Александрына

Здаецца, вось-вось вясна з’явіцца сярод гэтай чыстай натуральнай прыгажосці, каб разам з людзьмі зямлі нашай сустракаць светлыя хрысціянскія святы.

ПРЫГАЖУНЯЙ крочыць па зямлі беларускай чараўніца-вясна. Першымі кветкамі-краскамі ўсыпае пагоркі і лугі, белым вэлюмам ахінае сады, сакавітай зелянінай поўніць рунь на палях, святочнымі завушніцамі ўвешвае бярозавыя гаі, маладой лістотай упрыгожвае ніцыя вербы...

Здаецца, вось-вось вясна з’явіцца сярод гэтай чыстай натуральнай прыгажосці, каб разам з людзьмі зямлі нашай сустракаць светлыя хрысціянскія святы.

І невыпадкова ў народных строях, якія вякамі выспявалі, увабрана непаўторная прыгажосць зямлі беларускай з яе чыстымі азёрамі і паўнаводнымі рэкамі, гаючымі крыніцамі і густымі барамі і пушчамі, шчодрымі нівамі і квітнеючымі садамі. Вялікае шчасце для палескіх хлебаробаў Феадосіі Фамінічны і Ціхана Фёдаравіча Кахнюкоў не толькі бачыць у такім святочным строі сваю сталічную праўнучку Аляксандру Мароз, але і сустракаць яе ў родных Кончыцах, дзе ўвесь век жывуць яны. Па сямейнай традыцыі на Вялікдзень, а таксама ў сямейныя святы збіраюцца разам у спадчынным доме дзеці, унукі і праўнукі гэтай шчаслівай сям’і. Цудоўна, што ёсць каму працягваць слынны і працавіты палескі род.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter