Ведущая «Веды ў кубе» Елена Траценко — о любви к профессии, родному языку, культуре и истории

Алена Трацэнка: «Нават я разам з гледачамі вучуся мове на гэтым праекце»

Вядучая праграмы тэлеканала «Беларусь 3» — пра шлях у прафесію, тэлевізійнае майстэрства і новую гульню «Веды ў кубе»

Рэдактар аддзела падрыхтоўкі тэлевізійных праграм тэлерадыёкампаніі «Гомель», вядучая праграмы «Добры вечар, Гомель!» і сацыяльнага праекта «Я шукаю маму», уладальніца прэміі «Тэлевяршыня» Алена Трацэнка ў прафесіі 30 год. Яе праект «Размаўляем па-беларуску» прынёс шырокую вядомасць не толькі ў горадзе над Сожам. Калі праграма стала выходзіць у эфіры тэлеканала «Беларусь 3», разам з Аленай таямніцы роднай мовы адкрывалі для сябе беларусы ў розных рэгіёнах. Як тэлевядучай удалося набыць дасканалыя веды і над якім новым праектам яна працуе сёння?


— Алена, хто паспрыяў вашай любові да роднага слова?

— Мая сям'я. Нарадзілася ў Гомелі. У дзяцінстве бавіла шмат часу ў пасёлку Чаплін Гомельскага раёна. Цікава, што ўдзел у яго заснаванні некалі прымаў мой прадзед Емельян. Дарэчы, ён нарадзіўся ў адзін год з Янкам Купалам і Якубам Коласам і быў вельмі адукаваным чалавекам. Выгадаваў 11 дзяцей і вельмі хацеў, каб усе яны вучыліся. І амаль ім усім гэта ўдалося. І цяпер, калі прыязджаю ў мястэчка, адпачываю душой. Гэта месца маёй сілы. Там жыла мая бабуля, усе яе родныя сёстры. Дзякуючы ім я спасцігла, што такое «безумоўная любоў» і «роднае слова».

— Веданне мовы з маленства дапамагло вам у школе быць выдатніцай?

— Так, я заўсёды была першай у ведах. Настаўніца беларускай мовы Лідзія міроненка заўважыла, што ведаю больш значэнняў беларускіх слоў, чым астатнія дзеці ў класе. Аднойчы, калі аналізавалі твор пісьменніка, настаўніца спытала: «Што такое ночвы?» Ніхто з класа не адказаў. А мне было дзіўна, як можна не ведаць, што гэта металічнае карыта, у якім можна мыцца або праць бялізну. Тады ўцяміла: мой досвед з дзяцінства неацэнны.

— Пасля таго як атрымалі атэстат «з адзнакай», адразу накіраваліся на кастынг тэлевядучых?

— Не, спачатку была вучоба на дашкольным аддзяленні Гомельскага педагагічнага вучылішча (зараз — Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Выгоцкага). Яго скончыла з чырвоным дыпломам. Працавала ў дзіцячым садку выхавацелем. Потым паступіла завочна ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Калі стала дыпламаваным філолагам, выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, пайшла працаваць у школу. Дзякаваць богу, мне трапіліся цудоўныя дзеці і іх бацькі. І сёння памятаю імёны ўсіх сваіх вучняў.

— Чаму, калі праца ў школе задавальняла, пачалі шукаць новую прафесію?

— Вельмі хацела стаць тэлевядучай. Як толькі пачула пра конкурс дыктараў, адразу сказала сабе: «Гэта мой шанц!» Журы спадабаліся мае мова і дыкцыя, але я не прайшла. А калі тая дзяўчына, якую ўзялі на працу дыктарам, выйшла замуж і пайшла ў дэкрэт, аб'явілі наступны конкурс. Я зноў паспрабавала свае сілы. Тут удача была на маім баку, мяне ўзялі на паўстаўкі. Гэта было ў сярэдзіне 1990-х. У той час праца дыктара выглядала так: прыходзіла прыгожая дзяўчына, клала каленка на каленку і чытала аб'явы — якія кінафільмы ідуць у кінатэатрах, што новага на водаканале ці ў электрычных сетках. Потым з'явіўся інфармацыйны выпуск «Падзеі і людзі». З цягам часу ўсім дыктарам прапанавалі перавесціся ў рэдактары, а таксама пісаць тэксты, сцэнарыі. Тады з'явілася праграма «Спазаранку».


— А потым і сацыяльны праект «Я шукаю маму»…

— Так, гэта быў цікавы вопыт. Больш таго, творчая каманда праекта ўскладвала на сябе адказнасць за будучы лёс дзяцей-сірот. Тады нам удалося знайсці сям'ю для 20 хлопчыкаў і дзяўчынак. У 2008-м праект перамог у Нацыянальным тэлевізійным конкурсе «Тэлевяршыня» ў намінацыі «Лепшы рэгіянальны праект года». Гэта была першая ўзнагарода такога кшалту. Дарэчы, у 2021-м мы вырашылі гэты праект адрадзіць.

— Наступным вашым сацыяльным праектам стала праграма «Размаўляем па-беларуску». Вы шмат каму дапамаглі папоўніць лексічны запас, падштухнулі да чытання твораў беларускіх пісьменнікаў. Каму належала такая ідэя?

— Яшчэ ў 2010 годзе праект «Размаўляем па-беларуску» для абласнога эфіру прапанаваў наш тагачасны кіраўнік Віктар Котаў. Ён, рускі па нацыянальнасці, вельмі хацеў бачыць беларускамоўную праграму на тэлебачанні. Спачатку ў нас атрымалася пяціхвілінная праграма, потым рабілі невялічкія замалёўкі на вызначаную тэму: прынцып акання, дзеканне-цеканне і многае іншае. Мы тлумачылі незразумелыя паняцці, фразеалагічныя звароты, словы. Расказвалі аб значэннях слоў «пранік», «ёўня», «арэлі» і іншых. Суправаджалі ўсё гэта малюнкамі, здымкамі. Праект заўважылі на тэлеканале «Беларусь 3», які толькі-толькі тады з'явіўся. Нам было прапанавана стварыць цыкл праграм. Гэтыя пяціхвілінкі прайшлі ў эфір.

З цягам часу выраслі ў тэлевіктарыну «Вучымся размаўляць па-беларуску», потым «Размаўляем па-беларуску». Такіх сезонаў у нас было пяць. Потым з'явілася праграма «Сваімі словамі». Яна існуе і зараз. Напрыканцы мінулага года да юбілею канала «Беларусь 3» мы прапанавалі новую гульню — «Веды ў кубе», у якой удзельнікам акрамя ведання мовы патрэбна таксама арыентавацца ў гісторыі Беларусі і культуры роднага краю.

— «Веды ў кубе» чымсьці нагадваюць вядомы праект «Хто хоча стаць мільянерам»…

— Напэўна, падабенства толькі ў тым, што ў нас таксама прыцененая студыя. Ну яшчэ ў тым, што гулец — адзін на дзін з вядучым. У камандзе ўдзельнікаў — пяць чалавек. Кожнаму задаецца па тры пытанні адносна мовы, культуры, гісторыі. Тры чалавекі, якія хутка набіраюць найбольшую колькасць балаў, запрашаюцца ў фінал і сустракаюцца адзін на адзін з вядучай у студыі.

Пытанні, дарэчы, я рыхтую сама, пішу сцэнарыі. У мяне ёсць кансультанты, якія дапамагаюць шукаць інфармацыю і падказваюць цікавыя тэмы. Гэта пісьменнік, мовавед Святаслаў Крупенька, а таксама дэкан гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універстэта Станіслаў Чаропка. Так што мы заручыліся сур'ёзнай падтрымкай экспертаў.

— Што ў час працы над праектам для вас самой было адкрыццём?

— Наш праект — гэта пляцоўка для тых, хто не толькі добра арыентуецца ў ведах, але і толькі спрабуе спасцігаць мову, культуру, гісторыю. Мне часта гавораць: я б хацеў пагуляць у «Веды ў кубе», але саромеюся сваёй трасянкі, баюся, што не знайду беларускіх слоў. У такім выпадку адказваю: нават я разам з гледачамі вучуся на гэтым праекце. Не трэба пасыпаць галаву попелам, варта пачынаць спрабаваць свае сілы. Той, хто не памыляецца, не святкуе перамогу!

— Вобразы Алены Трацэнка ў тэлеэфіры і ў рэальным жыцці моцна адрозніваюцца?

— Мяркую, што не. Хіба па-за эфірам не нашу «прыгажэнных» прычосак, не маю дасканалага макіяжу. А так усё амаль тое самае, бо тэлебачанне — гэта не кіно, не тэатр, а хутчэй люстра чалавечай душы. Любая праграма выводзіць чалавека ў аб'ектыве тэлекамеры на чыстую ваду. Калі чалавек гаворыць шчыра, гэта адчуваецца адразу.

— Дзякую за інтэрв'ю.

Любімыя выслоўі Алены ТРАЦЭНКА

♦ Лепшае — вораг добрага

♦ Выпраўлялі быку рогі ды скруцілі шыю

♦ Які пашыўся, такі і падзярэцца

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter