумара — візітная картка гурту. Кожная песня — міні-спектакль.

— Вельмі цяжка было знайсці самародкаў, якія б спалучалі ў сваёй асобе таленты музыкаў, спевакоў, акцёраў, — зазначае Алена Цялькова. — Прызнаюся, утрымліваць стабільны творчы калектыў таксама няпроста. На сцэне трэба, каб артысты былі адзіным цэлым. Сённяшняя «Купалінка» — гэта Вольга Саламянюк, Дзяніс Шыпуль, Уладзімір Сцепанкоў, Яўгенія Каральчук, Надзея Гумянюк, Людміла Ярох, Юрый Байцоў, Вікторыя Лапо, Кіра Грышчанка, Генадзь Цялькоў. Нам хочацца здзіўляць, хваляваць сваім мастацтвам, каб сэрца білася часцей…

«Купалінка» ўвесь час знаходзіцца ў творчым пошуку. У гэтым годзе гурт прадставіў духоўную праграму «Неацэнны дар жыцця». Яна прынцыпова адрозніваецца ад папярэдніх сваёю музычнаю моваю, рэпертуарам, акадэмічнай формай выканання, высокім узроўнем вакальнай культуры. Гэта народныя, рускія, праваслаўныя песнапенні, старадаўнія канты, тэксты на фоне інструментальных аранжыровак з «Полацкага сшытка».

Калектыў Беларускай дзяржаўнай філармоніі запатрабаваны і ў краіне, і ў замежжы. Нацыянальнае мастацтва калектыў бліскуча прадстаўляе ў краінах Еўропы, Паўночнай Амерыцы, а таксама Індыі, Японіі, Сірыі, Карэі. Дарэчы, на фестывалі ў Карэі, куды з’ехаліся пасланцы з 54 краін, «Купалінка» стала лаўрэатам. Там гурт пачулі прадстаўнікі французскай фірмы «АКВ» і прапанавалі даслаць запісы калектыву… Так у «Купалінкі» з’явіўся першы кампакт-дыск «Баль зямлі беларускай». Сёння яго набываюць меламаны ў Канадзе, ЗША, Японіі, Аўстраліі. А сяброўства з французамі працягваецца. Беларускі фальклорны гурт быццам бы ўзяў у музычны палон французскую публіку: на працягу пятнаццаці (!) гадоў яго запрашаюць на гастрольныя туры ў гэтую цудоўную краіну.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter